У чарговы раз СВК “Калгас “Авангард” пацвердзіў адпаведнасць сваёй назве: па выніках 2014 года гаспадарка заняла лідзіруючыя пазіцыі ў асноўных намінацыях — вытворчасці і продажы дзяржаве малака і мяса, вытворчасці цукровых буракоў. На ўзроўні тут таксама ідэалагічная работа, энергазберажэнне, фізкультура і спорт. Хто, як не самі “авангардаўцы”, могуць лепш расказаць аб сваіх справах? Ім і слова.
Уладзімір Лэйла, аграном-аграхімік:
— Цукровых буракоў летась калгас меў 160 гектараў у чатырох месцах. Больш за ўсё парадавала поле ў Орчы: атрымалі па 540 цэнтнераў на круг. Не расчараваў і вяззеўскі ўчастак, дзе гэты паказчык на ўзроўні 480. У выніку сярэдняя ўраджайнасць культуры па гаспадарцы — 375 цэнтнераў з гектара. Для такога неспрыяльнага для буракоў года, якім быў мінулы, здабытак можна лічыць неблагім. Спрыяла ўраджаю найперш выкананне агратэхнікі. Яшчэ з восені ўнеслі патрэбныя ўдабрэнні, вясной падкармілі глебу пад асноўную апрацоўку, перыядычна апрацоўвалі палі ад пустазелля і шкоднікаў летам, прымянялі мікраўдабрэнні. Шчыра кажучы, быў перыяд, калі ўжо думалі, што буракі прападуць ад недахопу вільгаці, аднак падтрымалі расліны “Гідрагуматам”, “Адоб борам”, “Экасілам”, не далі ім загінуць. Ну а потым пайшлі дажджы і вырас наогул нядрэнны караняплод. Варта адзначыць значны ўклад механізатара Сяргея Гарадзецкага, які праводзіў хімпраполку, уносіў удабрэнні. У час уборкі салодкіх караня-плодаў на “Холмеры” — а такі камбайн у раёне толькі адзін — працавалі Сяргей Вашкевіч і Андрэй Сідарэнка. Яны ж аказвалі дапамогу ў копцы буракоў і іншым гаспадаркам. Зроблены зачын і на гэты год: на выбраныя з восені ўчасткі ўнеслі хлорысты калій, часткова — амафосы. Засталося пасеяць буракі і карміць ужо іх усходы. Спадзяёмся, новы сезон будзе ўдалы!
Ірына Карлоўская, галоўны заатэхнік:
— Гаспадарка мае 3.428 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 780 дойных кароў. Статак утрымліваецца на фермах у Вяззі, Зборску, Малой Гарожы, Лучыцах, Орчы. Асноўныя аб’екты вытворчасці малака — комплексы з сучаснымі высокатэхналагічнымі даільнымі заламі ў Вяззі і ў Лучыцах. На першым з іх за год атрымана па 5.287 кілаграмаў малака ад каровы, на другім — 4.430. І гэта ўлічваючы тое, што на новым аб’екце малако пайшло толькі з сакавіка. Зараз тут сярэднясутачны надой ад каровы — 17 кі-лаграмаў. Памяшканне светлае, з дапамогай трактара без праблем ажыццяўляецца яго ўборка. Рагулі ўсе чыпаваныя, перад даеннем атрымліваюць камбікорм для высокаўдойных кароў.
У цэлым па СВК лічбы за год склаліся такія: атрымана 3.606,2 тоны малака — 101,6% да папярэдняга перыяду. На добрым узроўні і яго рэалізацыя — 104,3%, таксама таварнасць — 90,5, альбо 103% да пазалеташняга паказчыка. Не змінусавалі і ў вытворчасці мяса: 431,1 тоны — 102,6%. Пастараемся трымаць планку і сёлета.
Ёсць пэўныя планы па ўдасканаленні аб’ектаў жывёлагадоўлі. Калі атрымаецца зрабіць рэканструкцыю памяшкання пад цэх суха-стою і раздою ў Лучыцах, мясцовы комплекс будзе з поўным шлейфам, што рознабакова мэтазгодна. Збіраемся абнавіць і адкормачнік на Орчы.
Міхаіл Туркоў, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце:
— Поспех любой справы распачынаецца з узаемадзеяння з людзьмі. Калі раней нярэдка галоўнымі былі лічбы, паказчыкі, справаздачы, то цяпер больш увагі стала надзяляцца менавіта чалавеку, яго праблемам. Важна своечасова адчуць змяненне настрою ў калектыве, знайсці падыход да кожнага працаўніка. Ідэалагічная работа мае шмат розных граней. Гэта і падба-дзёрыць чалавека перад першым выхадам у поле, і павіншаваць з поспехам, і паспрыяць стабілізацыі абстаноўкі ў сям’і, калі трэба — падтрымаць у цяжкай сітуацыі.
Адзін з бакоў ідэалагічнай работы — прывіццё гаспадарскіх адносін да ўсяго. “Авангард” у мінулым годзе выйшаў на добрыя паказчыкі па энергазберажэнні. Вынік дасягнуты за кошт эканоміі газу пры сушцы збожжа. Калі пазалетась на гэтыя патрэбы яго пайшло 18.777 кубаметраў, то летась — 8.894. А яшчэ — павелічэння долі выкарыстання мясцовых відаў паліва, ашчаднага спажывання электраэнергіі.
Мае значэнне і тое, як арганізуецца вольны час працаўнікоў. Значная ўвага надзяляецца ў гаспадарцы спорту. Дарэчы, у калектыўным дагаворы прадугледжана матэрыяльнае заахвочванне і за спартыўныя дасягненні. Адказвае за гэту справу Кацярына Карлоўская. Напрыклад, нядаўна калгаснікі ў складзе зборнай раёна ездзілі ў Клімавічы на абласную спартакіяду. Ёсць дамоўленасць са школай наконт спартыўнай і трэнажорнай зал: у вячэрні час тут займаецца і моладзь сельгаспрадпрыемства. Словам, стараемся, каб калгаснае жыццё было насычаным і рознабаковым.