Сініца ў руках ці журавель у небе?
На гэта пытанне сям’я Бараноўскіх з Пратасевічаў адказвае адназначна: журавель у руках! I каб трымаць таго самага чароўнага жорава, прыкладаюць усе намаганні.
Міхаіл і Наталля прывыклі разлічваць у першую чаргу на ўласныя сілы — абое выраслі ў шматдзетных сем’ях, дзе з дзяцінства прывучаліся да самастойнасці. Мабыць, таму спачатку купілі дом, а ўжо потым пажаніліся. Няхай сабе хата была і не з разраду шыкоўных, аднак з цягам часу зрабілі рамонт і на будучыню мараць, што жыллё будзе з усімі выгодамі.
Калі пастаўлена канкрэтная мэта, яна абавязкова рэалізуецца — жыццё пацвярджала такое не раз. Але для гэтага трэба працаваць. Зараз гаспадыня робіць у школе кладаўшчыцаю, а муж па працоўным дагаворы вадзіцелем пагрузчыка ў мясцовай гаспадарцы — ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”. Заробкі хоць і не вельмі высокія, але стабільныя, і тут ужо галоўнае правільна размяркоўваць сямейны бюджэт.
Каб у сям’і была згода, трэба, каб хтосьці саступаў. У Бараноўскіх часцей гэта Наталля. Яно і зразумела: мудрая жанчына заўсёды прызнае кіруючую ролю мужчыны, аднак ведае, як тонка ўплываць на яго рашэнні. Знаходзяць кампраміс і ў выхаванні дзяцей. Напрыклад, гаспадыня была не асабліва “за”, каб у хаце пасяліўся дэкаратыўны вушасцік Кіко, аднак тата перакананы, што для малых хатнія жывёлы маюць вялікае значэнне — гэта і ўменне клапаціцца пра слабейшага, і адказнасць.
Аб тым, што не спакусіліся ехаць у горад, не шкадуюць. Самі сельскія жыхары: Наталля з Забалацця, а Міхаіл — з Дзераўцоў. У сучаснай вёсцы ёсць умовы, каб рознабакова развівацца дзецям, грунтоўна закладваць у іх гаспадарскую жылку, самастойнасць. Важныя ў вёсцы і ўзаемаадносіны з суседзямі. Тут Бараноўскім няма прычын скардзіцца: напрыклад, трэба конь — заўсёды выручаюць Жукі, узнікае неабходнасць — суседзям аказваецца дапамога.
Тата ў вольны час любіць займацца тэхнікай, заўсёды бярэ ў напарнікі сына Данііла. Праяўляе цікавасць да такой справы і дачушка Дар’я. Праўда, ад яе пакуль больш клопату, чым дапамогі, але ж дзіцячы інтарэс трэба падтрымліваць.
Нядаўна ў сямейнай біяграфіі Бараноўскіх з’явілася адметная старонка — удзел у конкурсе “Уладар сяла”. Прапанавала гэту “авантуру” мастацкі кіраўнік мясцовага клуба Святлана Дрозд. Яна ж дапамагла з падрыхтоўкай візіткі, у многім іншым. Значную падтрымку аказаў і райкам БРСМ. Наогул, ад раённага конкурсу засталіся толькі станоўчыя ўражанні. I не толькі таму, што сям’я стала яго пераможцам. Спадабаліся і арганізацыя, і сяброўская атмасфера. Абласны этап “Уладара сяла” праходзіў у рамках свята “Александрыя збірае сяброў” на Шклоўшчыне. Прыемна, што і на вобласці не падвялі — занялі трэцяе месца. Напамінкам жа аб конкурсных хвалюючых днях сталі дыпломы і прызы — кухонны працэсар і мультыварка. Дарэчы, прыстасаванні ўжо ўсёй сям’ёй апрабавалі і засталіся задаволенымі — атрымліваецца смачна!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.