У раёне ўжо стала добрай традыцыяй ва ўрачыстай абстаноўцы праводзіць цырымонію ўзнагароджання выпускнікоў-медалістаў, якіх сёлета дзесяць: 9 “залатых” і 1 “сярэбраны”.
Але 11 чэрвеня ў актавай зале райвыканкама ўшаноўвалі ўпершыню яшчэ і прызёраў чэмпіянату свету па тайландскім боксе-2014 — цяперашніх і былых навучэнцаў школ Асіповіччыны. Павіншаваць хлопцаў і дзяўчат прыйшлі дырэктары, педагогі, трэнеры гімназіі і сярэдніх і спартыўнай школ, іх бацькі і сябры, прадстаўнікі адміністрацыі раёна і Савета дэпутатаў, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама галоўны трэнер нацыянальнай зборнай каманды Беларусі па ўсходніх адзінаборствах Міхаіл Сцяпанаў.
Цырымонію ўзнагароджання адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік, які ў прывітальным слове да выпускнікоў і спартсменаў пажадаў поспехаў на абраным шляху і адзначыў, што такая моладзь — сапраўдная каштоўнасць раёна і ўсёй краіны.
Аб выдатных дасягненнях сваіх выхаванцаў распавялі дырэктары гімназіі Святлана Мамсікава, СШ №№ 2, 3 і 4 Людміла Шэбаліна, Анатоль Шчамялёў і Ганна Маісеенка, Лапіцкай СШ Мікалай Пісьмянкоў і трэнер-выкладчык аддзялення кікбоксінга і тайландскага бокса ДЮСШ Сяргей Гідулян.
Старшыня райсавета ўручыў учарашнім школьнікам медалі, а моладзі, якая ўжо атрымала свае заслужаныя ўзнагароды на чэмпіянаце свету ў Малайзіі, — Падзячныя лісты старшыні райвыканкама і грашовыя прызы ад ДЮСШ, майстру спорту Алене Ляшкевіч — Ганаровую грамату. Бацькі медалістаў, дырэктары ўстаноў адукацыі і «класныя» таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды, а медалісты і прызёры яшчэ і падарункі ад ГА “Белая Русь” з рук Наталлі Шаўчэнка, кіраўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грамадскай арганізацыі. У сваім слове яна аддала належнае працавітасці і ўпартасці юнацтва, прафесіяналізму і цярпенню іх настаўнікаў і бацькоў і пажадала, каб і далейшы жыццёвы шлях таленавітых і моцных дзяўчат і юнакоў быў поўны перамог і размаляваны самымі яркімі фарбамі.