Прафсаюзнае жыццё
Справаздачна-выбарная канферэнцыя — падзея ў прафсаюзным жыцці адметная. На мінулым тыдні яна і сабрала дэлегатаў з арганізацый аграпрамысловага комплексу Асіповіччыны. Удзельнічалі ў яе рабоце таксама старшыні рэспубліканскага і абласнога камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Навумчык і Віктар Гейдаль, кіраўнік раёна Пётр Шукаловіч. Сяброўская атмасфера сустрэчы спрыяла рознабаковаму дыялогу.
Старшыня райкама прафсаюза Святлана Сідарэнка дэталёва прааналізавала работу за апошнія чатыры гады. Асноўныя намаганні былі накіраваны на захаванне і развіццё структуры арганізацыі, павышэнне эфектыўнасці работы па абароне законных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза, умацаванне сацыяльнага партнёрства.
У райарганізацыі на ўліку 20 “пярвічак”, якія аб’ядноўваюць больш за 1.750 чалавек — 99% ад усёй колькасці працаўнікоў. За апошнія гады ліквідаваны 4, а створаны 3: далучыліся сялянска-фермерскія гаспадаркі “АграАўтаНова”, “Гаспадар” і “Лясное”. Гэта — станоўчая практыка, а адчувальную страту прафсаюзу нанёс пераход прафесійнай суполкі мясцовага малочнага перапрацоўшчыка на абслугоўванне Магілёўскай гарадской прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Ды і працаўнікі філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, на жаль, адносяцца да другога прафсаюза, таму ў плане захавання колькасці членаў раённай арганізацыі сітуацыя даволі складаная. З просьбай аб падтрымцы Святлана Уладзіміраўна і звярнулася да рэспубліканскага і абласнога прафсаюзных лідараў.
У рашэнні ключавых вытворчых і сацыяльна-эканамічных праблем паўсюдна выкарыстоўваецца сістэма распрацоўкі, заключэння і рэалізацыі пагадненняў і калектыўных дагавораў. Штогадовы аналіз паказвае, што прафкамы адказна падыходзяць да гэтай справы. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле старшынь “пярвічак” калгасаў “Авангард”, “Бярэзіна”, “Лапічы”, “Каўгарскі” распрацаваны і заключаны калектыўныя дагаворы з высокай ступенню абароны працаўнікоў, устаноўлены дадатковыя сацыяльна-эканамічныя гарантыі і льготы.
Адна з прафсаюзных задач — распрацоўка ўмоў спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці АПК. На стэндах мехдвароў размяшчаліся ўмовы першынства, расцэнкі. У перыяд актыўных сельгасработ штодзённа вывешваліся вынікі работы механізатараў, вадзіцеляў, машыністаў зернетакоў. У гонар перадавікоў у гаспадарках штораніцы падымаўся сцяг. Райкам прафсаюза ўручаў Падзячныя лісты і грашовыя прэміі лепшым працаўнікам. Iнфармацыя друкавалася ў раённай і абласной газетах.
У цэнтры пастаяннай увагі — забеспячэнне наймальнікамі аплаты працы не менш за ўстаноўлены законам мінімум, на сёння — 1.756.730 рублёў.
У выніку маніторынгу выканання заканадаўства аб працы выяўлена нямала парушэнняў. Тыповыя з іх — несвоечасовая выплата сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку і ўсіх сум пры звальненні, парушэнне тэрмінаў зарплаты і інш.
Адна з граней дзейнасці прафкама — забеспячэнне належных умоў работы. Ва ўсіх “пярвічках” створаны камісіі па ахове працы, абраны 84 грамадскія інспектары. Аналізуючы няшчасныя выпадкі, якіх з 2010 года адбылося 10, можна зрабіць вывад, што прычыны траўматызму не мяняюцца: нездавальняючы стан і недахопы ў арганізацыі рабочага месца, недастатковае і фармальнае навучанне і правядзенне інструктажу, допуск да работы без праверкі ведаў па ахове працы. Часта бяда прыходзіць з-за пагарджання бяспекай, нізкай самадысцыпліны і самакантролю.
Цэх, майстэрня, ферма — месца, дзе чалавек праводзіць трэць свайго часу, таму ўсё тут павінна быць зручным, сучасным і, безумоўна, бяспечным для работы. У гаспадарках зроблена нямала ў плане добраўпарадкавання бытавых памяшканняў на мехдварах і фермах — гэта і ацяпленне, і набыццё неабходнага абсталявання і посуду. Варта адзначыць ініцыятыву загадчыцы фермы і калектыву ў Карытным, дзе самастойна адрамантавалі пакоі для адпачынку, творча добраўпарадкавалі тэрыторыю фермы.
Сёння адна з галоўных праблем на сяле — парушэнне працоўнай дысцыпліны: яўка на работу ў нецвярозым стане або і ўвогуле прагул ці крадзеж. Нярэдка функцыянаванне камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам зводзіцца да прапаганды здаровага ладу жыцця, а не прыняцця канкрэтных мер. Можна паставіць у прыклад калгасы “Лапічы” і “Авангард”, якія не шкадуюць сродкаў на лячэнне работнікаў ад згубнай залежнасці. Хоць нярэдка эфект бывае часовым, аднак за чалавека трэба змагацца ўсімі магчымымі метадамі.
Немалаважны аспект — інфармаванасць. Усе арганізацыі набылі і рэгулярна абнаўляюць стэнды “Прафсаюзная работа”. Калі гэта добра аформлена, чалавек абавязкова спыніцца, паглядзіць, а заадно і пачарпне неабходныя звесткі.
Важная і прыемная сацыяльная задача — арганізацыя культурнага адпачынку працаўнікоў і іх сямей. Ладзяцца мерапрыемствы да свят з ушанаваннем лепшых, арганізоўваюцца канцэрты, віншуюцца юбіляры і г.д. Ажыццяўляюцца турыстычныя паездкі. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца Жыровіцкі манастыр на Гродзеншчыне, батанічны сад, заапарк і дэльфінарый у Мінску, сталічныя і бабруйскі тэатры.
Больш дэталёва раскрылі работу прафсаюза старшыні “пярвічак”. Напрыклад, Людміла Жук з СВК “Калгас “Лапічы” расказала, што гаспадаркай штогод набываюцца пуцёўкі на аздараўленне работнікаў і іх дзяцей. Кіраўніцтва калгаса дапамагае з падарункамі да свят. Прафкам разглядае заявы на аказанне матэрыяльнай дапамогі, прычым хвалююць не толькі звыклыя юбілей альбо вяселле, але і, напрыклад, набыццё дарагіх лекаў. Вольга Мароз з ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” паведаміла, што на прадпрыемстве вялікая ўвага надаецца ахове працы. На аснове праведзенай атэстацыі рабочых месцаў працаўнікам, якія робяць у неспрыяльных умовах, устаноўлены даплаты да тарыфных ставак. Тым, хто мае справу са шкоднымі рэчывамі, выдаецца малако.
З інфармацыяй аб рабоце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па замацаванні моладзі ў АПК раёна выступіла галоўны спецыяліст Анастасія Дзяшчэня. Гэтая катэгорыя працаўнікоў мае шэраг ільгот: прадастаўленне службовага добраўпарадкаванага дома альбо месца ў інтэрнаце, штомесячная даплата да заробку ў памеры 2 тарыфных ставак I разраду першыя два гады работы і на працягу трох наступных — 3 тарыфныя стаўкі, калектыўнымі дагаворамі прадугледжаны выплаты на абзавядзенне гаспадаркай у памеры да трох службовых акладаў і г.д. I ўсё ж, нягледзячы на існуючыя льготы і гарантыі, моладзь застаецца працаваць у вёсцы неахвотна. Апытанне называе неспрыяльныя фактары: невысокі ўзровень аплаты працы і яе складаныя ўмовы, адсутнасць службовага транспарту і ненармаваны рабочы дзень. На месцах трэба вырашаць, як зрабіць працу ў сельскай гаспадарцы прывабнай для юнакоў і дзяўчат.
Работа райкама прафсаюза была станоўча ацэнена як прадстаўнікамі “пярвічак”, так і старшынёй райвыканкама Пятром Шукаловічам. Ён падкрэсліў, што прафсаюз заўсёды застаецца надзейным памочнікам у рэалізацыі самых складаных задач. I ў тых пазітыўных змяненнях, якія адбыліся ў АПК раёна за апошнія гады, ёсць заслуга і прафесійнага аб’яднання. Ну а прастора для ўдасканалення працы знойдзецца заўсёды.
Дзейнасць раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК прызнана здавальняючай і падстаў мяняць кіраўніка не было. Шляхам адкрытага галасавання старшынёй райкама прафсаюза зноў абрана Святлана Сідарэнка. У хуткім часе яна разам з прафсаюзным лідарам ААТ “ПМК № 95 “Вадбуд” Марынай Дзятлавай будуць прадстаўляць Асіповіччыну на абласной канферэнцыі.
Валянціна КОРБАЛЬ.