ВА ЎСІМ ГАЛОЎНАЕ — ЧАЛАВЕК
Тое, што аб’ектам для правядзення V пленума Магілёўскай гарадской прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК быў абраны вытворчы цэх “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка” — кіруючая кампанія холдынга “Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”, не здзівіла: галаўная кампанія тут самая шматлікая “пярвічка”, а асіповіцкае прадпрыемства — адно з лепшых падраздзяленняў.
Распачалася сустрэча, на якой прысутнічала каля паўсотні чалавек, з дэгустацыі. Ва ўтульнай і прыгожай дэгустацыйнай зале начальнік цэха Таццяна Жорава расказала аб прадукцыі і яе асаблівасцях. Па-за канкурэнцыяй атрымаліся глазураваныя сыркі, якія, дарэчы, у вобласці выпускаюцца толькі ў нас, і сметанковае масла. Ды і наогул усе прадстаўленыя вырабы атрымалі высокую ацэнку.
Сапраўднае захапленне выклікала і экскурсія па ўсіх 6 вытворчых участках — у кожным было што паказаць і расказаць. Напрыклад, адметнае масларобнае абсталяванне — такога не знойдзеш на ўсёй постсавецкай прасторы! Нягле-дзячы на тое, што выраб сыроў — справа новая, пра яе на заводзе ўжо таксама могуць паведаміць многа цікавага.
Пленум пачаўся з прыемнага моманту — узнагароджання. Гаркам прафсаюза АПК мае традыцыю штогод упісваць у Кнігу гонару імёны тых, хто ўнёс значны ўклад у дзейнасць аргані-зацыі — і яе кіраўнік Валерый Булановіч уручыў спецыяльнае пасведчанне старшыні прафсаюзнага камітэта вытворчага цэха “Асіповіцкі” Веры Пагодзінай. Ганаровую грамату за развіццё сацыяльнага партнёрства атрымала начальнік цэха Таццяна Жорава, дыпломы — Пётр Буяк і Антаніна Пунько, Падзячныя лісты — Тамара Князева і Аляксандр Юркевіч. I ўзнагароды ў чарговы раз пацвердзілі: на нашым прадпрыемстве — моцная прафсаюзная суполка.
Старшыня прафкама ААТ “Бабушкина крынка” Алена Шацікава ў выступленні рознабакова паказала дзейнасць “пярвічкі” холдынга, у якую зараз уваходзіць 11 цэхавых камітэтаў і 26 прафсаюзных груп. Усяго ж на прадпрыемствах працуе 2.700 чалавек, з якіх 1.450 — жанчыны. Адладжана сістэма сацыяльнай абароны, якая заключаецца ў забеспячэнні пастаяннага месца працы, гарантыях занятасці, дастойнай зарплаты (на 1 лістапада — 6.900 тысяч рублёў), здаровых і бяспечных умоў работы, арганізацыі адпачынку і аздараўлення. Стымулюючы і кампенсацыйны характар носяць надбаўкі і даплаты, дадатковыя льготы і ўзнагароджанні, абумоўленыя калектыўным дагаворам. Напрыклад, дзецям-сіротам, бацькі якіх працавалі на прадпрыемстве, аказваецца матэрыяльная дапамога ў памеры 1 мільёна рублёў. Прадугледжана нават выплата работнікам, якія актыўна ўдзельнічаюць у прапагандзе здаровага ладу жыцця, фізкультурна-аздараўленчых і іншых мерапрыемствах, накіраваных на папярэдж-ванне і пераадоленне шкоднага ўплыву курэння, а таксама вытворчага траўматызму па віне работніка — у памеры 500 тысяч рублёў штоквартальна. На ахову працы ў 2012 годзе было накіравана 850 мільёнаў, сёлета — ужо 1.500.
На пленуме асноўным было пытанне аб стане і мерах удасканалення работы прафкамаў і наймальнікаў па забеспячэнні належных умоў працы і быту членаў прафсаюза, выкананні іх працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў. Гаркамам і “пярвічкамі” ў гэтым кірунку праведзена маштабная работа. Але трэба больш актыўна кантраляваць выкананне калектыўных дагавораў у плане арганізацыі і ажыццяўлення грамадскага кантролю, прафілактыкі вытворчага траўматызму, аплаты працы. Неабходна ўдасканальваць інфармацыйна-ідэалагічнае забеспячэнне дзейнасці прафсаюзных камітэтаў.
Вынікам абмеркавання стала прынятая пастанова, рэалізацыя якой і дазволіць праводзіць работу на новым якасным узроўні.
* * *
Такім жа было галоўнае пытанне на парадку дня і IX пленума Асіповіцкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Зараз яна налічвае 20 “пярвічак” — 1.967 членаў прафсаюза, што складае 99,5% ад колькасці ўсіх працаўнікоў.
Старшыня райкама прафсаюза Святлана Сідарэнка адзначыла, што на сёння склаўся стабільны актыў, дзе ўдала спалучаюцца ініцыятыва маладых кадраў з вопытнасцю старэйшых калег. Для рашэння пастаўленых задач райкам выпрацаваў і ажыццяўляе сістэму мер, накіраваных на ўдасканаленне работы прафсаюзных органаў усіх узроўняў, умацаванне іх інфармацыйнага забеспячэння.
Адбываецца далейшая мадэрнізацыя вытворчатэхнічнай базы, укараненне рэсурсазберагаючых тэхналогій, мэта якіх — павышэнне эканамічнай эфектыўнасці АПК. Так, за 10 месяцаў сельгаскааператывамі набыта 5 зернеўборачных камбайнаў, 6 бульбакапалак, 11 трактароў і касілак, іншая сельскагаспадарчая тэхніка, у тым ліку высокапрадукцыйны прэс-падборшчык “Тарнада”.
Аднак пры ўсіх станоўчых момантах ні адной з гаспадарак не забяспечаны запланаваны тэмп росту валавой прадукцыі. За студзень-кастрычнік заданне па росту зарплаты выканана на 98,2% пры сярэднямесячным заробку 3.176 тысяч рублёў. I хоць гэтыя лічбы, безумоўна, не “зашкальваюць”, аднак рост заробку апераджае вытворчасць валавой прадукцыі на аднаго працаўніка. Аб гэтым гаварыла начальнік аддзела эканомікі, бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці райсельгасхарчу Алена Фурс.
Наогул на пленуме ўздымалася нямала праблем, таму што менавіта разам можна знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Райкам прафсаюза рэгулярна праводзіць маніторынг тэрмінаў выплаты зарплаты, даплат да “мінімалкі”. За апошні месяц, дарэчы, іх атрымалі 148 чалавек з 8 арганізацый, сума — 79,7 мільёна рублёў. Сёлета мелі месца факты выплаты зарплаты пазней за тэрмін, устаноўлены працоўным дагаворам, за красавік, верасень, кастрычнік, лістапад. Прычым, парушэнне дапусцілі ўсе гаспадаркі…
Патрабуюць вырашэння і пытанні працоўнай і вытворчай дысцыпліны. У шэрагу сельгаскааператываў з году ў год дапускаюцца адны і тыя ж хібы. За 10 месяцаў адбылося 5 выпадкаў вытворчага траўматызму, у тым ліку цяжкі: у “Лапічах” працаўнік пашкодзіў пазваночнік. Кіраўнікам, спецыялістам і прафкамам трэба штодзень трымаць бяспеку працы на асаблівым кантролі.
На машынных дварах, у рамонтных майстэрнях усіх сельгаспрадпрыемстваў заасфальтаваны пляцоўкі, падтрымліваецца агульны парадак, яны абсталяваны асвятляльнымі прыборамі і вентыляцыяй. Трэба прадумаць сістэму ацяплення ў майстэрнях калгаса “Бярэзіна”, а таксама аднавіць работу цеплагенератара ў “Ясені”. Што тычыцца малочнатаварных ферм, то не заўсёды загадчыкамі і прафсаюзным камітэтам надзяляецца належная ўвага ўмовам працы. Наведваючы фермы і мехдвары, можна ўбачыць захламленыя памяшканні, нямытыя вокны, смецце. Безумоўна, гэта з’ява непаўсюдная, аднак узнікае пытанне: каму ж у першую чаргу патрэбны чысціня і парадак, як не самім калгаснікам?
Выступалі і старшыні “пярвічак”. Так, напрыклад, Валянціна Бельчына з “Каўгарскага” расказала, што адзін з важнейшых накірункаў работы прафкама — заключэнне калектыўнага дагавора. У яе калгасе ён прадугледж-вае шэраг дадатковых выплат і іншых бонусаў. Напрыклад, маладым сем’ям у крэдыт выдзяляецца буйная рагатая жывёла з першапачатковай аплатай 10% з далейшым пагашэннем на працягу двух гадоў, у перыяд напружаных сельгасработ арганізуецца бясплатнае гарачае харчаванне. На кожнай ферме абсталяваны пакоі адпачынку, на мехдвары ёсць душавая з парылкай. Сёлета зроблены рамонт бытавога памяшкання на МТФ в. Краі. Куды ідуць прафсаюзныя ўзносы? Гэта падпіска, работа з ветэранамі, правядзенне мерапрыемстваў, матэрыяльная дапамога, заахвочванне перадавікоў, навагоднія падарункі і г.д. На жаль, ёсць і ў “Каўгарскім” парушэнне калектыўнага дагавора: з мая зарплата за папярэдні месяц выдаецца не 25 чысла, а ў апошні дзень. Гэта звязана з недахопам сродкаў, будаўніцтвам новай фермы. Прафкам сумесна з кіраўніком, бухгалтарам выязджае на месцы да калгаснікаў, каб растлумачыць сітуацыю.
Спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасія Дзяшчэня, якая курыруе кадравыя пытанні, расказала аб праблеме замацавання моладзі на вёсцы і аб тым, якія меры прымаюцца, каб юнакі і дзяўчаты не спяшаліся пакідаць сваё першае месца працы. Штогод райкамам прафсаюза праводзіцца анкетаванне, якое і дазваляе рознабакова прааналізаваць, як маладыя спецыялісты адаптуюцца на новым месцы, што варта змяніць, каб ім было там камфортна. Немалую ролю ў зацікаўленасці мае жыллё, і сёлета ў сельгаспрадпрыемствах пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 7 аднакватэрных дамоў: 3 — у Жорнаўцы, 2 — у Цэзарове, па адным — у Вяззі і Грынёўцы. Агульная плошча здадзенага жылля — 595 квадратных метраў.
Роля прафсаюза пашыраецца і ўзрастае з году ў год — такі вывад можна было зрабіць напрыканцы пленума. Значыць, трэба і далей працягваць актыўную работу, каб кожны працаўнік адчуваў падтрымку і абароненасць.
Валянціна КОРБАЛЬ.