У 1986 годзе Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў агучыў амбіцыёзны план будаўніцтва жылля, у адпаведнасці з якім да 2000 года кожная савецкая сям’я павінна была атрымаць асобную кватэру альбо дом. Сёння цяжка сказаць, наколькі праграма “Жыллё-2000” адпавядала эканамічным магчымасцям колішняй звышдзяржавы, аднак накірунак у вырашэнні адной з найбольш важных сацыяльных праблем тады быў зададзены правільна. I таму, як толькі дазволіў эканамічны стан, у суверэннай Беларусі жыллёвае будаўніцтва і звязанае з ім добраўпарадкаванне паселішчаў зноў сталі аднымі з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі.
За апошняе дзесяцігоддзе выгляд ды памер паселішчаў краіны змяніліся моцна, і Асіповіччына не выключэнне. Але вось якая дзіўная рэч: нягледзячы на ўсё ўзрастаючыя тэмпы ўзвядзення жылля, колькасць жадаючых палепшыць умовы свайго пражывання ў раёне ўжо амаль 5 гадоў трымаецца на прыблізна аднолькавым узроўні — каля 2,5 тысяч. Як такое можа быць? З гэтага пытання і пачалася гаворка з галоўным будаўніком рэгіёна — намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем СЕМЯНЦОВЫМ:
— Трэба разумець, што маюцца на ўвазе тыя землякі, што разлічваюць на льготнае жыллёвае крэдытаванне. Але большая іх частка, так бы мовіць, “пасіўныя забудоўшчыкі”. Па існуючым заканадаўстве яны не ўваходзяць ні ў адну з катэгорый ільготнікаў і стаяць у чарзе “на перспектыву”, чакаючы перамен ва ўласным жыцці. Як правіла, галоўнае абмежаванне — недастатковы для атрымання іпатэчнага займу ўзровень даходаў. Напрыклад, сёння, калі на аднаго чалавека ў сям’і штомесячна атрымліваецца меней 2 мільёнаў рублёў, з дамашняга бюджэту практычна немагчыма выдзеліць грошы на паляпшэнне жыллёвых умоў.
— Ужо два гады айчыннае жыллёвае будаўніцтва рэгламентуецца Указам Прэзідэнта краіны № 13, паводле якога спачатку ўзводзяцца дамы, а потым ідзе пошук жадаючых набыць кватэры. Пры такой арганізацыі справы райвыканкам павінен выконваць адначасова ролі заказчыка для будаўнічых арганізацый і менеджэра па продажах. Наколькі паспяхова ўдаецца спраўляцца з гэтымі справамі?
— Найперш адзначу, што ўзгаданы парадак узаемаадносін дазволіў стварыць больш прадказальныя ўмовы менавіта для работы будаўнічых арганізацый. Калі раней яны маглі брацца за новабудоўлю толькі тады, калі цалкам сфарміраваўся склад жыллёва-будаўнічага кааператыва, то з прыняццем Указа № 13 працуюць у адпаведнасці з папярэдне пралічаным планам. А вось дзяржаўным органам, якія павінны займацца ўзгаданым вышэй планаваннем, працаваць даводзіцца і больш напружана, і больш адказна. Ад таго, наколькі дакладна пралічаны попыт на новае жыллё ў цэлым і па асобных пазіцыях, кватэр з пэўнай колькасцю пакояў, залежаць яго запатрабаванасць сярод патэнцыяльных жыльцоў і нагрузка на раённы бюджэт. Справа ў тым, што незапатрабаванае адразу жыллё райвыканкам павінен выкупіць, а потым рэалізоўваць праз аўкцыёны.
На сёння ў будуемых і плануемых да здачы ў эксплуатацыю ў трэцім квартале дамах ёсць каля 30 свабодных аднапакаёвых кватэр, так што кожны з ільготнікаў, каго задавальняе такая “плошча”, можа ўсяліцца, як толькі вырашыць усе пытанні з банкам. Што ж тычыцца двух- і трохпакаёвак, то жадаючыя іх атрымаць змогуць зрабіць гэта ў першай палове будучага года.
— З Вашых слоў вынікае, што ў 2015 годзе “жыллёвае пытанне” ў раёне будзе нарэшце вырашана?
— У значнай ступені — так. Сёлета будаўніцтва на сяле за кошт дзяржаўных сродкаў практычна не вялося — у аграгарадках з’явілася дастатковая колькасць дамоў. Што тычыцца Асіповіч, то казаць пра скарачэнне жыллёвага будаўніцтва яшчэ нельга. Хутчэй за ўсё яно застанецца на сёлетнім узроўні — у горада павінен быць пэўны “жыллёвы запас”. Прычым не толькі ў выглядзе кватэр, якія пераходзяць ва ўласнасць жыхароў пасля выплаты банкаўскага крэдыту. Апошнім часам у краіне нарошчваюцца тэмпы ўзвядзення арэнднага жылля, якое павінна зменшыць кошт здаваемых прыватнымі асобамі кватэр. Першы такі дом у нас таксама будзе скончаны ў наступным годзе. Пры гэтым на яго 16 кватэр ужо ёсць значна большая колькасць прэтэндэнтаў.
— Назіраючы за домабудаўніцтвам можна зрабіць выснову, што ў ім адбываецца пэўны рэнесанс буйнапанэльнага мантажу, як тое было ў 60-я гады, у эпоху масавага ўзвядзення так званых “хрушчоб”…
— Тэхналогіі ў домабудаўніцтве сапраўды мяняюцца. Быў перыяд, калі прыярытэт аддаваўся праверанай стагоддзямі цэгле, спрабавалі ўзводзіць звышсучасныя маналітныя дамы, як 10-павярхоўка на “Чарняхоўцы”. Сёння па спажывецкіх і эксплуатацыйных якасцях усе дамы прыблізна аднолькавыя, але панэльныя значна таннейшыя — найперш з-за меншай працаёмкасці мантажу. Натуральна, каб трымаць кошт кватэр на даступным для людзей узроўні, перавага аддаецца панэлям. Зараз цана квадратнага метра ў асіповіцкай новабудоўлі складае 6,9 мільёна рублёў — танней жыллё проста не можа быць.
— Каб паспяхова выконваць маштабныя будаўнічыя праграмы, задзейнічана нямала арганізацый. Ці ёсць нейкая спецыфіка нашага будаўнічага комплексу ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Магілёўшчыны?
— Галоўнае асіповіцкае ноу-хау — зрошчванне прадпрыемстваў будаўнічай і жыллёва-камунальнай галіны. Гэта дазваляе рацыянальней карыстацца тэхнічным і чалавечым патэнцыяламі і зарабляць прадпрыемствам больш грошай. Асабліва ўдала такі сімбіёз адбыўся ў ДУКВП “Водаканал”, якое амаль палову даходаў мае ад будаўніцтва.
Эфектыўна працуе і будаўнічае падраздзяленне УКП ЖКГ. На роўных з камунальнікамі атрымліваецца рабіць хіба толькі ТАА “Асіповічыгазбуд” ды ТАА “Мехдарбуд”.
— Вы — каардынатар і кіраўнік усёй будаўнічай галіны раёна. Якія найбольш цяжкія ўпраўленчыя рашэнні, звязаныя з узвядзеннем жылля, даводзіцца прымаць?
— Самая складаная, так бы мовіць, стратэгічная праблема — займацца пошукам пакупнікоў на ўжо пабудаваныя кватэры. Весці бясконцыя перамовы і ўзгадненні цяжка, але такія цяжкасці сведчаць, што жыллёвае пытанне на вачах страчвае сваю вастрыню.
Ну а на “тактычным” узроўні — забеспячэнне будаўнічых арганізацый аб’ёмамі вытворчасці і рытмічным фінансаваннем. Зразумела, гэта будзённасць, але ад таго яна лягчэй не становіцца.
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.