Багата маіх сваякоў мелі слаўны ваенны лёс, але ўсе вельмі мала пры жыцці расказвалі пра вайну. Відаць, цяжка было ўспамінаць пра яе. А каб яшчэ вялі гутарку аб нейкіх сваіх ваенных подзвігах, то наогул такога ніколі не было. Ды і мы не вельмі пыталіся, аб чым застаецца толькі шкадаваць: многіх з радні ўжо няма ў жывых. Але зараз, дзякуючы магчымасці пазнаёміцца з рознымі дакументамі ў свабодным доступе, можна агледзець іх жыццё ў цэлым. I зусім па-новаму адкрываюцца звычайныя, здаецца, людзі, што жылі побач. Як, напрыклад, ВЕРНIКОЎСКIЯ.
Пасля вызвалення мясцовасці ад акупантаў многія маладыя людзі пайшлі ў Чырвоную Армію і ваявалі з фашыстамі, але толькі нядаўна даведалася, што, аказваецца, наш сціплы дзядзька Антось — Антон Iванавіч Вернікоўскі (на здымку — другі злева ў першым радзе) з невялікай вёсачкі Карма — не толькі дайшоў да Берліна, але і распісаўся на рэйхстагу! Так і бачыцца, як невысокі, хударлявы, сціплы селянін-беларус у выцвілай, абгарэлай месцамі гімнасцёрцы абцірае пот са стомленага твару і з задавальненнем, пачуццём добра выкананай справы распісваецца на сцяне галоўнай гітлераўскай будыніны ў цэнтры сталіцы пераможанага ворага…
Ваяваў дзядзька Антось слаўна — узнагаро-джаны двума баявымі медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”. Ён трапіў у самую мясарубку — на абарончую лінію Варшава-Кёнігсберг, якую гітлераўцы лічылі непрыступнай. Умацаванні прыкрывалі сэрца германскай ваеншчыны — Усходнюю Прусію і яе сталіцу Кёнігсберг, тут стаялі адборныя нямецкія войскі. У многіх мемуарах ваеначальнікаў можна сустрэць сведчанні, як цяжка было фарсіраваць раку Нараў. Так званы Нараўскі плацдарм тройчы пераходзіў з рук у рукі, там паляглі тысячы нашых салдат…
А яшчэ ён прымаў удзел у Памеранскай аперацыі, вызваляў г. Гданьск. Немцы там у адчаі адкрывалі шлюзы, і на нашы баявыя парадкі пад напорам ішла марская балтыйская вада — паўтараметровы вадзяны вал нават лёгкія пушкі ўздымаў, адрываў ад зямлі…
Калі вярнуўся ў сваю парушаную вайной і галодную вёску, то нанова адраджаў калгасную гаспадарку. I рабіў таксама добра, як і ваяваў. Ён вырошчваў і апрацоўваў лён. За бездакорную працу неаднойчы быў удзельнікам Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ) у Маскве. Ужо адзін удзел у ёй — вялікая пашана, бо адбіралі туды лепшых з лепшых. Калі ўжо меў увесь камплект — бронзавы, срэбраны і залаты — медалёў, у 1956 годзе атрымаў вялікі Залаты — узнагароду, якая была ў нямногіх перадавікоў народнай гаспадаркі СССР.
У 1958 годзе дзядзька Антон быў адзначаны яшчэ і ордэнам “Знак Пашаны”, і да канца жыцця таксама сумленна працаваў на ўсіх давераных пасадах — у калгасе, машынна-трактарнай станцыі (МТС), на торфапрадпрыемстве.
Дык хіба наш сціплы, ціхі дзядзька не сапраўдны герой? Ці ж гэта не прыклад геройскага лёсу — і ў вайну, як воіна-вызваліцеля нашай зямлі і Еўропы ад нацызму, і потым — як самаадданага руплівага працаўніка на карысць Радзімы?!
Аб ваенным лёсе малодшага брата дзядзькі Антося — Iвана Iванавіча Вернікоўскага, які жыў у в. Свіслач — “раёнка” пісала неаднойчы. Яны ваявалі недзе побач, пасля перамогі нават сустрэліся ў Германіі. Дзядзька Iван таксама ўдзельнічаў у баях на кёнігсбергскім напрамку, аб удзеле ў штурме горада нагадвае медаль “За ўзяцце Кёнігсберга”. Ён двойчы адзначаны вышэйшай салдацкай узнагародай — ордэнамі Славы.
Мы ведалі аб яго ваенных заслугах, але зусім па-іншаму ўспрымаеш іх, калі чытаеш, напрыклад, канкрэтнае апісанне яго подзвігу, за які быў прадстаўлены на ўзнагароджванне ордэнам Славы 2 ступені: “18-го апреля 1945 г. тов. Верниковский в составе расчета форсировал реку Одер и под огнем противника быстро установил миномет и уничтожил выявленные цели: двух фаустников, обстреливавших наши лодки, один станковый пулемет, перекрывавший подходы к шлюзу, и трех немецких разведчиков, дав возможность нашим подразделениям без потерь овладеть плацдармом на зап. берегу реки… 29-го апреля 1945 года в бою за гор. Лихен он огнем из миномета истребил до 15 солдат противника, рассеял обоз немцев до 17 подвод и заставил их откатиться на сев. окраину города…”
Пасля вайны Iван Iванавіч таксама сумленна працаваў на розных пасадах у Свіслачы і на шклозаводзе ў Ялізаве.
У дзеда Антона была вялікая — 10 дзяцей! — сям’я, і кожны ўнёс свой уклад у агульную перамогу над ворагам. Сястра Яніна, напрыклад, не была на вайне, аднак мела мужа-франтавіка — Сяргея Iванавіча Збанка з Жорнаўкі, які вярнуўся інвалідам II групы, узнагароджаны медалём “За адвагу” і ордэнам Славы 3 ступені.
А вось што стала вядома пра ўдзел у вайне другіх унукаў дзеда Антона.
Сыны Цэзара Антонавіча Вернікоўскага з в. Максімаўка.
Пётр да вызвалення Беларусі партызаніў у атрадзе імя Кірава, а потым да канца вайны ваяваў у дзеючай арміі. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Уладзімір апынуўся на фронце з самага пачатку, гэта адзін з гераічных абаронцаў Магілёва. Для яго вайна скончылася ў 1947 годзе.
Трое аддалі жыццё за нашу Перамогу: Iван быў прызваны ў армію пасля вызвалення Асіповіч, загінуў у лютым 45-га і пахаваны ў Шчэцінскім ваяводстве ў горадзе Шнайдэмюль; два сыны прапалі без вестак: Мацвей — у снежні, Міхаіл — у чэрвені сорак першага.
Сыны Сямёна Цэзаравіча Вернікоўскага з в. Максімаўка.
Даніл (Дамінік) загінуў у баях у жніўні 1944 года, пахаваны ў хутары Падбож’е каля г. Оструў-Мазавецка на Беласточчыне.
Фёдар (Фларыян) таксама прымаў удзел у баявых дзеяннях, але нядоўга: быў цяжка паранены, вярнуўся дадому без нагі. Адзначаны медалём “За перамогу над Германіяй”.
Пра Уладзіслава вядома толькі, што пайшоў на вайну ў 18 гадоў і не вярнуўся.
Прыведзеныя звесткі, канечне, няпоўныя, але ўжо і іх хапае, каб адчуць вялікую павагу да ўсёй сям’і нашых сваякоў Вернікоўскіх, з ліку якіх выйшла столькі воінаў, што змагаліся супраць гітлераўцаў. Упэўнена, што такіх сем’яў на нашай зямлі багата, таму і заклікаю ўсіх землякоў: успомніце сваіх, здавалася б, сціплых родных у гадавіну 70-годдзя Вялікай Перамогі — сярод іх таксама знойдзецца нямала сапраўдных герояў!
…Мудрыя людзі кажуць, што як толькі забываецца апошняя вайна, адразу пачынаецца новая. Таму, каб мы жылі ў міры, давайце заўсёды шанаваць сваіх герояў. I жывых, і загінуўшых. I перадаваць сваім нашчадкам памяць аб іх.
Галіна ШЫШКО. (prodki.gal@ yandex.by).