Незвычайнае — побач
Кожнае дрэва генетычна запраграмавана расці вертыкальна ўверх. Канешне, вытрымаць ідэальную лінію руху ўдаецца не ўсім: пад уплывам неспрыяльных знешніх фактараў альбо парушэнняў у закладзенай прыродай праграме развіцця адбываюцца пэўныя збоі. Увогуле, сустракаюцца яны не так ужо і рэдка і маюць агульную назву: “крывалессе”. Аднак аб’ядноўваюць гэты тэрмін вельмі розныя на прычынах і знешняму выгляду адхіленні ад нормы.
Сустракаюцца сярод узгаданых варыяцый малазразумелыя. Напрыклад, штопарападобнае скручванне (фота 1) ствалоў у шэрагу трапічных дрэў і звычайных яблынь. Лічыцца, што такая паталогія выклікана ўздзеяннем вірусаў, але сучасная навука ўсё яшчэ дрэнна ўяўляе, як яны ўплываюць на раслінныя арганізмы.
Аднак большасць прычын, па якіх дрэва пачынае ігнараваць сілы цягацення, растлумачыць не складана. Як правіла, незвычайны нахіл ствала ці нейкай яго часткі да гарызантальнай плоскасці ўзнікае пры ўздзеянні моцных вятроў пераважна адзінага накірунку. Таму адзіночныя дрэвы, што растуць на берагах мора альбо вялікіх рэчак, і маюць такія своеасаблівыя формы.
Даволі часта “дапамагае” пераадолець законы гравітацыі сумеснае ўздзеянне моцнага снегападу і працяглай зімы. Яго вынік — наданне дрэвам характэрнага крэслападобнага выгіну (фота 2).
Адбываецца ўсё прыкладна так. Калі маладыя дрэўцы дасягюць у вышыню 2-3 метраў, цяжкі вільготны снег нахіляе і трывала прымарожвае тонкія гнуткія ствалы да зямлі. Калі прыйшла вясна, і верхавіны сасонак ажываюць і цягнуцца да сонца, ствалы яшчэ не могуць разагнуцца. Дрэўцы прыстасоўваюцца да незвычайнай “позы” і набываюць свой казачны выгляд.
Расліны з адхіленнямі накірунку росту можна сустрэць і ў нашым раёне. Напрыклад, іх даволі вялікая колькасць знаходзіцца зусім недалёка ад вёскі Вяззе — на вузкай паласе ўзбярэжжа паміж ракой Свіслач і сажалкамі рыбгаса. Напэўна, многія з чытачоў “раёнкі” ведаюць гэтае месца, але ці многія звярталі ўвагу на тое, як дзіўна выглядае тут малады лес?
Глядзім уважліва: у дрэў, што растуць злева (бліжэй да тэрыторыі рыбгаса), кроны нахілены ўлева, а ў тых, што справа (побач з берагам Свіслачы), нахіляюцца ўправа. Відавочна, што расліны тут аднаго ўзросту і пароды і растуць побач, але ж на нейкі знешні ўплыў адрэагавалі “люстэркава” (фота 3)!
У літаратуры, прысвечанай анамаліям расліннага свету, аўтар не знайшоў апісання падобнага “дуалізму”, ды і самастойна вызначыць яго прычыны не здолеў. Магчыма, загадка мае вельмі простае тлумачэнне, а можа гэта насамрэч навуковы феномен. Але, па вялікім рахунку, якая розніца. Галоўнае, што побач з намі існуе сапраўднае дзіва прыроды!
Зміцер КАЛЯДА.
Ого, как интересно бывает, оказывается! Рассказывайте ещё о чём-нибудь подобном