Камусьці па спадчыне дастаюцца колер вачэй або валасоў, талент ці здольнасць да навук, на худы канец, хатка ў вёсцы. Але здараецца, што перадаецца і любоў да прафесіі — і ўзнікаюць працоўныя дынастыі.
У 1999 годзе школьную навуковую работу, прысвечаную свайму прадзеду Браніславу Васараўдзе — ардэнаносцу, вядомаму начальніку Асіповіцкага лакаматыўнага дэпо — вучаніца СШ № 2 Насця Барышнікава завяршыла словамі: «Пакуль я вучані-ца 11 класа. Але ўжо ў бліжэйшай будучыні збіраюся паступаць у ВНУ, якую скончылі мае бабуля і мама. Таму што хачу працягваць нашу слаўную дынастыю чыгуначнікаў».
Сёння Анастасія — студэнтка 5 курса факультэта «Аўтаматыка, тэлемеханіка і сувязь на чыгуначным транспарце» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і прадаўжальніца ў пэўнай ступені асаблівай дынастыі: па-першае, таму, што яна жаночая, па-другое, усе яе прадстаўніцы адданыя дыстанцыі сігналізацыі і сувязі транспартнага РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі».
…У 1952 годзе разам з мужам прыехала ў Асіповічы прабабуля Анастасіі — Лідзія Раманаўна Васараўдзе-Калеснікава, і яе далейшы працоўны шлях быў звязаны з работай электрамеханіка сувязі ў дыстанцыі. Яе дачка Святлана Браніславаўна Ефімовіч працягнула сямейную традыцыю — скончыла чыгуначны тэхнікум і працавала там жа электрамеханікам, інжынерам, старшым электрамеханікам. Чалавек камунікатыўны, яна пасля заканчэння ВНУ перайшла ў аддзел кадраў, а сваю тэхнічную пасаду «саступіла» дачцэ Маргарыце Барышнікавай, якая ўжо каля шасці гадоў рабіла інжынерам. Зараз Маргарыта – начальнік аддзела па вядзенні тэхналагічнай дакументацыі і пашпартызацыі і выбар працоўнага шляху лічыць шчаслівым і адзіна магчымым для сябе:
— Заўсёды падабалася тэхніка. Калі вучылася ў школе, хацела стаць інжынерам-радыётэхнікам, але, відаць, кліч крыві перамог – паступіла ў Беларускі інстытут інжынераў транспарту. Электрамеханікам на наша «сямейнае прадпрыемства» прыйшла ў 1989 годзе, стала працаваць разам з маці. Iнжынерную работу многія лічаць нежаночай, але я ўпэўнена, што знайшла сваё месца. Вопыт працы бабулі і маці дапамог і спачатку, і потым. Зараз дзялюся ведамі з дачкой — нашай спадчынніцай.
Юная Анастасія лічыць сябе гуманітарыем: выдатна скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, любіць гісторыю і літаратуру. Але ўсё, звязанае з чыгункай, для яе асабліва блізкае з дзяцінства: дома дарослыя часта гаварылі аб службовых праблемах, бралі Насцю з сабой на работу. Нават “самай-самай” цацкай была маленькая чыгунка.
— Ганаруся сям’ёй, заўсёды ведала, што буду працягваць працоўную дынастыю. Не таму, што так, як камусьці можа здацца, прасцей, а таму, што інакш нельга.
Першыя курсы ў БелДУТ даліся няпроста, але цяпер, калі перайшлі да вывучэння спецпрадметаў, магу смела лічыць сябе адной з лепшых: тое, што студэнты вывучаюць толькі па падручніках, бачыла з маленства, прыходзячы да родных на працу. Нядаўна была на практыцы, назірала, як наладжваюць мікрапрацэсарную апаратуру на электрыфікаваных участках чыгункі каля Асіповічы-3. Хутка прыйду сюды ўжо з дыпломам. Задаволена, што стану працаваць там жа, дзе некалі рабілі прабабуля і бабуля, зараз — мама. Спадзяюся быць не горшай: прабабуля ў 1953 годзе была ўзнагароджана медалём «За трудовое отличие», бабуля такім ж медалём — у 1992, потым атрымала знак «Ганаровы чыгуначнік», а маці мае Ганаровую грамату Беларускай чыгункі. Ведаю, што чакае няпростая і вельмі адказная работа, але чамусьці ўпэўнена, што ўсё атрымаецца: у нашай сям’і «чыгуначны ген» жанчыны атрымліваюць у спадчыну…
Алена ЛЕПЛЯНIНА-КУБАР.