«Прапанова — разгляд — вынік» — менавіта ў такім парадку ідзе ў райаддзеле ўнутраных спраў работа з заўвагамі і прапановамі грамадзян, што паступаюць у ходзе правядзення анкетавання. Гэтак жа звалася і публікацыя ў «АК» (гл. № 101 ад 24.12.2015 г.), у якой намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Бабіч паведамляў аб прапановах — ініцыятывах, рэалізацыя якіх, на думку землякоў, магла б у станоўчым плане паўплываць на стан грамадскай бяспекі.
Праз два месяцы Андрэй Аляксандравіч гатовы пракаментаваць ход іх разгляду і, галоўнае, распавесці пра дасягнутыя вынікі:
— Трывога асіпаўчан з нагоды парушэння вадзіцелямі хуткаснага рэжыму на вул. Сумчанкі небеспадстаўная: у снежні 2015 года і студзені сёлетняга тут выяўлена 92 такія факты. З гэтага часу адпрацоўкі ўчасткаў вулічна-дарожнай сеткі райцэнтра з найбольш інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў, у ліку якіх і цэнтральная вуліца Сумчанкі, праводзяцца пастаянна. Што тычыцца стаянкі вялікагрузных транспартных сродкаў у неўстаноўленых месцах у Асіповічах і Паташні, выяўлена 2 падобныя парушэнні ПДР. Актывізавана работа па спыненні парушэнняў правілаў дарожнага руху вадзіцелямі, якія не прадастаўляюць перавагу ў руху пешаходам на нерэгулюемых пераходах: у снежні зафіксавана 9 фактаў, у студзені падобнага не было. Узмоцнена работа па інфармаванні грамадзян аб рабоце праваахоўных органаў: за снежань-студзень праведзена 26 сустрэч з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі, на стэндах устаноў і арганізацый размешчана 130 прафілактычных лістовак. Рэалізавана і прапанова па асвятленні нерэгулюемых пешаходных пераходаў па вул. Паркавай паблізу крамы «Тавары для дома», на скрыжаванні вуліц Сташкевіча-Каралёва, Рымы Кунько-Ленінская. Прызнана мэтазгоднай устаноўка святлафора на скрыжаванні вуліц Сташкевіча-Ленінская: пры выдзяленні грашовых сродкаў работа будзе выканана. Прыняты да ведама і заўвагі наконт знаходжання непаўналетніх пасля 23 гадзін па-за жылля без суправаджэння бацькоў: у снежні-студзені супрацоўнікамі IСН выяўлена 4 парушэнні.
Паводле заўвагі жыхароў пасёлка Ялізава аб неабходнасці спынення продажу спіртных напояў хатняга вырабу праведзена 5 адпрацовак. Устаноўлена 7 выпадкаў вырабу і продажу саматужнага спіртнога, канфіскавана 2 самагонныя апараты і 297 літраў самагонкі і брагі. Пасля разгляду прапановы ўстанавіць штучную няроўнасць паблізу крамы «Родны кут» на вул. Рамашка РУП «Магілёўаўтадар» паведаміў, што абсталяванне няроўнасці не ўяўляецца магчымым: участак аўтадарогі не з’яўляецца месцам канцэнтрацыі дарожна-транспартных здарэнняў, адсутнічаюць факты аднясення ўзгаданага ўчастка да небяспечнага для дарожнага руху. Прапанова аб рамонце тратуара на вул. Калініна ў пасёлку накіравана для разгляду ў райвыканкам і ДУКВП «Райсэрвіс». Там зараз разглядаюцца і пытанні аб мэтазгоднасці ўстаноўкі ў горадзе нерэгуляванага пешаходнага перахода на вул. Крыловіча паміж дамамі 5 і 5а, паляпшэнні якасці дарожнага пакрыцця на вул. Кірава, у мікрараёне «Чаромушкі» і асвятленні на вул. Чарняхоўскага, Крыловіча, Праекціруемай.