Гарады бываюць розныя. Вялікія і не вельмі. Любімыя і не моцна. У якія хочацца вяртацца і тыя, што не «чапляюць». Вуліцы, дарогі, завулкі… Дамы, мясцовыя славутасці, абавязкова парк і нязменна людзі… У гэтым — уся сутнасць нашых гарадоў. Хіба толькі душа, нават калі адмаўляемся ў яе верыць, і атмасфера ў кожнага свая. І Асіповічы — не выключэнне. У чым яго прывабнасць альбо, можа, асаблівасць? Адказ ведае Марына Дарошка.
Першае яе знаёмства з Асіповічамі адбылося ў часы студэнцтва. Марына імкнулася выкарыстоўваць кожную магчымасць падчас навучання ў Белдзяржуніверсітэце, каб наведаць сваю малую радзіму — невялікае мястэчка Калінкавічы. Дабіралася чыгуначным транспартам. Усе тыя 15 хвілін, якія састаў знаходзіўся на станцыі Асіповічы, з цікавасцю назірала за няспешным цячэннем жыцця горада. І не думала, што калі-небудзь воляй лёсу сама апынецца ў кругавароце яго падзей. Гэта адбудзецца пазней, а пакуль з акна вагона яе погляд лавіў акуратныя будынкі вакзала, людзей, якія чакаюць свайго цягніка ці проста прагульваюцца міма.
Пасля шуму і мітусні сталіцы ўсё гэта было як ін’екцыя спакою. Усё таму, дзеліцца яна, што, нягледзячы на ўяўны прастор велізарных гарадоў, у іх можа быць цесна. Таму што ў кожнага яго жыхара — свой уласны створаны свет, у які неахвотна пускаюць іншых. Быццам у кожнага ўнутры ёсць свой горад, закрыты ад старонніх…
У Асіповічы Марына Дарошка пасля заканчэння навучання прыехала па закліку сэрца. Яе малады чалавек пасля сканчэння Ваеннай акадэміі быў размеркаваны сюды ў вайсковую часць. Як верная сяброўка, дзяўчына рушыла ўслед за ім. Першы час, прызнаецца, проста вывучала спачатку абсалютна чужы для яе горад. Хадзіла па маленькіх незнаёмых вуліцах з прыватнымі домікамі, акружанымі зелянінай, і думала пра будучыню.
Маючы вольны дыплом, павінна была сама знайсці сабе першае месца працы, пачала самастойна праглядаць вакансіі па аб’явах. Абавязковай умовай, пастаўленай перад сабой, было замацаванне атрыманых на біялагічным факультэце тэарэтычных ведаў. І дзяўчына знайшла ім прымяненне: уладкавалася ў філіял «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкина крынка» на пасаду лабаранта мікрабіялагічнай лабараторыі.
Кожная яе працоўная змена распісана па хвілінах. У адпаведнасці з усімі патрабаваннямі, Марыне неабходна зрабіць мікрабіялагічны кантроль якасці сыравіны і ўжо гатовай малочнай прадукцыі, сачыць за санітарным станам вытворчасці і мікракліматам лабараторыі. Малады лабарант з радасцю выконвае свае абавязкі і ўпэўнена кажа пра тое, што праца павінна падабацца — толькі тады цяжкасцей з яе добрасумленным выкананнем не ўзнікне. Праўда, тут жа заўважае, што ўзаемаадносіны тых, хто працуе разам — лейтматыў любога калектыву.
Бывае так, што гарады адмаўляюцца прымаць чужынцаў, не даючы ім шанцу рэалізаваць свае надзеі і памкненні. З Дарошка выйшла інакш. Асіповічы дружалюбна прынялі сваю госцю. Дзяўчына заўважае, што імя нашага горада ўпрыгожваюць яго жыхары. Прычым, запэўнівае Марына, ёй давялося сустракаць людзей, для якіх добразычлівасць не проста прыгожае слова. Напрыклад, калегі — дзякуючы чуласці і разуменню — з проста знаёмых паступова сталі блізкімі людзьмі. З’явіліся ў дзяўчыны і сябры, з якімі весела праводзіць вольны час. Распавядаючы пра сумесныя прагулкі ў парку, паездкі на возера і проста вячоркі, яна ўсміхаецца і ледзь цішэй звычайнага дадае: «Тут цікава, і з’язджаць нікуды не хочацца».
Падабаецца Марыне і разнастайнасць невялікіх крамаў, што радуюць яркімі шыльдамі з назвамі. І зручнае размяшчэнне прыпынкаў разам з прадуманымі графікамі руху грамадскага транспарту. І смех дзяцей, які ўпрыгожвае парк, што яшчэ не зусім прачнуўся пасля зімовай ночы…
Менавіта з такіх дробязей і складаецца ўражанне ад Асіповіч.
Няхай хто-небудзь скептычна заўважыць, што падобнае характэрна для любога горада. У Марыны на гэта свой погляд. Ёй падабаецца падарожнічаць, у планах — пабываць у розных кутках Беларусі. А пакуль у яе ўласным рэйтынгу гарадоў Асіповічы знаходзяцца побач з роднымі Калінкавічамі. Дзяўчына праводзіць паралелі паміж імі, ужываючы словы «спакойны, прыгожы і ўтульны».
…Жыццё складзена так, што чалавек можа толькі меркаваць. Зараз Дарошка абжываецца ў Асіповічах і не выключае магчымасці, што ў будучыні прыйдзецца з’ехаць на новае, незнаёмае пакуль яшчэ месца. Але нават калі так адбудзецца, ад нашага горада ў яе застануцца цёплыя ўспаміны.
— Я думаю, што горад можна лічыць сваім, калі ён здолеў пакінуць яркі след у душы, калі кавалачак твайго сэрца прыжыўся ў ім, і ты не шкадуеш, што там засталася часцінка цябе.
Вы «падпісваецеся» пад словамі Марыны?
Алена МІНАКОВА.