«Ужо зусім хутка!», «Хто едзе з Мінска?», «Гэта будзе выдатнейшая і астранамічна ашаламляльная падзея!», «Заўтра гадзін у 7 вечара выязджаю з Барысава на машыне, магу ўзяць спадарожнікаў», «Надвор’е абяцае быць гарачым!», «Вазьму спадарожніцу з Гомеля». Менавіта такімі паведамленнямі была «засыпана» тэматычная група ў адной з вядомых сацыяльных сетак перад мінулымі выхаднымі. Мабыць, усе ўжо здагадаліся – размова ідзе пра «РокаМотаПікнік-2015».
Традыцыйнае для раёна мерапрыемства, якое арганізавалі індывідуальны прадпрымальнік Канстанцін Дубінчык і мясцовы райкам БРСМ, у гэтым годзе стала сапраўды міжнародным. Фестываль рока і байкераў сабраў каля 1.000 удзельнікаў не толькі з усіх куточкаў Беларусі, але нават і з суседніх Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі. У асноўным гэта былі маладыя людзі ад 18 да 35 гадоў, у якіх ёсць так званыя тэматычныя транспартныя сродкі: матацыклы, мапеды, мотаролеры. Канечне, пры наяўнасці ўсіх дакументаў і належнага стану тэхнікі. Акрамя таго, на ўдзел у «РокаМотаПікніку-2015» далі заяўку цэлых 68 рок-груп, што таксама своеасаблівы рэкорд. З заяўленых музыкантаў арга-нізатары выбралі 16 груп-удзельніц.
Многія з тых, хто завітаў у Асіповічы, ужо бывалі на фестывалі раней. Таму не здзіўляе, што яны з асаблівай нецярплівасцю чакалі чарговага «РокаМотаПікніка», а рыхтавацца да яго пачалі загадзя.
Першыя аматары «жалезных коней» і рок-музыкі пачалі прыязджаць на базу адпачынку «Бярозка», дзе і праходзіў фестываль, ужо ў сярэдзіне дня ў пятніцу. А бліжэй да вечара ў гэты ж дзень пачалася кан-цэртная праграма і конкурсы. Працягвалася гэта да поўначы, а потым плаўна перайшло ў дыскатэку. Таксама апоўнач на другой пляцоўцы пачаўся начны кінапаказ.
Субота… У гэты ціхі спякотны дзень на гарадскіх вуліцах было не вельмі шмат прахожых. Але каля 14 гадзін на плошчы заўважалася заметнае ажыўленне: асіпаўчане збіраліся, каб паглядзець на байкераў, якія з хвіліны на хвіліну павінны былі завітаць у горад. I вось падаў сігнал аўтамабіль дзяржаўта-інспекцыі, які суправаджаў калону. Затым цішыню літаральна ўзарваў роў 250 магутных матораў — раней такога яшчэ не было! Матацыклісты выстраіліся ў два рады на плошчы, заняўшы ўсю прастору ад кафэ «Юнацтва» да магазіна «Суседзі».
Цікаўныя гледачы тут жа акружылі мотааматараў і іх спадарожніц з усіх бакоў. Некаторыя ішлі ўздоўж тэхнікі нібыта на выставе, іншыя падыходзілі да канкрэтных, загадзя нагледжаных «жалезных коней». Самі байкеры з задавальненнем дэманстравалі свае матацыклы. Чаго тут толькі ні было! Ад самых звычайных мадэлей, якія нярэдка можна сустрэць амаль паўсюдна, да такіх, пра каторыя адна юная глядачка сказала: «Я падобнае толькі на фотаздымках у інтэрнэце бачыла!». Дарэчы, у асяроддзі байкераў павагу выклікаюць не толькі тыя, хто валодае «крутымі» матацыкламі, але і тыя, хто змог паспяхова «давесці да розуму» старэнькія «IЖ», «Яву», «Мінск», «Усход». Можаце сабе ўявіць, якое шыкоўнае відовішча адкрылася асіпаўчанам.
Калі ўсе крыху супакоіліся пасля прыезду мотааматараў, арганізатары правялі традыцыйны конкурс на самую марудную язду: удзельнікі павінны былі як мага павольней праехаць вызначаную адлегласць, не кранаючыся зямлі нагамі. Некалькі разоў адзін і той жа байкер змог зрабіць гэта лепш за астатніх і таму атрымаў пераможны прыз. Пасля ўсе зноў мелі магчымасць паглядзець на тэхніку, пагутарыць з байкерамі і нават сфатаграфавацца з найбольш спадабаўшыміся і іх «канямі». Напрыканцы ўдзельнікі «РокаМотаПікніка» падзякавалі асіпаўчанам за цёплы прыём і адправіліся ў зваротны шлях. На жаль, байкерам не ўдалося прадэманстраваць паказальную трэніроўку на трасе для мотакросу, як планавалася адразу: не было магчымасці арганізаваць бяспеку насельніцтва на належным узроўні. Але ж і без гэтага асіпаўчане прымалі такіх цікавых гасцей на «ўра».
Суботнім вечарам на «Бярозцы» зноў адбылася канцэртная праграма. Паміж творчымі нумарамі праводзілі конкурсы і ўзнагароджвалі музыкантаў і матацыклістаў у розных намінацыях: «Мота-група-2015», «Iнтэрнэт-група», «Самы далёкі госць», «Самы гучны выхлап», «Міс пікнік-2015» і інш. Дарэчы, музычная частка была прысвечана памяці лідара легендарнай групы «Сектар Газа» Юрыя «Хой» Клінскіх.
А ўжо ў нядзелю байкерам і проста аматарам такіх мерапрыемстваў прыйшлося развітацца. Час праляцеў хутка, многія знайшлі новых сяброў, атрымалі зарад бадзёрасці і аптымізму на доўгі час. Што ж, зараз ім толькі застаецца чакаць наступнага года і новага «РокаМотаПікніка», які абавязкова павінен адбыцца.
Фото автора.