Наша шчасце — у зямлі і працы
Урачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, па-добраму запомніцца працаўнікам галіны: у гэты дзень многія з іх атрымалі заслужаныя ўзнагароды, кветкі і падарункі.
З дакладам аб стане спраў у аграпрамысловым комплексе раёна выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама Васіль Пятроўскі. Які падкрэсліў, што аграрны сектар — важная сфера эканамічнага жыцця Асіповіччыны, а за ўсімі дасягнутымі поспехамі — самаадданая праца людзей.
Кіраўнік спраў Магілёўскага аблвыканкама Рыгор Варонін зрабіў выснову, што выраз “нягледзячы ні на якія цяжкасці” найбольш падыходзіць менавіта да ўмоў працы ў сельскай гас-падарцы. Сапраўды, нягле-дзячы на засушлівы май, на дажджлівую пару падчас выспявання зерневых, атрыманы неблагі ўраджай. Людзям, якія працуюць на зямлі, не страшны ніякі крызіс: кожны дзень яны шчыруюць так, каб наша жыццё станавілася ўсё лепшым і прыгажэйшым.
Ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкама атрымаў вадзіцель СВК “Калгас “Чырвоны ўдарнік” Аляксандр Сурыгін, грашовую прэмію — аператар машыннага даення філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” Сняжана Жуковіч. Дарэчы, гэтая гаспадарка за дасягнутыя вынікі была адзначана Ганаровым Дыпломам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Шэраг працаўнікоў атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя лісты старшыні райвыканкама.
Працягнуў віншаванне начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Поклад. Ён адзначыў, што за апошнія 10 гадоў сёлета маем самы значны валавы збор зерня — 32 тыс. тон. Навучыліся нашы аграрыі добра вырошчваць і цукровыя буракі: сярэдняя ўраджайнасць з улікам фермерскага ўкладу — 401 ц/га. Калі некалькі гадоў таму гаворка ішла аб прывагах буйной рагатай жывёлы ў 400 грамаў, то зараз гэтыя лічбы даўно ўжо засталіся ў мінулым: дасягнуты рубяжы ў 650-700 грамаў. Першачарговая задача на сённяшні дзень — мець не толькі добрыя аб’ёмы, але і каб атрыманая прадукцыя была рэнтабельнай.
Усім старшыням сельгаскааператываў на сцэне разам са словамі шчырай удзячнасці быў паднесены святочны каравай. Прадуктовыя “сувеніры” ад ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат” уручыў “калегам па цэху” галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Маісееў. Наборы прадуктаў атрымалі і лепшыя даяркі раёна.
Выказвалася падзяка ў бок працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці, чыя работа паступова выходзіць на больш высокі ўзровень, адкрываюцца новыя рынкі збыту. Напры-клад, рупліўцамі Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” за 10 месяцаў гэтага года рэалізавана толькі на экспарт іржаной мукі каля чатырох з паловай тысяч тон.
Свята не было б поўным без удзелу ў ім самадзейных артыстаў раёна. Свае нумары паказалі народныя ансамблі “Дзівакі”, “Вечарынка”, “Сузор’е”, танцавальны клуб “Легенда”, вакальны ансамбль “Станіца” і ўзорны “Крынічка” і іншыя.
Валянціна КОРБАЛЬ.