Наш зямляк урач-рэнтгенолаг Васіль Цеплякоў мае не толькі прафесійна ўважлівы позірк, але і гаспадарскую прадбачлівасць. Інакш як тады можна ахарактарызаваць тое, што, у 2011 годзе ён прывёз з Амерыкі ў 2011 годзе ўсяго кілаграм сіняй бульбы — Blue potatoes, а на сённяшнюю восень мае ўжо больш за тону гэтага карыснага і цікавага беларусам сваім незвычайным колерам прадукту?
Да сельскай гаспадаркі Васіль Валянцінавіч мае цягу з даўніх часоў — гэта ўжо гены. Бацька Валянцін Сцяпанавіч — вядомы на Асіповіччыне фермер, і работа на зямлі, нягледзячы на абраную ў жыцці іншую прафесійную сцежку, Цеплякову-малодшаму таксама даспадобы. Гэта так натуральна — сеяць культуры, даглядаць іх і радавацца атрыманаму ўраджаю. А калі культура рэдкая, то працэс захапляе яшчэ больш. І ўсякая работа, з гэтым звязаная, для яго свайго роду адпачынак і ад гарадской мітусні, і ад медыцынскай практыкі.
Сіняя бульба прыцягнула ўвагу цікаўнага беларуса адразу па некалькіх пазіцыях. Па-першае, было адкрыццём, што гэта не вынік геннай інжынерыі, а бульба натуральнага паходжання. Па-другое, па сваіх якасцях яна перавышае звыклыя нам гатункі ўтрыманнем антыаксідантаў, што для беларусаў мае асаблівую важнасць, а таксама наяўнасцю вітамінаў С, Е і цэлага раду каратаноідаў. Наступны плюс сіняй бульбы – яе высокая ўраджайнасць: пад адным карчом знойдзеш 20-25 клубняў, якія і могуць даць такі прывабны паказчык, як 350-400 цэнтнераў з гектара. Ну і немалаважны аргумент — смакавыя якасці “васілька” – такую назву далі амерыканскай бульбе ў Сухлаве, дзе і знаходзіцца аднайменная фермерская гаспадарка.
— Як доктар і проста як сын, муж і тата, думаю аб здароўі і яго складаемых, — разважае Васіль Валянцінавіч. — Акрамя таго, што выступаю ў ролі звычайнага спажыўца, яшчэ імкнуся зрабіць канкрэтныя крокі на шляху да правільнага харчавання. З гэтага года сіняя бульба для мяне і маёй сям’і не далікатэс, а проста здаровая ежа на кожны дзень. І іншым рэкамендую! Стараўся на працягу некалькіх гадоў для сябе, сям’і і сяброў. Ну і, канечне, для таго, каб мець са сваёй задумкі і эканамічную выгаду. Насенне сіняй бульбы ўмерана дарагое, аднак яно таго каштуе. Дарэчы, наша гаспадарка “Сухлава” адна з першых у Беларусі, каму ўдалося ў такой колькасці на прысядзібным участку вырасціць сінюю бульбу. Можам прапанаваць такую інвестыцыю ў сваё здароўе і нашым землякам, і жыхарам іншых абласцей. Чаму б і не заняцца цікавым і карысным агранамічным эксперыментам? Догляд за бульбай не больш складаны, чым за звычайнай. Перад пасадкай клубні трэба апрацаваць прэпаратамі “Максім” і супраць каларадскага жука “Прэстыж”. Калі прыйдзе час, бульбу абагнаць, пад дождж зрабіць хімпраполку — пустазелля не было 12 тыдняў. Дарэчы, само поле таксама выглядае экзатычна: бацвінне высокае з фіялетавым адценнем, цвіце “васілёк” прыгожа, толькі фіялетавымі кветачкамі. Сёлета з іх ужо ўдалося атрымаць насенне.
Не магу не падзяліцца і ўласнымі ўражаннямі ад сіняй бульбы. Навобмацак і першы погляд — звычайная, толькі крыху цямнейшая, але калі разразаеш, чакае сюрпрыз: мякаць сапраўды фіялетавая, прычым поўнасцю. Што тычыцца смакавых якасцей — і такую магчымасць прадставілі гасцінныя гаспадары, — то бульба сапраўды смачнейшая, чым звычайная, мае больш выражаны “бульбяны” смак з арэхавай нотай, вобразна кажучы, больш “густая”. Ну а тое, што пюрэ атрымліваецца сіне-фіялетавага колеру, толькі ўзмацняе жаданне яго паспрабаваць. Дарэчы, спалучаючы звычайную і сінюю бульбу, гаспадыні ёсць поле для фантазіі ў афармленні страў.
Дадатковую інфармацыю пра незвычайную бульбу можна атрымаць, звязаўшыся з Васілём Валянцінавічам па электроннай пошце [email protected]
Валянціна КОРБАЛЬ.
стрёмнае какое-то пюре, я б его есть не стал
Интересно знать как он семена провёз, ведь это запрещено законом, контрабандист-Василий получается?