Адна з найбольш важных дат у вытворчым календары УКП ЖКГ — 1 кастрычніка. Менавіта да гэтага дня “прывязана” заканчэнне падрыхтоўкі кацельнай гаспадаркі і падземных камунікацый да новага ацяпляльнага сезона. Надыход кантрольнага тэрміну асіповіцкія камунальнікі чакаюць спакойна: з 20 кантрольных паказчыкаў, якія даюць дакладнае ўяўленне аб дзейнасці гэтай падрыхтоўкі, па стане на 10 верасня 18 выканана цалкам, а па аднаму (мантаж новага абсталявання ў кацельні СШ № 2) засталіся толькі розныя дробязі, дарабіць якія своечасова нішто не перашкаджае. Ну а замена зношаных труб на сучасныя, папярэдне ізаляваныя, ідзе ў планавым парадку і ў адпаведнасці з устаноўленым графікам. Да канца верасня трэба скончыць мантаж на ўчастку каля дома № 51 на вуліцы Сумчанкі. Тут упершыню прымяняюцца трубы новай канструкцыі — гнуткія, з гафрыраванага пластыку. Пры роўных з ПI-трубамі паказчыках надзейнасці і трываласці, яны крыху даражэй, аднак значна прасцей у мантажы і танней ў абслугоўванні, таму эканомія ад іх ужывання чакаецца значная.
Відавочна, паспяховасць выканання сезонных работ у камунальнай гаспадарцы залежыць ад некалькіх фактараў: эфектыўнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, своечасовага фінансавання, наяўнасці спецыялістаў неабходнай кваліфікацыі. Дзейнічаюць гэтыя фактары разам і пастаянна, аднак сёлета іх “баланс” склаўся даволі своеасабліва.
Не сакрэт, што большасць суб’ектаў гаспадарання сёння адчувае дэфіцыт працоўных рэсурсаў. УКП ЖКГ не выключэнне, аднак у структуры яго “кадравага голаду” ёсць цікавая спецыфіка. Спецыялістаў высокай кваліфікацыі на прадпрыемстве дастаткова — таму спрыяе як нядрэнны ўзровень заробкаў, так і свайго роду здаровы кансерватызм гэтай катэгорыі работнікаў. У пераважнай большасці яны працуюць у камунальнай гаспадарцы даўно і шукаць іншую справу не збіраюцца. А вось з больш сціпла аплачваемымі пасадамі, дзе не патрабуецца асаблівае прафесійнае майстэрства — праблем хапае. Знайсці дысцыплінаванага і адказнага сезоннага качагара ў кацельню, якая сілкуецца дровамі, сёння зусім не проста. Аднак кіраўніцтва УКП ЖКГ у свой час праявіла прадбачлівасць, стварыўшы шэраг дапаможных структур: цэх дрэваапрацоўкі, рамонтна-будаўнічы і сантэхучастак, участак па рамонце электрарухавікоў і г.д.
Сёння іх персанал, зразумела, пры ўмове нізкай загрузкі на асноўным месцы працы, прыцягваецца да разнастайных сезонных работ і ўдзельнічае ў іх ахвотна. Магчымасць зарабіць больш грошай — самая моцная матывацыя.
Прынамсі, што тычыцца сродкаў, якія атрымлівала прадпрыемства, то, па словах галоўнага інжынера УКП ЖКГ Iгара Казачонка, яны паступалі ў поўным аб’ёме і — трэба падкрэсліць асобна — своечасова.
Вось толькі атрыманы ў вясенне-летні перыяд даход камунальнікі не здолелі выкарыстаць з найбольшай карысцю для сябе і нашага рэгіёна. Справа ў тым, што сёлета змяніўся парадак афармлення пашпартоў падрыхтаванасці для катлоў, якія адпрацавалі нарматыўны рэсурс — узгаданы дакумент можа быць выдадзены толькі пасля праверкі катла экспертам Дзярж-праматамнагляду. Паслуга гэта платная і даволі дарагая, так што допуск да эксплуатацыі 62 “старых” катлоў (а гэта амаль палова ад усёй колькасці кацельных установак прадпрыемства) каштаваў УКП ЖКГ 120 мільёнаў рублёў.
Цяжка сказаць, наколькі павысіла ўзровень надзейнасці кацельнай гаспадаркі ўвядзенне дадатковага звяна ў сістэму кантролю бяспекі, аднак тое, што за грошы, якія сёлета пайшлі на аплату пашпартоў гатоўнасці, можна было набыць адзін новы кацёл альбо правесці мадэрнізацыю абсталявання, якое адказвае за бяспеку эксплуатацыі адразу на некалькіх састарэлых катлах, — відавочна нават неспецыялісту.
Вось і ўзнікае пытанне — куды аднесці ўзгаданую фіскальна-фінансавую навацыю. Да дэбюракратызацыі дзяржапарату альбо да аптымізацыі сабекошту ацяплення і гарачага водазабеспячэння?
Дзмітрый САЎРЫЦКI.