5 сакавіка ў раённым Цэнтры культуры было мнагалюдна. Музыка, выстава вырабаў народных умельцаў, кветкі і прыязныя ўсмешкі прысвячаліся не толькі жанчынам — лепшыя працаўнікі Асіповіччыны адзначаліся на злёце пераможцаў раённага спаборніцтва за высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці.
Міністры эканомікі і па падатках і зборах краіны Уладзімір Зіноўскі і Сяргей Налівайка, якія прымалі ўдзел ва ўрачыстасці, адзначылі, што пладавітая асіповіцкая зямля багатая на прыстойных, сумленных і працавітых людзей. I яны мелі рацыю — абодва маюць мясцовыя карані.
Віншавалі ўдзельнікаў злёту дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Мікалай Калтуноў, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах краіны па Магілёўскай вобласці Iван Кажамяка, член прэзідыума абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Фяднёў і, канечне, старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч. Яны ўручалі заслужаныя ўзнагароды як за працу ў цэлым, так і за канкрэтныя напрамкі дзейнасці, віталі калектывы і асобных працаўнікоў, гаспадароў самых прыгожых сядзіб…
Урачысты сход наведала і кіраўніцтвараёнаў-суседзяў. Госці з Глускага, Кіраўскага, Бабруйскага, Старадарожскага, Пухавіцкага, Чэрвеньскага раёнаў і горада Бабруйска павіншавалі ўдзельнікаў свята з высокімі паказчыкамі ў працы і пажадалі новых поспехаў.
Дзеці і моладзь — не меншы гонар Асіповіччыны — падрыхтавалі святочную праграму, тым самым яшчэ раз пацвердзілі, што таленавітыя ў нас усе. Проста важна своечасова разглядзець здольнасці кожнага і дапамагчы ім раскрыцца.
Дзякуй за самаадданую працу, землякі!