З канца ХІХ і да 20-х гадоў ХХ ст. звестак аб даследаванні на Асіповіччыне амаль не сустракаецца. Толькі этнограф І.Сербаў у час сваіх падарожжаў згадаў гарадзішча паміж Жыцінам і Шчыткавічамі.
У 1926 годзе навуковая экспедыцыя БДУ разам з С.Шутавым і М.Улашчанка даследавала раку Свіслач. Ім дапамагалі кіраўнік Асіповіцкага края-знаўчага таварыства, настаўнік чыгуначнай школы А.Немцаў і свіслацкі краязнавец, настаўнік Р.Бахта. Выяўлены курганныя могільнікі каля Смыка, зафіксавана, што ля Камарына мясцовы ляснік раскапаў шмат курганоў.
У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя помнікі эпохі бронзы ў раёне вёскі Дараганава і Радуцічы даследаваў вядомы археолаг К.Палікарповіч. Напачатку 30-х навукоўцы Інстытута беларускай культуры агледзелі каля берага Пцічы сляды паселішчаў эпохі бронзы каля Дараганава, Майсеевіч, Радуціч, Слопішча, а таксама зафіксаваны курганныя могільнікі ля Радуціч, Дрычына, Лукі, Сяльца.
Пачынаючы з сярэдзіны 20-х і ў пачатку 30-х гадоў плённа працавалі Асіповіцкае і Свіслацкае краязнаўчыя таварыствы. Гурткі былі амаль у кожнай школе, а асабліва вылучаліся гарадская і чыгуначная сямігодкі, якія выпускалі рукапісныя часопісы “Родны кут” і “Наш раён” адпаведна. Пры чыгуначнай школе існаваў краязнаўчы музей, дзе было 140 фотаздымкаў помнікаў раёна. Сюды быў перавезены і каменны крыж, што стаяў каля в. Пабокавічы. Краязнаўцы апісвалі хаты, вопратку, абутак, рабілі слоўнікавыя запісы. У 1926 годзе яны даслалі 102 карткі на кафедру этнаграфіі Інстытута беларускай культуры. У Свіслачы выпускаўся часопіс “Рунь” — адзін з першых у рэспубліцы. Тут былі змешчаны артыкул “Месца Свіслач”, паданне “Швэдскае спаленне”, 15 розных песень і інш. Збіраліся рэчы каменнага веку і старадаўнія манеты.
Праз Асіповічы ў канцы 20-х гадоў праходзілі маршруты краязнаўчых экспедыцый са Слуцка пад кіраўніцтвам У.Мікіцінскага. У час аднаго з падарожжаў было агледжана гарадзішча каля в. Крамок і запісана паданне пра яго.
З канца 30-х і да пачатку 60-х гадоў вывучэнне помнікаў старажытнасці не вялося.
У 1963 і 1964 гадах Ю.Драгун вывучаў гарадзішча каля Смыка. Пры раскопках высветлілася, што на месцы гарадзішча існавала паселішча ў часы ранняга жалезнага веку і ў канцы І-пачатку ІІ тыс. У сярэдзіне 60-х Л.Побаль абследаваў неўмацаваныя паселішчы каля Усціжа, Цэлі, Чучча і інш. Ім выяўлены таксама курганныя могільнікі каля Каменіч, Канцоў і Крынкі.
Заканчэнне будзе