16 снежня ў гарадской бібліятэцы № 1 прайшлі II краязнаўчыя чытанні “Вайна. Пошук. Памяць”. Яны сталі арыгінальнай і пераканаўчай справаздачай дзяржустановы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Асіповіцкага раёна” аб выніках, якія былі дасягнуты падчас правядзення даследчай і пошукавай дзейнасці па захаванні ваеннай гісторыі раёна ў год адзначэння 70-годдзя Вялікай Перамогі.
У дзень чытанняў у памяшканні бібліятэкі была разгорнута выстава з найбольш каштоўных гістарычных дакументаў (фотаздымкаў, архіўных матэрыялаў, лістоў з фронту, успамінаў землякоў), якія знайшлі супрацоўнікі бібліятэк раёна. Таксама дэманстраваліся лепшыя ўзоры тэматычных аўдыязапісаў — песень таго перыяду і прысвечаных памяці Вялікай Айчыннай, якія таксама захоўваюцца ў бібліятэчных фондах.
Паглядзець батальную савецкую кінакласіку можна было ў спецыяльна аформленай “франтавой кіназале”, а паспрабаваць франтавую ежу, прыгатаваную па рэцэптах ваеннага часу і, па магчымасці, з прадуктаў, якія існавалі ў 40-я гады мінулага стагоддзя, на “палявой кухні”.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала прэзентацыя інфармацыйнай прадукцыі, удзелам у якой нашы бібліятэкары маюць усе падставы ганарыцца. Першая — нядаўна выдадзены дадатак да кнігі “Памяць”, куды ўвайшло больш 500 імёнаў загінуўшых воінаў-землякоў і салдат-вызваліцеляў. Другая — фундаментальнае даследаванне абставін бою, які адбыўся на станцыі Свіслач (у пасляваенны час — Ялізава) 30 чэрвеня 1941 года.
Узгаданая малавядомая падзея першых дзён вайны цікавіла многіх аматараў гісторыі (гл. “АК” № 1 ад 4.01.2014 “Далёкая пераправа”), аднак менавіта падчас метадычнага пошуку спецыялістам ЦБС удалося знайсці і прааналізаваць практычна ўсе існуючыя архіўныя матэрыялы, успаміны відавочцаў. У выніку атрымалася каля сотні аркушаў тэксту — практычна гатовая да друку кніга, выданне якой лічыцца адным з бліжэйшых прыярытэтаў бібліятэчнай сеткі.
У рэалізацыі абодвух узгаданых праектаў вялікую дапамогу аказаў наш зямляк — вядомы літаратурны выдавец і аўтарытэтны знаўца айчыннай мінуўшчыны Віктар Хурсік.
Па задумцы арганізатараў, краязнаўчыя чытанні — выдатная магчымасць сустрэцца зацікаўленым у агульнай справе людзям, каб абмяняцца думкамі, ідэямі, сваім бачаннем прыярытэтаў і мэт пошукавай работы. Таму на мерапрыемства разам з работнікамі ЦБС былі запрошаны кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрына Раманчук, старшыні райсавета ветэранаў і райарганізацыі “ДТСААФ” Міхаіл Слесарэнка і Міхаіл Гаўрусёнак, сакратар камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” і ўдзельнік камісіі па падрыхтоўцы да выдання дадатку да кнігі “Памяць. Асіповіцкі раён” Павел Качановіч, кіраўнікі клуба ваеннай рэканструкцыі “Штык”, які дзейнічае пры ДУДА “Асіповіцкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства” Андрэй Торбін, Юрый Сцяпанаў і другія. I калі апантаныя агульным людзі разам, то размова заўсёды плённая і карысная.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.