Ракетныя войскі і артылерыя – не старэючыя і не трацячыя сваёй актуальнасці складнікі сучаснай беларускай арміі. 51 Гвардзейская змешаная артылерыйская група, вядомая жыхарам Асіповіччыны і як в/ч 12147, – не аднаразова прызнавалася адной з лепшых ва Узброеных Сілах краіны.
У пачатку жніўня 51 змагр адзначыла дзень часці. Хоць дата была і не круглая – 72 гады, аднак таксама не засталася незаўважанай. З гэтай нагоды ў часці адбыўся ўрачысты сход, на якім быў агучаны святочны загад. Выдатнікам ваеннай службы выказалі падзякі, ўзнагародзілі граматамі. Прыемным завяршэннем урачыстасці стаў святочны канцэрт, у якім бралі ўдзел і танцавальныя калектывы горада. Аднак, свята святам, але служба – заўсёды на першым месцы.
– Сёння асноўная наша задача – правядзенне работ у межах аптымізацыі штата Узброеных Сіл, – адзначае начальнік Асіповіцкага гарнізона, камандзір 51 змагр гвардыі палкоўнік Дзмітрый Пестаў. – Выконваем шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў, звязаных з пераходам на новы штат. Напрыклад, на працягу апошняга месяца здаём лішнюю тэхніку на склады, а гэта каля паўтысячы адзінак. Штосьці пераганяем самастойна, астатняе загружаем і адпраўляем па чыгунцы да пункта прызначэння.
Акрамя таго, зараз у частцы рыхтуюцца да сустрэчы новых суседзяў – зноў жа ў межах аптымізацыі. Ужо ў наступным годзе ў паўднёвым ваенным гарадку павінны будуць дыслацыравацца 3 воінскія часці: 465 ракетная брыгада з Цэлі «пераязджае» ў горад і размесціцца побач з 51 змагр і 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгадай. У сувязі з гэтым у паўднёвым гарадку зараз вядуцца неабходныя падрыхтоўчыя работы: прыводзяць у належны стан некаторыя будынкі і збудаванні, выконваюць неабходны рамонт боксаў, платоў і г.д. Калег трэба сустрэць добра!
Вядома, не забываюць і пра самы галоўны аспект воінскай службы – баявую падрыхтоўку, якая не спыняецца ні на хвіліну. Ёй надаецца асаблівая ўвага. Цяпер, напрыклад, в/ч 12147 актыўна рыхтуецца да будучых палявых выхадаў на палігон. Акрамя таго, на днях у 51 змагр прыбылі каля паўсотні вайскоўцаў рэзерву. Да гэтых зборах быў абсталяваны палявы лагер, падрыхтавана тэхніка, праверана матэрыяльна-тэхнічная база. Частку вызначанага тэрміну рэзервісты правядуць у пункце пастаяннай дыслакацыі, потым жа – стрэльбы на мясцовым палігоне.
Між тым, не перашкодзіла якаснай службе нават нядаўняя анамальная спякота. Хоць у салдат і афіцэраў няма магчымасці надзець белыя шорты і адправіцца на рэчку, аднак справіліся. Па меры магчымасці змяняўся расклад заняткаў, работ, мерапрыемствы зрушваліся на менш спякотныя гадзіны. Пільна сачылі за станам вайскоўцаў медыкі. А галоўны паказчык таго, што асабовы састаў іспыты гарачынёй вытрымаў – адсутнасць недамаганняў і здарэнняў з-за пякучага сонца.
– Што тычыцца новага прызыву, прысяга ў якога была ў чэрвені, – кажа Дзмітрый Анатольевіч, – можна з упэўненасцю сказаць: салдаты – малайцы. На вучэбных зборах да прыняцця прысягі яны яшчэ калі-нікалі губляліся, маглі нешта пераблытаць, потым жа навабранцы вельмі хутка асвоіліся, ўсё вывучылі. Зараз у асноўным усё ведаюць і ўмеюць. Бо ўжо і ў нарады схадзіць паспелі, і ў разнастайных работах, мерапрыемствах паўдзельнічаць, і некаторыя воінскія навыкі атрымаць. Уцягнуліся, так бы мовіць, у ваенную службу. Адрозніць ад стараслужачых іх можа толькі пільнае вока вопытнага афіцэра!
Дарэчы, ёсць «навабранцы» і сярод афіцэрскага саставу. Каля двух тыдняў таму ў 51 змагр прыбылі былыя студэнты Ваеннай акадэміі, а цяпер сувязісты і артылерысты, гвардыі лейтэнанты Раман Завацкі, Аляксей Абабурка, Арцём Кашанкоў і Іван Аднарожанка. Як адзначае камандзір часці, у параўнанні з мінулым годам маладых афіцэраў значна менш (у 2013 г. – 12 чал.), але гэта звязана з вышэйузгаданым пераходам на новы штат. Трохі асвоіўшыся, абжыўшыся ў часці і афіцэрскім інтэрнаце, мужчыны праходзяць своеасаблівае трохдзённае навучанне: прымаюць пасады і справы, знаёмяцца з традыцыямі вайсковай часці, а таксама горадам. Камандзіры, у сваю чаргу, праводзяць кантрольныя заняткі, прымаюць залікі, каб пераканацца ў тым, што папаўненне прыйшло выдатнае. Такім чынам, маладыя лейтэнанты становяцца часткай калектыву в/ч 12147. А павучыцца тут сапраўды ёсць у каго.
Кажучы аб прафесійных ваенных, камандзір Пестаў адзначыў такіх афіцэраў, як гвардыі палкоўнік Ігар Сматроў, гвардыі падпалкоўнікі Вадзім Рабаконь, Сяргей Касцюкевіч, Канстанцін Базыльчык, Сцяпан Альховік. Бывалыя артылерысты, а некаторыя з іх – воіны-інтэрнацыяналісты, навучаюць пачынаючых афіцэраў усім прамудрасцям воінскай службы. Заўсёды могуць падтрымаць маладых вайскоўцаў, перадаць ім свае веды і ўменні. У выніку, з мінулага года з’явіліся выдатнікі і сярод моладзі: старшыя афіцэры гарматных самаходна-артылерыйскіх батарэй гвардыі старшыя лейтэнанты Юрый Бяляўскі і Аляксей Багушэвіч, камандзір цяжкай гаўбічнай батарэі гвардыі старшы лейтэнант Аляксандр Харанека.
Гвардзейцы не спыняюцца на дасягнутым. Бо служба для вайскоўцаў – на першым месцы. Тым больш для 51 змагр: у гэтым годзе пройдуць чарговыя спаборніцтвы на лепшы артдывізіён Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – нельга губляць марку. А для гэтага трэба не так ужо і шмат – стараннасць і цярпенне, якія тут заўсёды ў наяўнасці.
Марыя ТАЛЕЙКА.