Нярэдка кажуць, што сучасная моладзь нічога рабіць не хоча, нічым не цікавіцца. А вось 28-гадовы Уладзімір Кулакоў з гэтым катэгарычна не згодны! Намеснік начальніка службы сувязі філіяла «Асіповіцкае УМГ»
ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, член Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў, актыўны вандроўца, зацікаўлены вынаходнік і зацяты аптыміст — усё гэта менавіта пра Уладзіміра.
— Сам з пасёлка Сасновы, да 9 класа вучыўся ў Лапіцкай школе, потым — каледж сувязі, — расказвае малады чалавек. — Але на гэтым адукацыя не спынілася: у 2006 паступіў у Белдзяржуніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, які закончыў на выдатна. I адразу трапіў на працу ў Белтрансгаз. Пачынаў звычайным электраманцёрам, потым — інжынер, ну а наступнай была пасада намесніка начальніка. А ўжо калі прыйшоў працаваць, завочна працягнуў адукацыю і атрымаў ступень магістра тэхнічных навук у тым жа БДУIР. Акрамя таго, прымаў удзел у міжнародных канферэнцыях, звязаных з пытаннямі сувязі, — гэта таксама цэнны прафесійны вопыт.
Увогуле, лічу, што вельмі пашанцавала з месцам працы: заняты па спецыяльнасці, прысутнічаюць і прастора для развіцця, і стымул для самаадукацыі. Тым больш што пра апошняе забываць ніколі нельга ў любым узросце. А заадно і рацыяналізатарствам займаюся: за 6 гадоў працы на прадпрыемстве ўжо з дзясятак новых ідэй распрацаваў.
Дапамагае вынаходніцтву і развіццю ўяўлення чытанне фантастыкі. Як адзначае Уладзімір, шмат таго, пра што раней марылі пісьменнікі, мае права на жыццё. Той жа тэлефон таксама калісьці быў фантастыкай — а зараз? Таму малады чалавек упэўнены: калі прыкласці намаганні, можна ажыццявіць шмат фантастычных задумак.
Чым яшчэ займаецца Уладзімір? Акрамя роднай, ведае англійскую, а ў апошні час вывучае польскую мову. Плюс да гэтага — мовы праграмавання, якія патрэбны і ў яго прафесійнай дзейнасці, і проста для агульнага развіцця. А для трэніроўкі памяці завучвае вершы класікаў.
Безумоўна, не стаіць убаку і спорт: асабліва прывабліваюць Уладзіміра валейбол і плаванне. Дарэчы, у спаборніцтвах па апошнім ён рэгулярна прымае ўдзел і займае прызавыя месцы. Трэніроўкі ў басейне — абавязкова. А зімой з задавальненнем становіцца на канькі.
Добры спосаб правесці вольны час для Уладзіміра — падарожжы як па роднай краіне, так і за мяжой. Прычым у асноўным гэта самастойныя паездкі, без дапамогі турфірм. Такім чынам і паглядзець можна больш, і новых сяброў знайсці.
— Параіў бы многім маладым людзям адразу паездзіць па роднай краіне, даведацца пра родную культуру і суайчыннікаў, — адзначае малады чалавек. — Крыўдна часам бывае, калі кажуць, што за мяжой у разы лепш: у нас жа столькі ўсяго цікавага і прывабнага, трэба толькі звярнуць на гэта ўвагу! Заўсёды паказваю сваім замежным гасцям розныя куточкі Беларусі: і сталіцу, і іншыя гарады і вёскі. I добрыя водгукі не толькі радуюць, але і сапраўды натхняюць, прымушаюць рабіць сваю працу лепш і лепш.
А што тычыцца пастаяннага “сядзення” ў інтэрнэце, якое практыкуе сучасная моладзь, то проста трэба крыху пашыраць межы. Напрыклад, не толькі гутарыць з сябрамі, але і займацца самаадукацыяй — у сетцы для гэтага шмат магчымасцей.
І самае галоўнае: паважайце сваіх бацькоў. Сам за ўсе свае дасягненні менавіта ім удзячны!
“Падарожжы, вынаходніцтва, літаратура і адкрытасць усяму новаму” — вось прыярытэты жыццёвага ўкладу Уладзіміра Кулакова. I, здаецца, ён мае рацыю…