На днях адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пад началам старшыні Сяргея Сувеева, на якім разглядалася пытанне “Аб рабоце па добраўпарадкаванні помнікаў і воінскіх пахаванняў на тэрыторыі сельсаветаў”. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Раманчук і кіраўнікі сельвыканкамаў.
Першы прыпынак зрабілі каля добра вядомага землякам помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму, які размешчаны ў горадзе па вуліцы Сумчанкі. Абеліск устаноўлены ў 1968 годзе. На плітах — прозвішчы 726 ахвяр, астатнія пахаваныя невядомыя. Догляд за помнікам ажыццяўляюць УКП ЖКГ і ААТ “АЗАА”.
Затым спыніліся ў Вяззі каля скульптурна-мемарыяльнага комплексу загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай землякам (на здымку), які быў адкрыты ў 1987 годзе. Размешчаны ён на тэрыторыі, замацаванай за работнікамі мясцовага Дома культуры. Іх рук справа — высаджаныя ўздоўж дарожкі, што вядзе да святыні, кветкі. Дарэчы, вось-вось ужо зацвітуць ярка-чырвоным колерам цюльпаны і парадуюць тых, хто прыйдзе сюды ў Дзень Перамогі.
Далей — дарога на Бозак. У цэнтры вёскі — магіла ахвярам фашызму. Яны згарэлі ў агні 10 мая 1944 года. У 1980 годзе тут паставілі помнік, вакол — 22 пліты з прозвішчамі мірных жыхароў, воінаў і партызан. За парадак адказваюць філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, Ліпенскі сельвыканкам і школьнікі з Вязаўніцы.
Яшчэ адно святое месца — у памяць сяльчан з Брыцалавіч, загінуўшых у агні ў студзені 1943 года. Магіла, на якой у 1971 годзе ўстаноўлены абеліск, знаходзіцца ў цэнтры вёскі. А мемарыяльны комплекс, што складаецца са скульптурнай фігуры хлопчыка на 4-гранным пастаменце, 6 бетонных пліт з імёнамі і такой жа стэлы, з’явіўся тут у 1977-м. Прысутныя звярнулі ўвагу на паступовае разрушэнне верхняй часткі бетоннай стэлы. На месцы першага помніка працавалі салдаты вайсковай часці 42707. Акрамя іх, мемарыял даглядаюць і “белшынаўцы”, мясцовае лясніцтва і дрэваапрацоўчы цэх з Ліпеня.
— Усяго ў раёне налічваецца 136 воінскіх пахаванняў. Летась з розных крыніц фінансавання на іх добраўпарадкаванне накіравана каля 12 тысяч рублёў, — адзначыла Ірына Раманчук. — Стан сёння можна лічыць здавальняючым. Рэгулярна праводзіцца касметычны рамонт. Аднак некаторыя патрабуюць рэстаўрацыі, і мемарыяльны комплекс “Брыцалавічы” — таксама. Плюс не аформлены дакументы па ўстаноўцы ахоўных зон на 6 помніках, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка—культурных каштоўнасцей краіны. Падтрымка дарог, што вядуць да месцаў пахаванняў, — таксама задача актуальная. Некаторыя з іх знаходзяцца ў Дзяржаўным лясным фондзе, частка — на балансе ДРБУ № 199. Адказным за добраўпарадкаванне помнікаў і дарог нельга забывацца пра ўскладзеныя на іх абавязкі, каб і праз пакаленні не страцілася памяць пра тых, каму мы абавязаны жыццём.
— Улічваючы важнасць узнятага пытання, кантроль за належным утрыманнем воінскіх пахаванняў, помнікаў і памятных знакаў з боку старшынь сельсаветаў павінен быць пастаянны, каб не было сорамна перад людзьмі, якія могуць не толькі на святы, а і ў любы момант пры-ехаць-прыйсці да гэтых святыняў, — падсумаваў вынікі выязнога пасяджэння Сяргей Сувееў.
Ніна ВІКТОРЧЫК.