Шчырая падзяка за працу
Апошняе пасяджэнне клуба даярак, якое прайшло 7 сакавіка, было адметным па некалькіх прычынах. Па-першае, сустрэча па ліку юбілейная — дзясятая. Па-другое, на святочнае мерапрыемства, арганізаванае райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, запрашаліся не толькі лепшыя аператары машыннага даення Асіповіччыны, але і жывёлаводы, ад работы якіх таксама ў значнай ступені залежыць агульны поспех у вытворчасці малака.
Віншуючы жанчын са святам, намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Стурліс пажадаў не толькі поспехаў у працы, але і каб у сем’ях быў лад — тады і настрой на работу добры. Мінулы год у жывёлагадоўлі раёна склаўся не лепшым чынам, аднак ужо зараз малочныя справы папраўляюцца. Ёсць падставы чакаць добрых вынікаў і ад увядзення ў дзеянне новых ферм. Словам, сёлетні сезон павінен быць больш паспяховым.
Падзячныя лісты старшыні райвыканкама ў гэты дзень прызначаліся майстрам малочнай справы — працаўніцам філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” Наталлі Крывенка, Таццяне Меранковай, Алене Лук’яненка, Таццяне Ядрышнікавай, Сняжане Жуковіч, Але Маліноўскай, а таксама Алене Шашок і Але Пратасіч з ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”, Інэсе Емяльянавай з СВК “Калгас “Бярэзіна”. Падзячнымі лістамі райкама прафсаюза адзначаны жывёлаводы Ірына Клунко з “Чырвонага ўдарніка”, “авангардавец” Аляксандр Карпоўнін і Жанна Савіна з калгаса “Карытнае”. Шэраг работнікаў ферм атрымалі памятныя падарункі і сувеніры. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Сідарэнка шчыра падзякавала сабраўшымся вытворцам малака за іх самаадданую штодзённую працу. Вітала даярак і даглядчыкаў і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Ганна Алёхна. Яна таксама падкрэсліла важнасць іх добрасумленнай работы і супрацоўніцтва.
Як заўсёды, само мерапрыемства прайшло “на адным дыханні”. Сцэнарый, падрыхтаваны работнікамі цэнтралізаванай клубнай сістэмы, прадугле-джваў не толькі канцэртныя нумары, якія ў асноўным выконваў даўні сябра клуба даярак — народны ансамбль беларускай песні Вяззеўскага СДК “Вязанка”, але і розныя цікавыя забавы-спаборніцтвы. Вядома, лепшых чакалі прызы. І конкурсы ў чарговы раз паказалі, што на фермах працуюць крэатыўныя і вынаходлівыя людзі.
Разыходзіцца не спяшаліся: было і аб чым пагутарыць, ды і на сталах чакалі розныя прысмакі — прафсаюз паклапаціўся. І праяўленая ўвага надавала мерапрыемству асаблівую ўтульнасць.
Валянціна КОРБАЛЬ.