З прыходу да ўлады Генеральнага Сакратара ЦК КПСС Леаніда Ільіча Брэжнева ў 1964 годзе і да 1986 года ў Савецкім Саюзе панавала так званая эпоха застою. Канечне, перапоўненае сарказмам вызначэнне ўзнікла пазней, у перыяд жа брэжнеўскай “васемнаццацігодкі” яна афіцыйна звалася інакш, хаця і не менш выразна: “перыяд развітОга сацыялізму”. Вялікая літара “О” таму, што на яе трэба ставіць націск — у парушэнне нарматыўнай лексікі, між іншым.
1976 год — амаль сярэдзіна гэтага знакавага для гісторыі СССР прамежку часу. І ў пэўным сэнсе — пік развіцця сацыялістычнай дзяржавы. Эканоміка яшчэ не патрапіла ў залежнасць ад экспарту энергарэсурсаў і не надта адстае ад вядучых капіталістычных краін, з якімі нарэшце ўдалося дамовіцца аб “разрадцы міжнароднай напружанасці”. Маштабнае жыллёвае будаўніцтва, стварэнне сучаснай дарожна-транспартнай сеткі, суцэльная электрыфікацыя і шырокая газіфікацыя вёскі, значныя ўкладанні ў развіццё адукацыі, медыцыны, сацыяльнай сферы ўзнялі якасць жыцця савецкіх людзей да нябачнага раней узроўню. За “застойныя гады” рэальныя даходы насельніцтва ўзраслі ў 1,5 раза, адчувальна палепшыліся дэмаграфічныя паказчыкі.
Пра крытыку і самакрытыку
Увогуле, калі параўнаць з 1966 годам, газета змянілася непазнавальна. Дзесяцігоддзем раней амаль 90% публікацый аб жыцці раёна мелі мэтай выкрыванне недахопаў (крытыка і самакрытыка — ленінскі метад пераадолення хібаў і памылак), зараз жа крытыкі стала намнога меней, а сама яна страціла былы імпэт. У той час бесканфліктнасць была нормай паводзін для савецкіх СМІ, аднак журналісты “Запаветаў Леніна”, відаць, надта ўжо стараліся нікога не крыўдзіць.
“Калектыў кардонна—руберойдавага завода датэрмінова… Механізатары раёна дабіліся… Машыністы лакаматыўнага дэпо звыш плана перавезлі…”. Гэта ўсё — аб людзях Асіповіччыны з газетных паведамленняў. Увага да раёна справядлівая: працаўнікі ў большасці робяць належным чынам. Але размова аб іншым: адказнасць тэмы — выхаванне ідэйна-маральнай сталасці — не дазваляе лагоднічаць. Тое, што яна ёсць у “раёнцы” — добра, але нельга не мець на ўвазе і таго, як ёсць.
“Мала крытыкі, імкнення раскрыць недахопы, пошуку дзейсных мер па іх ліквідацыі. Мала і матэрыялаў, якія не пералічэннем мерапрыемстваў, а ўсім сваім духам і зместам уплывалі б на думкі і сэрцы чытачоў”. (“Патрабуецца атака” — № 106 ад 07.09 — перадрукоўка матэрыялу з “Магілёўскай праўды” № 173 ад 1 верасня).
Крытыка за адсутнасць крытыкі — гэта сур’ёзна. Але празмерную схільнасць тагачасных журналістаў “ЗЛ” да выключна пазітыўнага адлюстравання жыцця хутчэй за ўсё можна растлумачыць вядомым псіхалагічным эфектам: звыклае для іх асяроддзе існавання настолькі імкліва мянялася да лепшага, што нават відавочныя хібы хацелася ўспрымаць толькі як “цяжкасці росту”. Ва ўсякім разе, пакуль яны не пераходзілі пэўнай мяжы.
“Адно з галоўных патрабаванняў дзесятай пяцігодкі — усямернае паляпшэнне якасці работы.
Шклозавод “Кастрычнік” у тэхнічных адносінах крочыць у нагу з прагрэсам. Аднак хібаў у працэсе вытворчасці сустракаецца нямала. Асабліва па якасці прадукцыі. Адміністрацыя зрабіла тое—сёе ў планаванні ўзроўню якасці ў вытворчасці. Намечана распрацаваць праект участка па вырабу стальных форм, каб замяніць чыгуначныя, якія не даюць магчымасці дасягнуць высокай чысціні паверхні посуду. Мерапрыемства плануецца на больш далёкія тэрміны. Таму прадастаўленне нават асобнай прадукцыі на прысваенне Знака якасці плануецца на апошнія гады пяцігодкі.
…Рэкламацыі на бракаваны посуд сталі звычайнай справай, дакументам, які не вельмі хвалюе. Часцей за ўсё брак дапускаецца не па віне людзей, якія выпускаюць прадукцыю. А вось там, дзе яна захоўваецца, пануе сапраўдная безгаспадарчасць. Пад адкрытым небам складзены тысячы слоікаў. Такое захаванне шклянак у надвор’е, калі маразы чаргуюцца з адлігай, вядзе да вялікіх страт. Адсюль і звышнарматыўны бой, і вялізныя штрафы па рэкламацыях!”. (“Якасць не плануецца”, № 31 ад 16.03).
З месца падзей
Сярод газетных матэрыялаў 45-гадовай даўніны найбольш пазнавальна чытаць нататкі з рабочых месцаў. Не таму, што вытворчая тэматыка такая ўжо захапляльная, проста справы, якімі займаліся людзі, як і мясціны, дзе працавалі, трапляюцца ўражваючыя.
“Урочышча Лочын. Адсюль пачынаюцца рэйсы ўрадлівасці. Каля тарфянога бурта машыны надоўга не затрымліваюцца. Хутка загружае трактарыст пагрузчыка Рыгор Васільевіч Налівайка аўтамашыну камуніста Івана Доўгага. Шафёр адразу ж ад’язджае, выбіраецца на дарогу. Ні хвіліны затрымкі. 6 рэйсаў у дзень паспявае зрабіць Іван Феліксавіч. Гэта значыць 25 тон крошкі… А ўсяго пераможца сярод шафёраў перавёз ужо 625 тон торфу.
— Пад веснавую сяўбу нам трэба нарыхтаваць 16.000 тон кампостаў, — расказвае аграном калгаса “Камунар” У.К. Кароль і запісвае лічбу на паперы: на кожны гектар яравога кліну па 15 тон”. (“Заўтра зноў у дарогу”, № 8 ад 20.01).
“Летась 155 гектараў лёну далі ў касу калгаса “Бальшавік” 174.069 рублёў. Трэба адзначыць, што лён—даўгунец у грашовым даходзе калгаса займае адно з вядучых месц.
Летась ад усіх галін сельскагаспадарчай вытворчасці атрымалі 213.928 рублёў чыстага прыбытку. А на долю даўгунцу прыходзіцца 45,3 працэнта ад гэтай сумы”. (“Даходная культура”, № 55 ад 11.05).
“Прыгожым будзе цэнтр калгаса — вёска Вяззе, — гледзячы на макет будаў-ніцтва і добраўпарадкавання, расказвае старшыня калгаса “Авангард “ Васіль Трафімавіч Клімовіч. — Непадалёку ад вуліцы Юбілейнай будуецца новы 18-кватэрны дом. У бягучай пяцігодцы намечана здаць у эксплуатацыю і яшчэ адзін такі дом. Але ў калгасе не ўсе прыхільнікі шматкватэрных дамоў. Лічаць, што сельскаму гаспадару неабходна мець прысядзібны ўчастак. Менавіта таму будаўнікі пачалі закладваць паралельна Юбілейнай яшчэ адну вуліцу. Чатыры дамы пабудаваны ўжо. А ў планах калгаса ўзвесці ў дзесятай пяцігодцы яшчэ два дзесяткі аднакватэрных дамоў. Прыгожыя дамы калгас будуе па трох праектах. Не хочуць калгаснікі жыць у аднолькавых кватэрах”. (“Яны з вуліцы Юбілейнай”, № 24 ад 26.02).
Праз прызму часу
Падзей у жыцці горада і раёна на працягу 1976 года адбывалася многа і розных. Некаторыя з іх не пакінуць чытача абыякавым і зараз. Таму што якраз у гэты час…
Разгортвалася будаўніцтва мікрараёна № 1
“З кожным годам шырыцца жыллёвае будаўніцтва ў Асіповічах. Вялікія задачы ў дзесятай пяцігодцы стаяць перад рабочымі БУ-89. Кацярыну Сугака, Зінаіду Суднік, Мікіту Кандрацёнка, Яўгенію Фалькоўскую можна назваць першапраходцамі. Яны муляры, якія першымі з’явіліся на нядаўняй пустэчы, дзе цяпер вырастае будынак інтэрната для рабочых завода аўтамабільных агрэгатаў. Брыгада дабіваецца высокіх выпрацовак”. (фота Ф.Славінскага, № 26 ад 02.03).
Ліпенскія школьнікі атрымалі дыплом Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі
“Такую ўзнагароду атрымаў радыётэхнічны гурток Ліпенскай сярэдняй школы за распрацоўку электроннага лічыльніка—секундамера. Гэта не першая ўзнагарода кемлівым і настойлівым. Яшчэ ў 1972 годзе ўсе ўдзельнікі гуртка атрымалі грашовыя прэміі, дыпломы ІІІ ступені і медалі “Юны ўдзельнік ВДНГ”. Гэта вынік той вялікай работы, якую праводзіць з вучнямі выкладчык фізікі Аляксей Пятровіч Церахаў”. (“Дыплом ВДНГ”, № 8 ад 20.01).
Калгас “Чырвоны сцяг” прыняў і агучыў у СМІ ўласную праграму па ахове прыроды і памнажэнні яе багаццяў на 1976-1980 гады
“…Дабіцца, каб не менш 70 працэнтаў калгаснікаў сталі членамі таварыства аховы прыроды. Ліквідаваць на палях няпланавыя дарогі, скараціць да мінімуму прыдарожныя палосы, знішчыць хмызнякі. Правесці асушэнне 120 гектараў забалочаных зямель, вапнаванне кіслых глеб на плошчы 2 тысячы гектараў. Палепшыць пад’язныя шляхі да жывёлагадоўчых ферм. Навесці належны парадак на фермах і прылягаючых тэрыторыях. Адвесці пад звалкі спецыяльныя месцы. Не забруджваць адыходамі вадаёмы, эканомна расходваць пітную ваду. Пабудаваць і зарыбіць вадасховішча плошчай 68 гектараў. Сіламі камсамольцаў і школьнікаў зрабіць і вывесіць не менш 100 шпакоўняў, дуплянак, столькі ж кармушак для птушак”. (Тэматычная старонка “За ленінскія адносіны да прыроды”, № 125 ад 21.10).
Ну і нарэшце — наспела неабходнасць абмежаваць хуткасць руху на перагружаных транспартам дарогах.
“Згодна з пастановай Савета Міністраў СССР у населеных пунктах усім транспартным сродкам да—зволена рухацца са скорасцю не больш 60 кіламетраў у гадзіну, па-за імі — 90 кіламетраў у гадзіну…
За мінулы год у раёне адбылося 64 дарожна—транспартныя здарэнні. У час іх загінула 22 чалавекі і 45 былі паранены. У нецвярозым стане затрымана за рулём 232 вадзіцелі”. (“Выпадкі канфлікту”, № 29 ад 11.03).
Самы незвычайны матэрыял
Не па публіцыстычных вартасцях, якіх, шчыра кажучы, у ім няшмат. І не па форме — гэта звычайная для свайго часу газетная “агітка”. Затое якая гістарычная фактура!
“У мінулым годзе рэдакцыя раённай газеты “Запаветы Леніна” ўстанавіла два пераходныя кубкі для работнікаў, занятых на жніве. Спаборніцтва за ганаровыя прызы сярод камбайнераў і шафёраў на адвозцы зерня ішло напружана. Найлепшых вынікаў дасягнуў камбайнер калгаса імя Ульянава, кавалер ордэнаў Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі Міхаіл Сяргеевіч Паходаў. Яму і быў уручаны пераходны кубак імя Героя Савецкага Саюза нашага земляка М.П.Каралёва. Другі пераходны кубак імя Героя Савецкага Саюза, таксама нашага земляка С.М.Каданчыка, быў прысуджаны лепшаму шафёру раёна вадзіцелю калгаса “Авангард” Уладзіміру Пятроўскаму.
Набліжаецца жніво. Камбайнеры і шафёры зноў будуць спаборнічаць за ганаровыя прызы. Яны дастануцца самым умелым, самым працавітым хлебаробам”. (“Пераходныя кубкі — лепшым хлебаробам”, № 84 ад 17.07).
* * *
Цікава б вызначыць, як доўга ўручаліся “газетныя кубкі”, хто іх атрымліваў і ці захаваліся яны да нашага часу. Спадзяемся на вашу дапамогу ў пошуках, паважаныя чытачы!