Памятныя мясціны, будынкі, мемарыяльныя дошкі на вуліцах Асіповічаў могуць расказаць шмат незвычайнага пра яго гісторыю. I штодня, калі едзем у транспарце ці рушым па тратуарах, бачым «загалоўкі” асобных раздзелаў летапісу горада — назвы вуліц. Давайце ж разам і зазірнем на яго старонкі, паспрабуем даведацца, што крыецца за кожным найменнем.
На карце горада Асіповічы, якую лёгка знайсці ў любым кіёску «Саюздрук”, можна налічыць звыш 160 вуліц і завулкаў, каля дзясятка ўездаў і адну плошчу — імя Леніна. Усе яны маюць сваю назву. Прычым некаторыя вуліцы і завулкі носяць адну і тую ж. Напрыклад, Чумакова, Якуба Коласа, К.Маркса, Крупскай, Асіпенкі, Розы Люксембург і інш. Такіх супадзенняў каля двух дзясяткаў. Каля 40 вуліц названы мілагучнымі прыметнікамі — Ягадная, Цяністая, Сасновая, Сонечная, Садовая, Абрыкосавая, Рабінавая, Вішнёвая, Каштанавая, Зялёная, Дружная, Баравая, Лугавая і інш. Ёсць на карце вуліцы, якія сугучны з назвамі той ці іншай мясцовасці. Напрыклад, Мінская, Замошская, Пратасевіцкая, Бабруйская, Забалоцкая. Пазначаны на ёй і завулак Магілёўскі.
Але з палову вуліц носіць назву ў гонар кагосьці са знакамітасцей: вядомых рускіх і беларускіх пісьменнікаў, рэвалюцыянераў, удзельнікаў розных войнаў. Сярод іх ёсць прозвішчы як тых, хто меў прамое дачыненне да горада, так і тых, хто тут ніколі не быў, а, можа, нават і не ведаў пра яго існаванне, але пакінуў след у гісторыі чалавецтва.
Так, у назвах вуліц можна знайсці такія імёны, як Ламаносаў, Кутузаў, Шчорс, Энгельс, Талстой, Шолахаў. Дарэчы, прозвішчы рускіх пісьменнікаў значацца ў назвах 10 вуліц, рэвалюцыянераў — прыблізна ў столькі ж. Ёсць вуліца касманаўта Гагарына, лётчыка Чкалава. Тлумачыцца гэта тым, што назвы ў гонар гэтых знакамітых людзей насілі ў савецкі час патрыятычны характар, такім чынам падкрэслівалася павага да іх за здзейснены гераізм.
Але прыемна і тое, што ўсё ж такі большасць з вуліц носіць назву ў гонар людзей, якія праславілі асіповіцкую зямлю. Напярэдадні 140-годдзя роднага горада давайце і ўзгадаем іх імёны яшчэ раз.
Вернасць справе рэвалюцыі
Вуліца Чумакова — адна са старэйшых у горадзе. На ёй да гэтай пары растуць дрэвы, якія памятаюць тыя даўнейшыя часы. На дадзены момант тут размешчана каля 100 дамоў, у асноўным гэта жылыя аднапавярховыя пабудовы, якія ў большасці сваёй пасляваенныя, пазначаныя 1946-51 гадамі. Хаця ёсць сярод іх, як кажуць, доўгажыхары. Напрыклад, дамы №№1 і 7 пабудаваны, згодна з рэгістрацыйнай карткай, у 1925 го-дзе, 66 — у 1920. Самым старэйшым лічыцца дом № 41, які належаў аднаму з камунальных
прадпрыемстваў горада. У 1934 годзе на вуліцы быў пабудаваны дзіцячы сад № 1 гарадскога аддзела адукацыі. Некаторыя з іх не адзін раз мянялі гаспадара. Вуліца Чумакова выхавала не адну сотню асіпаўчан. Сярод іх і браты Аляксандр, Віктар, Уладзімір і Станіслаў Асташэвічы, якія нарадзіліся ў доме пад № 29. Траіх Бог надзяліў паэтычным дарам. На жаль, лёс склаўся так, што ніхто з іх у Асіповічах не жыве, але бацькоўскі дом, які належыць ужо іншым людзям, яны не забываюць. Сваю любоў да роднага краю не аднойчы апавялі ў творах.
Так, у адным з вершаў «Горад дзяцінства” Станіслаў Асташэвіч напісаў:
Горад мой, стаіш на скрыжаванні
Вось і пасрабрылі скроні зімы,
Ручаін чыгуначнай ракі…
Але не забыць жыцця выток…
Памятаю, як у дзяцінстве раннім
Як каму, а для мяне Радзіма —
Пелі паравозныя гудкі…
Гэты зліты з сэрцам гарадок.
Стаіць на гэтай вуліцы і культавае збудаванне — Крыжа-Узвіжанская царква. Згодна з актам інвентарызацыйна-тэхнічнага бюро ад 10 жніўня 1950 года, пабудавана яна была ў 1945 годзе.
Адважны машыніст
Тры гады Акім Чумакоў не ўзнімаўся на паравоз. Увесь гэты час у яго руках замест рэверса была вінтоўка — верная сяброўка ў барацьбе з польскімі легіянерамі, немцамі, рознага роду бандытамі. У 20-м іх яшчэ да канца не дабілі, і яны разрозненымі групамі нападалі на савецкія органы, актывістаў, стралялі з абрэзаў.
Але аднойчы Чумакова выклікаў да сябе сакратар партячэйкі і прапанаваў баявы пост змяніць на працоўны. Акім усе тры гады толькі і думаў аб тым, калі зноў паімчыцца па стальных магістралях. З таго дня ён зноў пачаў вадзіць цягнікі. Цяжка было ў той час працаваць. Станцыі былі забіты пасажырамі. Вагонаў не хапала. І таму людзі атакавалі таварнякі, прыстройваліся на адкрытых платформах. Былі сярод іх і спекулянты, якія машыністу не давалі праходу. Але Акім верыў, што хутка з разрухай будзе скончана…
27 жніўня 1922 года яму было даручана даставіць з Слуцка ў Асіповічы эшалон, у якім быў вагон з каштоўнасцямі. Тым часам у раёне паміж Асіповічамі і Старымі Дарогамі дзейнічалі разбойныя групы Пташынскага і Цвіркі, якія рабавалі насельніцтва. Банда дазналася аб вагоне з каштоўным грузам. На адным з раз’ездаў бандыты вывелі са строю чыгуначную сувязь, разабралі стыкі рэек і, прывязаўшы да рэйкі вяроўку, каб яе сарваць з месца, заляглі ў чаканні цягніка. Чумакоў здалёк заўважыў пашкоджаныя пуці і збавіў рух цягніка. Бандытам не ўдалося сарваць з месца рэйку, бо яна ўрэзалася ў шпалу, і цягнік прайшоў праз перашкоду. Але адзін з бандытаў паспеў ускочыць на прыступку паравоза і запатрабаваў спыніць цягнік. У адказ машыніст толькі павысіў хуткасць. Тады бандыт выстраліў у яго два разы. Цяжка паранены, сыходзячы крывёю, Чумакоў працягваў весці састаў, пакуль не вывеў яго ў бяспечнае месца. Выратаваць жыццё адважнага машыніста не ўдалося, але абавязак свой ён выканаў да канца.
29 жніўня 1922 года жыхары Асіповіч правялі А.М. Чумакова ў апошні шлях. Яго вялікай сям’і, якая засталася без кармільца, па рашэнні беларускага ўрада бязвыплатна быў перададзены дом па вул. Серпухаўскай, якая пазней была перайменавана ў вуліцу А.М. Чумакова. У гонар 50-й гадавіны Савецкай улады імем Чумакова быў названы манеўровы цеплавоз на станцыі Асіповічы, які і зараз у страі. На лакаматыўным дэпо адкрыта мемарыяльная дошка.
Вуліца Сташкевіча пачала існаванне ў другой палове 20-х гадоў. Пра гэта сведчыць дом № 3, які быў пабудаваны ў 1927 годзе. Стаяць да гэтай пары і іншыя дамы (№№ 1, 7, 11, 13, 14), якія з’явіліся на свет да вайны. У адным з такіх дамоў нарадзілася самая старэйшая жыхарка вуліцы, 88-гадовая Ганна Фадзееўна Бобрык (на здымку). Па яе словах, назва вуліцы Кароткая адпавядала і яе працягласці. На ёй да вайны стаяла дамоў 10-15. Насупраць быў лес. Адзін з яе братоў добра іграў на гармоніку. Часта каля іх дома збіралася моладзь на вячоркі. Жылі ўсе дружна і весела. Пазней вуліца вырасла, забудавалася новымі шматпавярховымі дамамі, у тым ліку і адміністрацыйнымі будынкамі.
Камсамольскі актывіст
Нарадзіўся Аляксандр Якаўлевіч Сташкевіч у 1898 годзе ў Асіповічах у сям’і чыгуначніка — Якава Андрэевіча. Маленькі дом № 4 на вул. Лібаўскай (К.Лібкнехта) утойваў у сваіх сценах беднае, бязрадаснае жыццё гэтай, дзе, акрамя Аляксандра, раслі сёстры Марыя, Вера і Надзея, сям’і. Якаў Андрэевіч многа працаваў, каб пракарміць усіх, але знаходзіў час і на выхаванне дзяцей.
Да рэвалюцыі Аляксандр скончыў 4-класную Мінскую агульнаадукацыйную школу чыгуначнікаў, а ў 1918 годзе з поспехам прайшоў навучанне ў Гомельскім чыгуначным вучылішчы па спецыяльнасці тэхніка эксплуатацыі службы пуці.
На работу трапіў у Асіповічы, удзельнічаў у барацьбе з белапалякамі.
У 1920 г. арганізаваў на чыгуначным вузле камсамольскую ячэйку з 20 чалавек. Пасля выгнання белапалякаў у Асіповічах пачынаецца барацьба з разрухай і рэшткамі бандыцкіх з’яў. Сташкевіч не застаецца ўбаку. Як вопытны арганізатар, залічваецца на камандную пасаду ў часці асобага прызначэння камандзірам 2-й роты, праводзіць баявую і палітычную работу сярод байцоў, рыхтуе іх да сутычак з унутранай контррэвалюцыяй, чакаць якіх доўга не прыйшлося. Сташкевіч вядзе барацьбу з бандытамі ў Татарцы і іншых станцыях.
26 кастрычніка 1920 года бандыты зрабілі ўзброены напад на ссыпны пункт чыгуначнай станцыі Градзянка — раён абароны 2-й роты. Для падаўлення бандыцкіх налётаў арганізуецца атрад з 30 байцоў, памочнікам камандзіра якога быў прызначаны Аляксандр Сташкевіч. На наступны дзень цягніком атрад прыбыў у Градзянку. Ноччу банда ў колькасці 200 чалавек напала на невялікі атрад Сташкевіча. Завязаўся жорсткі бой. Сташкевіч сваім прыкладам падтрымліваў стойкасць байцоў у гэтай няроўнай барацьбе. У ходзе бою памочнік камандзіра быў паранены, але не пакінуў пазіцыі, працягваў весці агонь па бандытах, якія, карыстаючыся цемрай, акружылі Сташкевіча і ўзялі яго ў палон. У лесе непадалёку ад Гра-дзянкі 28 кастрычніка раненага чырвонаармейца забілі. Пакінуўшы яго цела ў лесе, бандыты схаваліся.
Рота страціла свайго лепшага камандзіра і палітработніка, камсамольская ячэйка — актыўнага арганізатара і агітатара, сям’я — любімага сына, Радзіма — свайго патрыёта, які стойка і мужна абараняў заваёвы Савецкай улады, да канца выканаў абавязак перад сацыялістычнай дзяржавай.
3 лістапада 1920 года з усімі воінскімі ўшанаваннямі Аляксандр Якаўлевіч Сташкевіч быў пахаваны на асіповіцкіх рускіх могілках. З гарачай прамовай выступілі камандзір атрада міліцыі Славінскі і другія баявыя таварышы Сташкевіча, раздаўся аружэйны салют — і герой быў пахаваны.
Мінуў час, прайшлі дзесяцігоддзі, а імя камсамольца Сташкевіча не засталося забытым. У 1969 годзе на магіле пастаўлены абеліск. Адна з вуліц, якая раней насіла назву Кароткая, названа ў яго гонар.
З успамінаў сястры Аляксандра Сташкевіча Наталлі Папковай: «Аляксандр быў акуратным, энергічным, любіў паляванне і рыбалку. У час грамадзянскай вайны вёў актыўную барацьбу з ворагамі Савецкай улады. Якое гора было нам, пакуль знайшлі месца, дзе быў забіты мой брат”.
Барацьбіт за свабоду
Па звестках, атрыманых у агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, вуліца Патоцкага ўзнікла каля 1956 года, калі там былі пабудаваны першыя баракі для рабочых вагоннага дэпо. І называлася яна Вагонная. Зараз там, акрамя жылых дамоў, шмат адміністрацыйных будынкаў і прадпрыемстваў.
Нарадзіўся ён у 1878 годзе ў вёсцы Матарына Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння 3 класаў царкоўна-прыход-скай школы батрачыў. З 1894 года — рабочы будаўнік у Петраградзе, Кранштаце, Рызе. З 1908 па 1914 год — кандуктар чыгункі ў Варшаве. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Да 1917 года на фронце. Падтрымліваў патрабаванні бальшавікоў аб спыненні вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года накіраваны ў г. Лунінец у распара-джэнне атрада рабочай гвардыі. Там Патоцкі арганізаваў і ўзначаліў збор зброі на месцах былых баёў, потым адпраўляў яе ў Петраград і Маскву для ўзбраення рабочых атрадаў. Удзельнічаў у разгроме белапольскіх інтэрвентаў, войск Калчака. З 1921 па 1924 год працаваў супрацоўнікам паста Упраўлення Транспартнай Надзвычайнай Камісіі на чыгуначнай станцыі Асіповічы, вёў барацьбу з бандытызмам. З 1921 па 1941 год на рознай гаспадарчай рабоце на чыгуначных станцыях Койданава, Мінска.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны І.К.Патоцкі пераехаў з Мінска ў Асіповічы, арганізаваў падпольную работу супраць акупантаў. Да гэтай работы прыцягнуў свайго сына Мікалая, іншых камсамольцаў, патрыятычную моладзь. Па схаванаму ў печы радыёпрыёмніку прымаў, а потым распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. Устанавіў сувязь з партызанскім атрадам 210, якім камандаваў М.Каралёў, і атрадам 752 В.Лівенцава. Перапраўляў у атрады ваеннапалонных, медыкаменты, паперу, друкарскі шрыфт, фарбу, даныя аб гарнізоне.
Партызаны ў сваю чаргу забяспечвалі падпольшчыкаў узрыўчаткай, якая потым выкарыстоўвалася Патоцкім для дыверсій на чыгуначным вузле Асіповічы.
У 1942 годзе пры пагрозе арышту ён з сынам Мікалаем пайшоў у партызанскі атрад № 752.
За рэвалюцыйную і баявую дзейнасць у гады рэвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайнаў І.К.Патоцкі ў 1967 годзе ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. Быў персанальным пенсіянерам саюзнага значэння.
Памёр 11 мая 1970 года.