Гэтае простае, але ёмкае пытанне нярэдка дапамагае даведацца шмат цікавых рэчаў. Сёння яго задаём спецыялістам філіяла “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка” — кіруючая кампанія холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”.
Новае адзенне для любімага прадукту
Днямі адноўлена вытворчасць сыркоў тварожных глазураваных у кашыраванай фользе. Для гэтага спецыяльна быў набыты аўтамат PAKMA літоўскай вытворчасці, які “апранае” не менш за 65 сыркоў у хвіліну. Акрамя новай упакоўкі, падабрана асартыментная лінейка і група напаўняльнікаў, якая можа задаволіць самы вытанчаны густ.
Зараз да любімага прадукту з добра знаёмымі смакамі дабавіўся сырок з вараным згушчаным малаком, з какосам і водарам ваніліну, з мармеладам, міндалём, курагой. Таксама выкарыстоўваюцца такія напаўняльнікі, як “мак-разынкі-бісквіт”, “рафаэла”, “пламбір”, “мядовая груша” і “чорныя парэчкі”. Усё гэта прадстаўлена ў новым прывабным дызайне пад вядомым суббрэндам “Веселые внучата”.
Гурману
За такі ласунак, як сыр, агітаваць наўрад ці варта: ужо на працягу тысяч гадоў ён карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Надзяляецца належная ўвага яму і мясцовым малочным перапрацоўшчыкам. У хуткім часе будзе запушчана вытворчасць усім вядомага мяккага сыру “Адыгейскі” і падобнага з ім па тэхналогіі “Майскага лагоднага”. Спачатку яго будзе выпускацца прыкладна 500 кілаграмаў у суткі — да 10 тон у месяц.
Рэалізоўваць навінкі плануецца на тэрыторыі Магілёўшчыны, а пры станоўчым раскладзе геаграфія пашырыцца. Што ж тычыцца карысці сыроў для здароўя, то яе цяжка пераацаніць: прадукт надзвычай багаты кальцыем, фосфарам, бялком. Разам з тым, названыя гатункі можна з упэўненасцю аднесці да дыетычных. Дарэчы, сыры ідэальна падыходзяць для снедання, прыгатавання сырнікаў, варэнікаў.
I яшчэ раз — мадэрнізацыя
Зараз на прадпрыемстве завяршаецца мадэрнізацыя ўчастка па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў. А заключаецца яна ва ўдасканаленні работы дзвюх дзеючых і мантажы трэцяй вакуум-выпарной устаноўкі маркі “Віганд”. Праведзеныя работы забяспечаць стабільнае функцыянаванне апарата з павышанай вытворчасцю па зыходным прадукце на 5%. Будзе выкарыстоўвацца пара з ціскам 6 Бар да ранейшых 9-ці, што дазволіць знізіць удзельнае спажыванне энергазатрат мінімум на 15%, у тым ліку пары, электраэнергіі, вады. Забяспечыцца 100-працэнтная цеплавая апрацоўка прадукту, які паступае на згушчэнне пры 90°С.
Кіраванне тэхналагічным працэсам, аператыўны цэнтралізаваны кантроль, улік і рэгістрацыя параметраў, перадача інфармацыі, выключэнне памылак чалавечага фактару — вось асноўныя задачы, якія вырашацца ў выніку праведзенай мадэрнізацыі гэтага ўчастка.
Валянціна КОРБАЛЬ.