Масленіца — старадаўняе славянскае свята праводзінаў зімы, ад якога захаваўся звычай частавацца блінамі і ладзіць ігрышчы. Вясёленькая, Малочны тыдзень, Масленічны тыдзень, Сырная сядміца — называюць гэты перыяд у народзе.
Сёлета апошні дзень Масленіцы прыйшоўся на 13 сакавіка. У розных мясцінах Асіповіччыны ладзіліся вясёлыя гулянні, дзе ў цэнтры ўвагі былі апетытныя бліны, якія лічацца сімвалам сонца, што дае жыццё і сілы ўсяму жывому; гарачы чай… і чучала Масленіцы. Кожны, хто прыйшоў на свята, дзе б яно ні праводзілася, змог акунуцца ў атмасферу цікавага звычаю і атрымаць масу станоўчых эмоцый.
Супрацоўнікі мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея таксама арганізавалі яркую, з гульнямі-карагодамі і смачнымі пачастункамі Масленіцу, чым парадавалі гараджан, якія сюды завіталі.
— Робім гэта ў першы раз, але ўсё атрымалася цікава, шумна, весела — народу спадабалася, — падзялілася дырэктар установы Антаніна Сцяпанава. — Спадзяёмся, што адноўлены намі абрад стане традыцыйным, і музейная масленічная пляцоўка штогод будзе поўніцца людзьмі.
Ніна ВІКТОРЧЫК. Фота Ніны ЦАРЫК.