Такія словы можна было пачуць у выхадныя ў розных куточках раёна. Палыхалі вогнішчы, у паветры вітаў пах свежых бліноў, раздаваліся вясёлы смех ды прыгожыя народныя песні. Народ святкаваў Масленіцу, якая служыць пераходным этапам паміж зімой і летам. Сёлета прыпала яна якраз на першыя веснавыя дні — нездарма ж сімвал гэтага свята блін, які нагадвае сонейка.
Раённае свята прайшло ў Ялізаве. На плошчы каля Дома культуры яблыку не было дзе ўпасці: сабраліся і жыхары пасёлка, і навакольных паселішчаў, і госці з райцэнтра. Паглядзець было на што, але не толькі паглядзець жадалі ўдзельнікі. Ды і як застанешся ўбаку, калі разыгрываліся такія прызы?! Можна было папоўніць хатнюю гаспадарку якой-небудзь патрэбнай рэччу і нават закінуць ва ўласны хляўчук выйгранага парсючка ці, скажам, пеўня. Бяспройгрышная латарэя прайшла на “ўра”: больш за 60 білетаў раскупілі ў імгненне вока! А самыя моцныя ды заўзятыя дзецюкі маглі і на слуп за падарункам злазіць — на тое яно і свята!
Кожны меў магчымасць падабраць занятак па душы. Шматлікія конкурсы, гульні, катанне на конях прыйшліся даспадобы дзецям і моладзі. Можна было пашпацыраваць на хадулях, пазмагацца… на падушках, прадэманстраваць уменне пілаваць дровы. Хтосьці “рабіў рэвізію” прапанаваных выязным гандлем тавараў, другія зрабілі акцэнт на канцэрце вядомых у раёне артыстаў з Вязаўніцкай і Ліпенскай устаноў культуры, народнага калектыву “Дзівакі” ды мясцовых спевакоў.
Больш за чатыры гадзіны доўжылася вяселле, але і пасля не разышліся адразу пасялкоўцы дадому: моладзь засталася таньчыць на дыскатэцы…
Пакінем жа яе весяліцца, а самі перанясёмся да раённай паліклінікі. Тут сабраліся прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі ЦРБ “Серабрысты ландыш”, да якіх далучыліся “калегі” з дахавага завода і педагогі. Яны добра памятаюць, як святкавалася Масленіца ў дні іх дзяцінства, таму песні ліліся ракой, а разам з імі — гарэзлівыя прыпеўкі, загадкі, прыказкі. На тое яна і вусная народная творчасць, каб перадавацца з пакалення ў пакаленне! І, канечне ж, ярка гарэла пудзіла Масленіцы. З якім разам удзельнікі свята на кастры ў думках спалілі ўсе адмоўныя падзеі і здарэнні мінулага года, каб новы сельскагаспадарчы год, які пачынаецца вясной, прынёс з сабой толькі добрае.
Парадаваліся прыходу вясны і ў спецшколе-інтэрнаце. На ганку з’явіліся вясёлыя скамарохі, а затым рахманая Масленіца — яны павіншавалі дзяцей. А потым былі вясёлыя гульні ды спаборніцтвы, падчас якіх хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі паказаць свае ўменні і спрыт.
Нядоўга пастаяўшы ля вогнішча, усе паспяшаліся да ганка, адкуль нёсся духмяны пах цёплых бліноў. Да гэтай неад’емнай масленічнай стравы прыступілі з вялікай ахвотай. І якія ж смачныя былі тыя бліны, па-майстэрску вырабленыя школьнымі паварамі! І пышныя з маслам, і тонкія наліснікі з мёдам — на любы густ. А яшчэ смачны гарачы чай…
Частавалі блінамі і прыхаджан Крыжаўздзвіжанскага храма. Выхаванцы нядзельнай школы пагулялі ў народныя гульні, павадзілі карагоды, развіталіся з зімой, каб з надзеяй і верай сустрэць цудоўную веснавую пару, якая прынясе абнаўленне і радасць у жыццё.
Падобныя святкаванні адбыліся і ў іншых месцах раёна. Бліноў наеліся ў гэтыя дні паўсюдна. Але, як сведчыць народная прыказка, “не ўсё кату масленіца, будзе і вялікі пост”. Пачаўся ён у панядзелак, а працягнецца да 19 красавіка.
Іна ЗАСКЕВІЧ.
* * *
Святкаванне Масленіцы ў Цэлі ўжо стала справай традыцыйнай. Звычайна яе арганізоўваюць актывісты клуба, жаночы савет 465 ракетнай брыгады пры падтрымцы камандавання часці.
…У прызначаны час звонкія пералівы гармоніка і баяна пачалі заклікаць жыхароў да месца гуляння — на пляцоўку перад установай культуры. Народ да палатак, побач з якімі весела дыміліся кастры, сцякаўся дружна. Вядучыя мерапрыемства Святлана Папкоўская, Наталля Дранку і Мікалай Якутовіч, распачынаючы свята, расказалі сабраўшымся аб яго паходжанні. А далей удзельнікаў чакалі шматлікія конкурсы, забавы і, канечне, прызы.
Бліны падавалі з маслам, варэннем. А выпякалі іх прызнаныя кулінарных спраў майстры Алена Кудзінава і Ганна Касавец. Дарэчы, яны з задавальненнем падзяліліся некаторымі сакрэтамі гэтай простай і смачнай стравы: скавараду лепш браць з патоўшчаным дном, а дабаўленне алею ў цеста дазволіць не змазваць яе тлушчам; некалькі лыжак цукру, усыпаныя ў цеста, зробяць бліны залацістымі і хрусткімі.
Адметна, што не забывалі жыхары Цэлі ў дзень Даравальнай нядзелі і прасіць прабачэння адзін у аднаго, заверыць у вернасці і сяброўстве.
Рыгор МАРКУШЫН.
* * *
Шумна і весела ў першы дзень вясны прайшло ў Радуцічах свята «Шырокая Масленіца», арганізатарамі якога сумесна з Дараганаўскім сельвыканкамам выступілі работнікі сельскага клуба, бібліятэкі і вучэбна-педагагічнага комплексу.
Гасцей чакалі некалькі гульнявых пляцовак. Дзіцячую арганізавала настаўніца пачатковых класаў Людміла Мірончык, для больш дарослых удзельнікаў — загадчыца Радуціцкага сельскага клуба Наталля Мельнік і бібліятэкар Вікторыя Паўлава. Для ўсіх наведвальнікаў землякі-вяскоўцы Галіна Усовіч, Соф’я Рэутава, Раіса Васільева напяклі блінцоў, падрыхтавалі духмяны чай.
Завітаўшыя на мерапрыемства маглі палюбавацца выставай работ прыкладнога мастацтва: выклікалі сапраўднае захапленне вышытыя карціны, пляценне з бісеру, арыгамі. Парадаваў сваім яркім выступленнем і калектыў Дрычынскага сельскага клуба «Вярба».
А потым прыйшла Вясна-красна. Падаравала прыгожую песню, прапанавала яшчэ раз развітацца з зімою і ўсім разам парадавацца надыходу светлай пары.