Жніво — адказная пара не толькі для калгаснікаў, але і для тых, хто займаецца перапрацоўкай сабраных дароў ніў. Аб тым, як сёлета прайшла нарыхтоўка збожжа на Асіповіцкім вытворчым участку ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” і планах філіяла расказвае дырэктар Аляксандр Баброў:
— Важны этап нашай работы — прыём зерня ў лік дзяржзаказу. У гэтым годзе па нашым раёне ён складаў 3345 тон: жыта групы «А” — 1495 тон, «Б” — 183, ячменю І класа — 211 тон, ІІ класа — 149, аўса ІІІ класа — 124 тоны, фуражнага — 114 тон, трыцікале фуражнага — 701 тона. Астатняе —
грэчка, для якой пакуль што час не прыйшоў.
— Сёлетні дзяржзаказ меншы, чым летась. З чым гэта звязана?
— На нашым камбінаце, як і на аналагічных прадпрыемствах рэспублікі, створаны значныя запасы зерня, таму аб’ёмы абавязковай здачы і былі «ўрэзаны”. Але мы прымаем не толькі дзяржзаказ. На сёння ўжо нарыхтавана 25.125 тон збожжа новага ўраджаю. Усяго ж тут знаходзіцца 103 тысячы тон хлебнага багацця.
— Лічбы ўнушальныя…
— Філіял уваходзіць у пяцёрку буйнейшых у рэспубліцы. Акрамя таго, што абслугоў-ваем тры раёны — Асіповіцкі, Глускі і Клічаўскі, сюды вязуць частку нарыхтаванага зерня камбінаты са Шклова, Магілёва, Горак. На захаванне — з Баранавічаў, Барысава і Слуцка.
— Гэты год па аддачы ніў, як вядома, аказаўся не вельмі багатым для Беларусі, а для суседніх краін — яшчэ горшым. У некаторых СМІ можна прачытаць інфармацыю, што расіяне ўжо пачынаюць рабіць запасы мукі. Вы, як вытворца такога важнага прадукту, можаце пракаменціраваць сітуацыю? І што параіце жыхарам раёна?
— Што тычыцца Расіі, то сапраўды пастаўкі туды значна павялічыліся. Так, толькі наш вытворчы ўчастак за ліпень адгрузіў мукі шатраванай 3.000 тон — рэкордны паказчык за некалькі мінулых гадоў. Заключаны намі кантракты на 2,5 тысячы тон і на жнівень. Узрос за апошні час і кошт прадукту: з 3 да 4,5 тысяч расійскіх рублёў за тону. Наогул ёсць меркаванне, што да канца года будзе рэалізавана мука як з былых запасаў, так і вырабленая з новага ўраджаю. Нашым жа гаспадыням можна не хвалявацца: прадукцыі беларускіх млыноў хопіць усім, гэта — гарантавана. Магчыма, зменіцца яе цана, але яна рэгламентуецца пэўнымі дакументамі і не думаю, што апошняе неяк сур’ёзна паўплывае на сямейны бюджэт.
— Што скажаце наконт якасці сёлетняга збожжа?
— Адназначнай характарыстыкі даць нельга. Не расчаравала жыта: яно не толькі было сухое, але і мела добрую натуральную вагу і «лік падзення” (уласцівасць, якая ўплывае на хлебапячэнне — аўт.). Калі раней гэты паказчык быў чуць большы за 100, то зараз даходзіць да 300. З якаснай мукой адкрыты шляхі да супрацоўніцтва з Расіяй, Украінай, Малдовай. Наогул, нарыхтоўка прайшла хутка і без асаблі-вых цяжкасцей. З 25 тысяч прынятых тон прыйшлося дасушваць толькі тры. Практычна за 2 тыдні мы выйшлі на запланаваныя аб’ёмы. Існавалі некаторыя складанасці з прыёмкай харчовага ячменю і аўса — вага зерня была меншай, чым патрабуецца. Гаспадаркам прыйшлося дапрацоўваць зерне, у выніку запланаванае выканана.
— Ці паступаў новы хлеб ад фермерскіх гаспадарак?
— Дзяржзаказ бралі «Сухлава” і «Садовае” — паставілі 95 і 35 тон адпаведна. Супрацоўніцтвам з фермерамі задаволены.
— А што хацелася б паправіць ва ўзаемаадносінах з сельгаскааператывамі?
— Вяла ідуць разлікі гаспадарак за даўгі. У лік іх пагашэння здадзена 2.080 тон збожжа — толькі чвэрць ад чакаемага. Не павінны прадпрыемству толькі філіял «Белшына-Агра” і ААТ «Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”.
— Зазірнуць у планы на будучыню можна?
— У першую чаргу гэта мадэрнізацыя млына, знос абсталявання на якім складае 76%. Зараз ёсць дамоўленасць з польскай фірмай на мантаж новых установак. Праект дарагі, але, па нашых разліках, павінен хутка вярнуць затраты: сучаснае абсталяванне дасць магчымасць вырабляць прадукт «пад заказчыка”, плюс, зможам аднавіць вытворчасць пшанічнай мукі.
Не забываем і аб тым, што наш пакупнік заўсёды чакае навінак. Так, у бліжэйшы час плануецца ўвесці яшчэ 3 віды каш на аснове грэцкіх круп. Вырашаецца і пытанне па пашырэнні вытворчасці круп, якія не трэба варыць.
— Як паказвае жыццё, планы абавязкова становяцца рэальнасцю, калі паспяхова дзейнічае ўвесь калектыў…
— Цалкам згодзен. Таму і дзякую сваім працаўнікам, якія аднесліся да збожжанарыхтоўкі адказна, праявілі высокую арганізаванасць. Словы ўдзячнасці і нашым кампаньёнам, якія дапамаглі з перавозкай — «Аўтапарку № 19”, «Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнню”, ПМК № 95 «Вадбуд”, а таксама калегам-аграрыям — кіраўнікам гаспадарак, упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.