Каля 10 гадоў назад навукоўцы зрабілі доўгатэрміновы прагноз змянення клімату ў нашай краіне ў кантэксце глабальнага пацяплення. У сваіх разліках спецыялісты не памыліліся: надвор’е сапраўды становіцца больш спякотным і сухім.
Змяненні адбываюцца досыць хутка: на сёння колькасць ападкаў, дынаміка прагрэву зямлі і іншых феналагічных працэсаў (у прыватнасці — час пачатку сезонаў года) у Мінску адпавядаюць паказчыкам Гомеля напрыканцы ХХ стагоддзя. Што ж тычыцца сярэднегадавой тэмпературы беларускага паветра, то за апошнія паўстагоддзя яна ўзрасла на 1,2°С, што насамрэч вельмі многа.
* * *
Сярод прынцыпова важных наступстваў пацяплення трэба нагадаць узнікненне новай зоны земляробства. Раней такіх зон было тры, зараз стала чатыры. Новая, умовы ў якой набліжаны да лесастэпу, займае Брэсцкую і частку Гомельскай вобласці. Лакальныя, хаця і больш відавочныя для звычайнага назіральніка выявы кліматычных зрухаў — стаўшая ўжо звыклай летняя забарона на наведванне лясоў, змяленне рэк, з’яўленне новых відаў раслін і жывёл.
Днямі наш чытач з Ясеня Сяргей Снігір паведаміў аб нашэсці на вёску двух відаў багамолаў — драпежных насякомых, звычайных для Паўднёвай Еўропы і раней зусім не характэрных для нашай краіны. Першы выпадак досыць шырокага з’яўлення шасціногіх “гасцей” адзначыўся ў 2010 годзе — тады іх бачылі ажно ў Наваполацку. Дакументальна пацверджна, што на Асіповіччыне багамолы ўпершыню былі заўважаны ў наваколлі чыгуначнай станцыі Верайцы ў 2011 годзе. Відавочна, колькасць прышэльцаў расце, яны займаюць усё больш шырокі арэал.
Нягледзячы на “іншапланетны” выгляд, гэтыя насякомыя для чалавека не ўяўляюць пагрозы і нават прыносяць карысць, бо знішчаюць вялікую колькасць насякомых-шкоднікаў. Хаця там, дзе звычайна водзяцца багамолы, спрыяльна сябе адчуваюць малапрыемныя для чалавека тарантулы, скарпіёны і нават смяротна-небяспечныя каракурты.
Пакуль сустрэч з прадстаўнікамі ядавітай “зборнай” на Асіповіччыне не адбывалася, аднак на поўдні Беларусі тарантулы асталяваліся яшчэ ў 2013 годзе.
Зразумела, мігрыруюць на поўнач не толькі насякомыя і членістаногія, тыповыя для ўкраінскага стэпу. Ужо бачылі шакалаў, якія водзяцца ў Сярэдняй Азіі, і зусім экзатычных птушак — сірыйскіх дзятлаў з Блізкага Усходу ды кольчатых горліц з Iберыйскай паўвыспы.
* * *
Кліматычныя змены ўплываюць і на традыцыйныя віды. Некаторыя з іх мігрыруюць на поўнач, але большасць імкнецца прыстасавацца да новых умоў існавання. Як правіла, гэта патрабуе пэўных змен у паво-дзінах: каб захаваць “месца пад сонцам”, трэба праяўляць ініцыятыву. 11 верасня літаральна ў цэнтры горада давялося назіраць сцэну, якая дае ўяўленне аб тым, наколькі дзіўным можа быць пошук шляху да выжывання ў “нестандартных” умовах.
…Вакол камля тоўстай бярозы лятала штук дваццаць вялікіх матылёў. Яны рухаліся, на першы погляд, хаатычна, аднак пасля нядоўгага назірання стала зразумелым, што матылі — чырвоныя адміралы — раз за разам спрабуюць сесці ў пэўным месцы, але нешта ім перашкаджае. Перашкода аказалася сур’ёзнай — ажно 4 шэршні. Восы-драпежнікі сядзелі на краі свежага скола бярозавай кары і смакталі салодкі сок, які дрэва восенню перапампоўвае ў карэнні. Восеньскі сок мае зусім невялікі напор, таму шэршні яго не смакталі, а, хутчэй, злізвалі. Матылі ж таксама былі галодныя, таму ўпарта спрабавалі прагнаць шэршняў.
Яны садзіліся побач брушкам да ежавых канкурэнтаў і рэзка раскрывалі свае чорныя крылы, на якіх успыхвалі ярка-чырвоныя палосы. У прыродзе чырвоны колер — стандартны сігнал небяспекі, аднак шэршні на яго не рэагавалі. Яны, як вядома, драпежнікі, аднак на іншых насякомых палююць, толькі калі расцяць лічынак. У іншы час гэта вегетарыянцы, аднак узброеныя джалам з вялікім запасам яду і абароненыя трывалай хіцінавай бранёй. На выпады сваіх субтыльных праціўнікаў восы-веліканы адказвалі досыць стрымана — пачыналі гучна гудзець крыламі і пагрозліва раскрываць свае моцныя сківіцы. Толькі калі матыль садзіўся надта блізка, адпіхвалі назолу галавой ды пярэднімі лапкамі. Матылі “кантактнай барацьбы” не вытрымлівалі і ўзляталі — каб у хуткім часе вярнуцца. Хаця некаторыя… лезлі ў бойку.
Атака двух матылёў адначасова збіла шэршня з усіх яго шасці ног. Раззлаваная аса ўзнялася ў паветра, на брыючым палёце нагнала страху на адміралаў і, калі тыя ўцяклі, вярнулася да таварышаў. Дакладней — сябровак. У верасні з гнёзд вылятаюць плодныя самкі, якія на наступны год створаць новыя сем’і шэршняў. Каб перазімаваць, ім трэба назапасіць многа спажыўных рэчываў. Тая ж задача стаіць і перад адміраламі. Раней гэтыя матылі масава адляталі на зімоўку на поўдзень, аднак з-за пацяплення інстынкт міграцыі спрацоўвае ўжо далёка не ва ўсіх асобін…
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.