Вуліца Казлоўскай прымыкае да Рабоча-Сялянскай і перакрыжоўваецца з вул. Гарбатава. Звязаны з ёю і вуліцы герояў Стэльмаха, Асіпенка, Майстрэнкі. Раней насіла назву Слуцкая. Знаходзіцца на ёй каля 50 дамоў. Размешчаны тут і некаторыя ўстановы: аптова-гандлёвая база, хлебазавод, райпалівазбыт, нафтабаза. На будынку апошняга і вісіць мемарыяльная дошка, узгадваецца, у гонар каго названа вуліца. Як паведаміла кіраўнік справамі Пратасевіцкага сельсавета Алена Падвойская, родныя Казлоўскай жывуць у Мінску, перыядычна прыязджаюць на магілу Пелагеі Тарасаўны. У гэтым годзе там быў пастаўлены новы помнік, даглядаюць за якім вучні школы.
Не схіліла галавы маці
Гэта было амаль 70 гадоў таму. Гуляла лютаўская завіруха. Белыя пасмы-стрэлы калючага снегу ледзянілі і балюча калолі твар. А яна, 52-гадовая жанчына, у звычайнай ватоўцы, бурках і шарсцяной хустцы, ішла па горадзе з узнятай галовой. На яе спіне палымнеў яркай чырванню сцяг, і такія ж чырвоныя густыя кроплі сачыліся скрозь адзенне з-пад іржавых цвікоў, якімі да спіны жанчыны было прыбіта гэтае свяшчэннае палотнішча. На грудзях вісела дошка з надпісам: «Маці партызана, якая хавала савецкі сцяг».
Яна ішла міма людзей, вочы якіх былі затуманены слязамі. Усе ведалі: гэтая жанчына не просіць літасці ў фашысцкіх катаў. А апошнія разлічвалі, што такія страшэнныя пакуты прымусяць яе размаўляць.
Яны не дачакаліся ад мужнай жанчыны ніводнага слова. І тады каты, на вачах у сагнанага мясцовага насельніцтва, павесілі мужную сялянку.
Некалькі дзён на базарнай плошчы лютаўскі вецер гушкаў яе на сваіх крылах, спяваючы вечную калыханку бясстрашнай народнай гераіне. Потым труп быў кінуты ў яму на вуліцы, якая цяпер і носіць імя Казлоўскай. Так скончыўся яе слаўны жыццёвы шлях.
А ён і напачатку быў нялёгкі. Муж Пелагеі Тарасаўны загінуў у імперыялістычную вайну. Адной прыйшлося гадаваць дачку Фёклу і сына Мікалая. Як толькі ў Пратасевічах пачаў арганізоўвацца калгас, яна адной з першых уступіла туды.
Падрасталі дзеці, з’явіўся дастатак у доме. Жанчына сумленна працавала на даручаным участку, доўгі час была свінаркай на жывёлагадоўчай ферме.
І раптам — вайна. На свяшчэнную барацьбу з акупантамі благаславіла сына Мікалая. Ён пайшоў у атрад народнага мсціўца А. I. Кудашава.
З чэрвеня 1941 года, калі часці Чырвонай Арміі вялі баі з ворагам каля роднай вёскі, Пелагея Тарасаўна хавала палкавы сцяг, які забрала з рук забітага чырвонаармейца. Была ўпэўнена, што прыйдзе час, калі ён горда будзе развявацца над яе домам. Якісьці здраднік падгледзеў, данёс у гестапа… Было гэта ў 1943 годзе. Ваенна-палявая паліцыя знайшла запаветны скрутак у саламянай страсе хлява. Казлоўскую павезлі ў Асіповічы.
Неўзабаве цёмнай ноччу ў вёску з’явіўся Мікалай, каб забраць у лес маці, але было позна.
Калі Асіповічы былі вызвалены, сын пахаваў астанкі маці на пратасевіцкіх могілках, каля старых дубоў і сосен. Спіць яна тут вечным сном. Нарадзілася не адно пасляваеннае пакаленне, у тым ліку ўнукі, праўнукі і прапраўнукі асіповіцкай патрыёткі. За іх шчаслівае дзяцінства і аддала яна геройскі сваё жыццё.
На жаль, здымка гэтай цудоўнай жанчыны няма. Паводле слоў родных, яна ніколі не фатаграфавалася.
Вуліца Ганны Коваль невялікая — усяго 6 дамоў, дзе пражывае 25 чалавек. Называлася раней, як і завулак Кіржыманава, Цагельнай. Мемарыяльнай дошкі, якая б расказвала, чым праславілася жанчына, няма.
Важак камсамольскай групы
Ганна Іванаўна Коваль — адна з адважных і смелых патрыётаў-падпольшчыкаў у Асіповічах у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзілася ў 1923 г. у Кіеве. Член ВЛКСМ з 1936 г.
З пачатку акупацыі гітлераўцамі Беларусі ўсёй душой ненавідзела «новы парадак”, стала на шлях барацьбы з ворагам.
У верасні 1941 г. арганізавала і ўзначаліла падпольную камсамольскую групу па барацьбе з ворагам. У сваёй кватэры ўстанавіла радыёпрыёмнік — слухала Маскву, запісвала зводкі, збірала моладзь і расказвала аб сапраўдным становішчы на франтах і барацьбе ў тыле. Адначасова звязалася з партызанскай групай А.І.Кудашава, якая ў верасні ўвайшла ў партызанскі атрад А.Я.Пархоменкі. Стала пастаяннай сувязной у горадзе.
Для папаўнення групы Кудашава накіроўвала людзей, у тым ліку Георгія Цыганкова, Аляксандра Коласа, Аляксандра Баторына, брата Івана і многіх другіх. З чэрвеня 1942 г. Ганна ўстанаўлівае сувязь з партызанскім атрадам А.С.Шашуры (Старадарожскі раён). Там яе знаёмяць з разведчыцай Цінай Слезінай з вёскі Паршчаха, і яны працуюць разам.
У Асіповічах Слезіна пазнаёмілася з нямецкімі афіцэрамі аддзела забеспячэння камендатуры, у якіх за дэфіцытныя прадукты выменьвалі соль, мыла, запалкі. Усё перадавалі партызанам. Раз’язджаючы на кані па вёсках, з дапамогай насельніцтва збіралі зброю, боепрыпасы, а цераз падпольшчыкаў групы і самі збіралі даныя аб асіповіцкім гарнізоне, руху воінскіх эшалонаў. Перадавалі ў атрад і зводкі Саўінфармбюро. У ліпені 1942 г. Ганна і Ціна вывозілі на падвозе пад сенам кулямёт, гранаты і радыёпрыёмнік. Перад вёскай Ставішча іх затрымаў патруль. Паклажу выявілі. Цераз два тыдні пасля допытаў і катаванняў 13 жніўня Коваль расстралялі. Слезіна сама развіталася ў камеры з жыццём…
Нова-Праектная — так называлася раней цяперашняя вуліца Крыловіча. Пра гэта можна даведацца, наведаўшы магазін «Сігнал”, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар героя. Жыве на ёй каля 740 жыхароў. Амаль кожны ведае пра дыверсію, якую здзейсніў у гады вайны Фёдар Крыловіч, што пацвердзіла жыхарка дома № 12 Кацярына Тарасевіч. У горадзе жывуць і родныя героя, якія свята захоўваюць памяць пра блізкага ім чалавека.
Рахунак Крыловіча
Ураджэнец Мінска, з 1940 г. ён працаваў электраманцёрам на чыгуначнай станцыі Асіповічы. У пачатку вайны наладзіў сувязь з партызанамі, у жніўні 1941 г. арганізаваў у горадзе падпольную камсамольскую групу, якая
ўвайшла ў склад мясцовага камуністычнага падполля. Псеўданім — Долгі.
Падпольшчыкі яго групы забяспечвалі партызан медыкаментамі і паперай, прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. Пераправілі ў атрад 50 чалавек папаўнення. Праводзілі дыверсіі на чыгунцы: вывелі са строю 21 цыстэрну, 13 платформ з гаручым, 38 электраматораў, дызель электрастанцыі.
Па заданні Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ для ўзмацнення падрыўной дзейнасці ў Асіповічах Фёдар Крыловіч арганізаваў 9 падпольных груп. З 1943 г. — у распараджэнні партызанскага спецатрада «Храбрацы” НКУС БССР, які дзейнічаў тады ў Бабруйскім і Асіповіцкім раёнах. У чэрвені 1943 г. ад кіраўніцтва атрада атрымаў заданне ўзарваць эшалон з гаручым на станцыі Асіповічы. Каб атрымаць доступ да эшалона, які прыбываў на станцыю ноччу, падпольшчык пашкодзіў электраправодку ўваходнага светлафора. І калі яго вы-клікалі для рамонту, устанавіў дзве магнітныя міны на цыстэрнах — у пачатку і канцы састава.
Выбух і ўзнікшы пажар знішчылі эшалон з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, два — з боепрыпасамі, эшалон з танкамі «Тыгр” і бронемашынамі, рухомы састаў і большасць аховы станцыі. Разбеглася і ахова размешчанага паблізу лагера ваеннапалонных, а зняволеныя пайшлі ў лес да партызан.
За паспяховае выкананне аперацыі Фёдар Андрэевіч Крыловіч узнагароджаны ордэнам Леніна.
Пасля вайны працаваў старшым электраманцёрам электрастанцыі чыгуначнага вузла ў Асіповічах.
У мікрараёне «Чаромушкі» многія вуліцы маюць гераічныя імёны. Адна з іх — былая Касая — носіць імя Аляксандра Матросава. Гэтае прозвішча знаёма старэйшаму пакаленню са школы — як чалавек, які ў гады вайны закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. А Аляксандр Матросаў, у гонар якога названа вуліца ў Асіповічах, — яго цёзка.
У 15 дамах пражывае 52 чалавекі. Па ўспамінах старажылаў, першыя хаты з’явіліся напачатку 50-х гадоў практычна на балоце. Зімой тут дзятва гуляла ў хакей, летам збіралі буякі.
Некаторыя дамы ўжо памянялі сваіх гаспадароў. Кожны стараецца добраўпарадкаваць сваю сядзібу, таму вуліца выглядае ўтульнай і прывабнай. Як сказаў Валерый Гацко, раней на адным з агародаў была копанка, дзе
вадзіліся карасі. Тыя, хто будаваўся, бралі там ваду, каб замясіць раствор для фундамента. Пазней яе засыпалі і побач паставілі дом.
Герой з Іванава
Аляксандр Матросаў — удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Нарадзіўся ў горадзе Іванава. Член КПСС з 1943 г. У Чырвонай Арміі з 1939 года, на фронце — з сорак першага.
Камандзір узвода разведкі старшы сяржант Аляксандр Аляксеевіч Матросаў вызначыўся ў баях за пераправу праз раку Свіслач у Асіповіцкім раёне. 28 чэрвеня 1944 года група разведчыкаў пад яго камандаваннем непрыкметна прабралася ў тыл праціўніка, з боем авалодала пераправай каля вёскі Свіслач, захапіла варожыя дзоты і замацаваліся ў іх. 18 гадзін разведчыкі адбівалі контратакі гітлераўцаў і ўтрымлівалі пераправу да падыходу падмацавання.
Да 1980 года працаваў на ткацкай фабрыцы ў Іванава. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24 сакавіка 1945 года. Памёр у 1992 годзе.
Вуліца Майстрэнкі знаходзіцца недалёка ад Базарнай плошчы. Па ўспамінах яе жыхара Івана Закрэўскага, які мае тут прапіску з 1952 года, называлася яна Пясчанай. Месца было балоцістае, таму пры будаўніцтве дамоў прыходзілася рабіць падсыпку. Гаспадары трымалі гусей, кароў, авечак, коз і нават коней і нічым не адрозніваліся ад сельскіх жыхароў. Зараз, акрамя курэй, катоў ды сабак, практычна ніякай жыўнасці няма. Пра Майстрэнку старэйшае пакаленне ведае ўсе падрабязнасці: «Мне пра героя расказваў цесць, я паведаміў сваім дзецям і ўнукам”…
Камандзір танка
Барыс Аляксандравіч Майстрэнка нарадзіўся 1 снежня 1924 года ў Асіповічах. Яго бацька працаваў на нашай станцыі дарожным майстрам. Тут, у горадзе, сям’я жыла да 1928 года, затым былі пераезды ў розныя месцы, у тым ліку ў Жлобін і Ноўгарад-Северскі. Якраз адтуль Барыс пайшоў у жніўні 1941 года на ўсход, каб не заставацца на акупіраванай тэрыторыі, і дабраўся да Ташкента, дзе працаваў слесарам на заводзе. Член ВЛКСМ.
У 1943 годзе скончыў танкавае вучылішча. У Чырвонай Арміі з 1942 года. З чэрвеня сорак трэцяга на Ленін-градскім фронце. Камандзір танка, лейтэнант Майстрэнка вызначыўся ў чэрвені 1944 г. у час прарыву абароны праціўніка на Карэльскім перашыйку і вызваленні Выбаргу.
Памёр ад ран 15 студзеня 1945 года. Пахаваны каля вёскі Хмельнік-Млын.
Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена роўна праз два месяцы. Яго імем названа сярэдняя школа № 1 у Ноўгарадзе-Северскім Чарнігаўскай вобласці.
У газеце «Запаветы Леніна” ад 17 мая 1973 года ў артыкуле М. Салаўёва «Наш зямляк — Герой Савецкага Саюза” чытаем: «Танкісты занялі пазіцыю, замаскіравалі баявую машыну і падрыхтаваліся да сустрэч з гітлераўцамі. Яны не прымусілі сябе чакаць. Цягнуўся бой некалькі гадзін. За гэты час экіпаж лейтэнанта Барыса Майстрэнкі знішчыў 10 аўтамашын з ваеннай маёмасцю і боепрыпасамі, каля 30 салдат і афіцэраў праціўніка. Захопленае перакрыжаванне дарог танкісты ўтрымлівалі да падыходу асноўных сіл брыгады. 152-я танкавая брыгада мела багаты вопыт прарыву абаронных рубяжоў гітлераўцаў, таму і выконвала яна самыя складаныя аперацыі. У адным з такіх суровых баёў, калі засталося прарваць трэцюю, апошнюю паласу абароны фашыстаў, загінуў камандзір танкавай роты. Гэта заўважыў Майстрэнка і прыняў камандаванне ротай на сябе. У гэты момант з гітлераўскага доту па нашых пехацінцах нямецкі кулямётчык вёў інтэнсіўны агонь.
Манеўр удаўся. Фашысты пакінулі дот і спрабавалі ўцячы. Аднак былі знішчаны”.