РУП «Водаканал» Магілёўскай дыстанцыі водазабеспячэння і санітарна-тэхнічных прылад здабывае і пастаўляе жыццёва неабходную вадкасць на чыгуначныя прадпрыемствы і ў пабудовы. I не толькі мясцовыя, але і размешчаныя ў Салігорску, Слуцку, у Магілёўскім накірунку — да Войнічаў, у Бабруйскім — да Чырвонага Берага і Рабкора. На кожнай станцыі свайго ўчастка падтрымліваюць у належным стане калодзежы, падаюць ваду прамыслоўцам і жылому сектару. У райцэнтры, напрыклад, забяспечваюць ёю вуліцы Камуністычную, Iнтэрнацыянальную, Вакзальную.
Сеткі, якія знаходзяцца на абслугоўванні, адлічваюць не адно дзесяцігоддзе, але знаходзяцца ў даволі добрым стане і працягваюць функцыянаваць.
Працаўнікі «Водаканала» не адмаўляюцца: аказваюць паслугі насельніцтву і прадпрыемствам па ўладкаванні трубчатых калодзежаў і бурэнні свідравін, рамонце абсталявання і мантажы сістэмы водазабеспячэння, выконваюць іншыя работы. Начальнік Леанід Рэмень зазначае, што калі будынак сустракае цішынёй — гэта добры паказчык: значыць, людзі працуюць на аб’ектах. Нярэдка работнікі адпраўляюцца і ў камандзіроўкі ў суседнія вобласці, але гэта іх не засмучае: маюць магчымасць у чарговы раз задаволіць свае прафесійныя амбіцыі і заняцца любімай справай у новых умовах.
Доўгі час на чале калектыву стаяў Андрэй Фадзеевіч Андрушкевіч. Ён сфарміраваў згуртаваную каманду працаўнікоў, адданых рабоце і людзям, за што цяперашні кіраўнік удзячны папярэдніку. Натуральна, хваля аптымізацыі кранула і гэта прадпрыемства, скараціўшы калектыў амаль удвая, але працуюць тут па-ранейшаму сапраўдныя прафесіяналы. Напрыклад, слесары аварыйна-ўзнаўленчых работ Рыгор Задоля і Сяргей Коўрык, вадзіцель Віктар Маслакоў, а электрагазазваршчык Анатоль Хаткевіч выконвае шырокі спектр работ. Маладых работнікаў стараюцца заахвоціць павышэннем кваліфікацыі і навучаннем па сумежных спецыяльнасцях. Большасць працуючых, дарэчы, мае пяты — самы высокі — разрад.
Зараз тут праводзяцца прафілактычныя работы па прамыванні сетак, свідравін. Такая працэдура робіцца штогадова, цяпер — па-за графікам: каб вада стала чысцейшай. Дарэчы, яна адпавядае ўсім нормам, адзіны паказчык, які мае адхіленне — павышанае ўтрыманне жалеза.
Сваімі сіламі паступова робяць рамонт базы, мяняюць вокны. Словам, без справы не сядзяць. Бо прафесійнае крэда ранейшае: «Пад ляжачы камень вада не цячэ».
Кацярына IВАНОВА. Фота Ніны Царык.