Раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” пачала сваю дзейнасць у студзені 2008 года. На сёння структура мае 91 “пярвічку” і аб’ядноўвае амаль 800 жыхароў Асіповіччыны. Сярод членаў суполкі хапае кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, прадстаўнікоў настаўніцкага асяроддзя — і гэта толькі плюс: якраз такія людзі і могуць аказаць станоўчы ўплыў як на развіццё асобы, так і свайго рэгіёна, а значыць, краіны.
На гэтым тыдні прайшла знакавая для райарганізацыі падзея — справаздачна-выбарная канферэнцыя. Аб дзейнасці за 2012-2014 гады расказала вядучы спецыяліст па арганізацыйна-кадравай рабоце РА РГА “Белая Русь” Наталля Пракопчык. Суполка прымае актыўны ўдзел у розных акцыях і мерапрыемствах, якія ладзяцца ў раёне. Гэта і ўшанаванне адораных вучняў, і конкурс “Сям’я года”, і дабрачыннасць. Аказана спонсарская дапамога маладзёжнаму саюзу для ўзнагароджання лепшых удзельнікаў працоўнага семестра, баскетбольнаму клубу “Свіслач” — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і падтрымку гульнявых відаў спорту, уручаны падарункі шматдзетным матулям. Словам, у полі зроку “Белай Русі” розныя аспекты жыцця землякоў. Нядаўна адбылося яшчэ адно пазітыўнае змяненне: пад грамадскую прыёмную, дзе будзе па графіку весці прыём актыў арганізацыі, у аддзеле адукацыі выдзелена асобнае памяшканне.
У сваім выступленні старшыня Вяззеўскага сельвыканкама Iван Вярыга падкрэсліў, што значная ўвага “пярвічкай” сельсавета надаецца ўмацаванню правапарадку і дысцыпліны — за мінулы год колькасць злачынстваў і правапарушэнняў знізілася на 10%. Праводзіцца мэтанакіраваная работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Эфектыўна выкарыстоўваюцца школьныя спартыўная зала і стадыён. Калі днём гэтыя аб’екты заняты вучнямі, то па вечарах і ў выхадныя сюды прыходзіць рабочая моладзь з калгаса, рыбгаса, лясніцтва.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ларыса Чаропка раскрыла шляхі ўзаемадзеяння з БРСМ і БРПА. Важна далучаць падрастаючае пакаленне да грамадскага жыцця з мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і атрымання вопыту канструктыўнага рашэння сацыяльных праблем. Дзейнасць уключае канкрэтныя справы, якія “пярвічка” падтрымлівае, выступаючы куратарам у рэалізацыі многіх праектаў, конкурсаў. Гімназісты ведаюць, наколькі важна захоўваць чысціню і ўтульнасць свайго куточка роднай Беларусі, таму заўсёды з задавальненнем удзельнічаюць ва ўборцы і азеляненні тэрыторыі, зборы другаснай сыравіны, ачыстцы рэчкі Трубінкі і інш.
Загадчык ясляў-сада № 10 “Расінка” Любоў Iгнацьева паведаміла, што да “Белай Русі” ўжо далучылася больш за палову працаўнікоў установы. Супрацоўніцтва з прафсаюзным камітэтам дапамагае аб’ядноўваць калектыў, умацоўваць дысцыпліну, укараняць у работу новае і перадавое. Арганізацыя вырашае розныя ўнутраныя задачы, забяспечвае сістэму інфармавання аб дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, розных палітычных падзеях.
Адным з пунктаў парадку дня канферэнцыі былі выбары старшыні раённай арганізацыі. Шляхам адкрытага галасавання начальніку ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Шаўчэнка даверылі зноў узначаліць асі-повіцкую структуру. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга — калега па “Белай Русі” — пажадаў лідару далейшых поспехаў і даў станоўчую ацэнку дзейнасці арганізацыі. Ён падкрэсліў, што грамадскае аб’яднанне з цягам часу набірае аўтарытэт і вагу ў грамадстве. Гэты год адзначаны важнай падзеяй — выбарамі Прэзідэнта краіны. Свядомасць, актыўнасць, адказнасць праяўляць члены “Белай Русі” павінны заўсёды, а ў час выбарчай кампаніі — тым больш. Гэта — пацвярджэнне іх шчырай зацікаўленасці ў стварэнні моцнай дзяржавы.
Канферэнцыя стала добрай нагодай назваць лепшых. Адзначана плённая работа “пярвічак” філіяла Асіповіцкага УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, інспекцыі па падатках і зборах па Асіповіцкім раёне, Вяззеўскага сельвыканкама, гімназіі. У якасці падарункаў былі набыты новыя стэнды. За асабісты ўклад у развіццё арганізацыі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і прэміямі шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў, а каштоўныя сувеніры атрымалі самыя актыўныя лідары нізавых структур.