Па інфармацыі ў інтэрнэце, імёны пералічаных ніжэй асоб прысвоены вуліцам у некалькіх сотнях гарадоў былога Савецкага Саюза, а яшчэ іх носяць заводы, вучэбныя навучальныя ўстановы, сродкі перасоўвання і інш.
Даўно няма дзяржавы, у якой вырасла большасць з нас, але засталася гісторыя, адкуль не выкінеш ніводнай старонкі. Частка яе і занатавана ў вуліцах, названых у гонар савецкіх, партыйных і дзяржаўных дзеячаў, на якіх вырасла не адно пакаленне асіпаўчан. Землякам, безумоўна, добра вядомы амаль усе прозвішчы, пра якія пойдзе гаворка, бо менавіта на іх будавалася ідэалогія СССР. Маладым жа яны мала пра што гавораць, а таму і мэтазгодна ўзгадаць пра іх дзейнасць.
Сямён Міхайлавіч Будзённы — савецкі ваенны і дзяржаўны дзеяч, маршал Савецкага Саюза (1935), тройчы Герой Савецкага Саюза (1958, 1963, 1968). Нарадзіўся ў 1883 годзе на Доне. Удзельнік Першай сусветнай, грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войнаў. 7 лістапада 1941 года камандаваў парадам на Краснай плошчы. Памёр 26 кастрычніка 1973 года.
Мікалай Фёдаравіч Ватуцін — камандуючы войскамі 1-га Украінскага фронту, генерал арміі. Нарадзіўся 16 снежня 1901 года на Куршчыне. Да Вялікай Айчыннай быў начальнікам штаба дывізіі, намеснікам начальніка штаба ваеннай акругі, начальнікам штаба. Падчас вайны — начальнік штаба Паўночна-Заходняга фронту, першы намеснік начальніка Генеральнага штаба і ўпаўнаважаны Стаўкі на Бранскім фронце. галоўнакамандуючы Варонежскім, Паўднёва-Заходнім і 1-м Украінскім франтамі. Памёр 15 красавіка 1944 года пасля атрыманага ранення. Пахаваны ў Кіеве.
Мікалай Францавіч Гастэла — камандзір 2-й авіяцыйнай эскадрыллі і 42-й Далёкабамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі 3-га бамбардзіровачнага авіяцыйнага корпуса Далёкабамбардзіровачнай авіяцыі, капітан. Нарадзіўся 6 мая 1908 года ў Маскве. Беларус. Працаваў слесарам на заводах у Мурамску. У 1933 годзе закончыў авіяцыйную школу лётчыкаў. Ваяваў на Халхін-Голе. Удзельнік савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай войнаў. 26 чэрвеня 1941 года пры выкананні баявога задання яго бамбардзіроўшчык быў падбіты і загарэўся. Капітан Гастэла накіраваў самалёт на варожыя войскі. Адбылося гэта пад Радашковічамі (Мінская вобласць). Праз месяц атрымаў (пасмяротна) званне Героя Савецкага Саюза за наземны таран.
Георгій Канстанцінавіч Жукаў (1896-1974) — савецкі ваеначальнік, маршал Савецкага Саюза (1943), чатыры разы Герой Савецкага Саюза (1939, 1944, 1945, 1956), удзельнік баявых дзеянняў на Халхін-Голе (1939). З 1940 года — камандуючы войскамі Кіеўскай ваеннай акругі. У першай палове сорак першага — начальнік Генштаба, намеснік наркама абароны СССР. Падчас Вялікай Айчыннай праявіў сябе таленавітым палкаводцам, які адыграў вялікую ролю ў разгроме нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Ленін-градскай і Маскоў-скай бітвах (1941-42), пры прарыве блакады Ленінграда, у Сталінградскай і Курскай бітвах (1942-43), пры наступленні на Правабярэжнай Украіне і ў Беларускай аперацыі (1943-44), у Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1944-45). З жніўня сорак другога — намеснік наркама абароны СССР і намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. 8 мая 1945 года прымаў капітуляцыю фашысцкай Германіі.
Лёс Георгія Жукава цесна звязаны і з Беларуссю. З 1923 го-да ён камандаваў кавалерыйскім палком на Гомельшчыне, у адным з ВНУ выкладаў ваенную справу. У сваіх мемуарах маршал успамінае ў некалькіх радках і пра назначэнне камандзірам 6-га казачага корпуса, што знаходзіўся ў Асіповічах. У сваёй кнізе Аляксандр Гарбатаў «Годы и войны» піша: «15 мая я атрымаў загад аб назначэнні на пасаду камандзіра 6-га кавкорпуса, якім камандаваў Жукаў… і накіраваўся ў горад, дзе ў гэты час знаходзіўся штаб. Камандзір корпуса прыняў мяне добра і пасяліў на другім паверсе асабняка, дзе жыў сам…»
У кнізе А.Касульянава «Маршал Жукаў» чытаем: «У пачатку 1938 года разам з жонкай Аляксандрай Дзіеўнай, маленькай Элачкай, якая, дарэчы, нарадзілася ў Слуцку, і 10-гадовай Эрай прыехаў у Асіповічы. У гэтым жа годзе сям’я пераехала ў Смаленск, дзе размяшчаўся штаб Беларускай Асобай ваеннай акругі па кавалерыі».
На вуліцы Рабоча-Сялянскай, амаль насупраць вайсковай часці, знаходзіцца жылы будынак з флігелем. На яго фасадзе вісіць мемарыяльная дошка з тэкстам, што тут спыняўся Жукаў.
Канстанцін Сяргеевіч Заслонаў (1910 — 1942) — адзін з кіраўні-коў партызанскага руху ў Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся ў сям’і рабочага ў Калі-нінскай вобласці. З 1937 года — начальнік паравознага дэпо станцыі Рослаўль, з 1939 — станцыі Орша. У кастрычніку сорак першага стварыў падпольную групу, удзельнікі якой мінамі, замаскіраванымі пад каменны вугаль, за 3 месяцы падарвалі 93 нямецкія паравозы і здзейснілі шэраг іншых дыверсій. У пачатку сакавіка падпольшчыкі пакінулі Оршу і стварылі партызанскі атрад, які потым стаў брыгадай. Загінуў у баі з карнікамі. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна і медалём.
Вера Захараўна Харужая (1903-1942) — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля ў Віцебску ў гады Вялікай Айчыннай.
Нарадзілася ў Бабруйску. У 1919 годзе настаўнічала на Палессі. Удзельнічала ў барацьбе з бандамі Булак-Балаховіча. З лютага 1924 года на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Арганізатар выдання падпольнай газеты ЦК КСМЗБ «Малады камуніст». За рэвалюцыйную дзейнасць арыштавана ўладамі буржуазнай Польшчы (1925). Пакарана спачатку на 6, а затым на 8 гадоў пазбаўлення волі. З першых дзён вайны — партызанка атрада Каржа. У жніўні сорак першага як сувязная перайшла лінію фронту. У верасні наступнага, пакінуўшы малых дзяцей, накіравалася на чале групы ў варожы тыл. Стварыла і ўзначаліла групу Віцебскага камуністычнага падполля, перадавала камандаванню Чырвонай Арміі і партызанам звесткі аб праціўніку. 13 лістапада была арыштавана, праз месяц была замучана фашыстамі.
В.Валадарскі (Майсей Маркавіч Гальдштэйн) (1891-1918) — дзеяч расійскага рэвалюцыйнага руху. Член РСДРП з 1905 года, меньшавік. Неаднаразова падвяргаўся арыштам і ссылкам. У 1913 годзе эмігрыраваў у ЗША, дзе ўступіў у сацыялістычную партыю. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, камісар па справах друку, прапаганды і агітацыі Петраграда. Забіты эсэрам Сяргеевым.
Iван Данілавіч Чарняхоўскі (1906-1945) — савецкі палкаводзец, камандуючы войскамі 60-й арміі і 3-га Беларускага фронту. Нарадзіўся на Украіне ў сям’і чыгуначніка. У Вялікую Айчынную камандаваў 28-й танкавай дывізіяй, затым 18-м танкавым корпусам. 18 лютага 1945 года Чарняхоўскі быў смяротна паранены ў раёне г. Мельзак (Польшча). Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 17 кастрычніка 1943 года. Вызваляў Літву, Калінінград. Пахаваны ў Вільнюсе. Пасля распаду СССР прах перавезлі ў Маскву і перазахавалі на Новадзявочых могілках.
Клімент Яфрэмавіч Варашылаў (1881-1969). З 1918 г. — камандуючы шэрагу армій і франтоў, з 1925 — наркам па ваенных і марскіх справах і старшыня РВС СССР. Служыў наркамам абароны ў 1934-40 гадах. З 1940 года — намеснік старшыні СНК СССР і старшыня Камітэта абароны. У час вайны — член Дзяржаўнага камітэта абароны. З сорак шостага — намеснік старшыні Савета Міністраў СССР, у 1953-1960 гг. — Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, з 1966 года — член ЦК КПСС.
Юрый Аляксеевіч Гагарын (1934-1968) — савецкі лётчык-касманаўт, першы ў свеце чалавек, які здзейсніў 12 красавіка 1961 года палёт у космас на касмічным караблі «Усход». Абляцеў зямны шар за 1 гадзіну 48 хвілін і вярнуўся на зямлю, за што быў узнагароджаны Зоркай Героя Савецкага Саюза. 27 сакавіка 1968 загінуў у авіяцыйнай катастрофе падчас трэніровачнага палёту.
Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (1877-1926), Міхаіл Iванавіч Калінін (1875-1946), Сяргей Міронавіч Кіраў (Кострыкаў) (1886-1934), Валяр’ян Уладзіміравіч Куйбышаў (1888-1935), Надзея Канстанцінаўна Крупская (1869-1939)— савецкія, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы.
Міхаіл Iларыёнавіч Кутузаў (1745-1813) — рускі палкаводзец, генерал-фельдмаршал (1812). Вучань А.В.Суворава. Удзельнік руска-турэцкіх войнаў XVIII ст. У Айчынную вайну 1812 года галоўнакамандуючы рускай арміяй, якая перамагла ў вайне з Напалеонам.
Iван Уладзіміравіч Мічурын (1855-1935) — селекцыянер, садавод-генетык.
Мікалай Аляксеевіч Астроўскі (1904- 1936) — савецкі пісьменнік, аўтар кнігі «Як гартавалася сталь».
Маісей Саламонавіч Урыцкі (1873-1918) — сацыял-дэмакрат з 1898 года, з 1903 — меньшавік. У 1917 г. прыняты ў партыю эсэраў. Забіты эсэрам.
Міхаіл Васільевіч Фрунзе (1885-1925) — савецкі ваеначальнік. Ганаровы грамадзянін Турцыі. Удзельнік першай рускай і Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Валерый Паўлавіч Чкалаў (1904-1938) — савецкі лётчык-выпрабавальнік. Нарадзіўся на Ніжагародчыне. Вучыўся ў лётных школах, лятаў на 70 тыпах самалётаў, распрацаваў новыя фігуры вышэйшага пілатажу. У 1936 годзе з Г.Ф.Байдуковым і А.В.Беляковым здзейсніў беспасадачны пералёт Масква-Петрапаўлаўск-на-Камчатцы. Праз год з тым жа экіпажам пераляцеў з Масквы ў Ванкувер (ЗША) праз Паўночны полюс. Загінуў пры выпрабаваннях новага самалёта.
Васілій Iванавіч Чапаеў (1887-1919), Мікалай Аляксандравіч Шчорс (1895-1919) — удзельнікі грамадзянскай вайны.
Iван Iгнатавіч Якубоўскі (1912-1976) — нарадзіўся ў Горацкім раёне. Савецкі ваенны дзеяч, Маршал Савецкага Саюза (1967), двойчы Герой Савецкага Саюза (10.1. 1944 і 23.9.1944), Герой Чэхаславакіі. Пахаваны ў Маскве.
Клару Цэткін, Розу Люксембург, Карла Лібкнехта ведаюць як палымяных рэвалюцыянераў. Першая — выпускніца Лейпцыгскай жаночай гімназіі — выйшла замуж за настаўніка, палітычнага эмігранта з Адэсы Восіпа Цэткіна і выконвала партыйныя заданні. Апошнія — дзеячы германскага, польскага і міжнароднага рабочага руху, арганізатары і заснавальнікі камуністычнай партыі Германіі.
Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711-1765) — першы рускі вучоны-прыродазнавец сусветнага значэння, паэт, якім закладзены асновы сучаснай рускай літаратурнай мовы, мастак, гісторык, прыхільнік развіцця айчыннай асветы, навукі і эканомікі.
Карл Маркс (1818-1883) — нямецкі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, журналіст, палітычны і грамадскі дзеяч.
Фрыдрых Энгельс (1820-1895) — адзін з заснавальнікаў марксізма, сябар, аднадумец і сааўтар прац Карла Маркса.