Красавік, як вядома, — месяц генеральнай уборкі дамоў, сядзіб, населеных пунктаў і краіны ў цэлым. Як ідзе добраўпарадкаванне ў раёне? Тыдзень таму рушылі ў дарогу разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Сувеевым.
Аўтастрада М-5 бяжыць роўнай стужкай, злучаючы райцэнтр і аграгарадок Ясень. Магістраль, што вядзе ў населены пункт, выдатнай якасці, але такога не скажаш пра шляхі зносін цэнтральнай сядзібы з іншымі вёскамі. Напрыклад, станцыяй. Наогул дарогі — болевыя кропкі ўсіх сельсаветаў, што адзначыў і старшыня Ясенскага Андрэй Шаціла. І дадаў, што работы па іх рамонце пастаянна вядуцца.
Дарэчы, у самім Ясені пабелены бардзюры, ачышчана прыдарожная паласа. Уздоўж трасы якраз насупраць школы работнікі ДЭУ № 73 высадзілі саджанцы ядлоўцу. Выцераблена каля 45 сотак хмызняку, ліквідавана 11 несанкцыянаваных звалак, вынесена 75 прадпісанняў юрыдычным і фізічным асобам, разабраны плот, што аджыў свой век. Акрамя работнікаў сельсавета, перажываюць за вонкавы выгляд і мясцовыя жыхары. Напрыклад, загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку Алена Хроп і старшыня селькама Уладзімір Ермакоў — актыўныя ўдзельнікі ўсіх суботнікаў і працоўных дэсантаў.
Вось на школьны двор высыпала з мячом дзятва — адразу відаць, што наступіў перапынак. Сваю тэрыторыю вучні і настаўнікі ўжо прыбралі, а колькасці на ёй зялёных насаджэнняў можна пазайздросціць.
Работы па навядзенні парадку працягваюцца. Хаця з-за таго што на тэрыторыі сельсавета нямала сугліністых зямель, якія яшчэ пераўвільготнены, пакуль не ўсё задуманае ўдалося зрабіць.
У Пратасевічах таксама кіпела работа. На могілках працавала тэхніка, даводзіліся да ладу шляхі пад’езду, падвозіўся пясок, людзі прыбіралі месцы апошняга прытулку родных.
“Падтрыманне 12 грамадзянскіх могілак у нармальным выглядзе патрабуе нямала сродкаў і працы, — дзеліцца старшыня Пратасевіцкага сельсавета Анатолій Дрывіцкі. — А яшчэ і ліквідаваць несанкцыянаваныя звалкі даводзіцца”. Дарэчы, нават на свежапрыбраных месцах часам узнікаюць кучкі бытавых адыходаў, прычым там, куды дабрацца можна толькі на транспарце. Чамусьці тыя, хто вывозіць непатрэбнае, кідаюць яго, дзе захочуць, маўляў, прыбірайце, калі вам патрэбна, а мне ўсё роўна. Самая небяспечная пазіцыя чалавека — абыякавасць да ўсяго. Такім варта б павучыцца ў братоў Генадзя і Віктара Майзусаў, якія па ўласнай ініцыятыве сваімі сіламі стварылі спартыўную пляцоўку, дзе мясцовая моладзь цяпер актыўна бавіць час.
Высадзілі жыхары Пратасевічаў і дрэвы, якія пазней утвораць парк, дзе можна будзе пагуляць пад шатамі ліп і клёнаў. А хутка тут з’явяцца яшчэ і рабіны.
Старшыню Дрычынскага сельсавета Мікалая Яромава веснавой парой цяжка застаць у кабінеце: разам з людзьмі закасаўшы рукавы працуе на вясковых вуліцах.
Сустрэлі яго ля пагоста. На падуладнай тэрыторыі 5 могілак і 10 воінскіх пахаванняў — усе прыбраны, вядуцца фарбавальныя работы. Падразаюцца сухія дрэвы ў населеных пунктах. 21 спілавана — замест высаджана 25 новых. Дэманціравалі каля 100 метраў гнілога плоту. Работнікі ўсіх арганізацый добраўпарадкоўваюць замацаваныя тэрыторыі.
Вясковыя старасты актыўна далучаюць жыхароў да навядзення парадку на вуліцах. Напрыклад, Аляксандра Пышная з Дрычына, Васіль Пінчук з Маісеевічаў, Валянціна Дашкевіч з Вялікага Бору — надзейныя памочнікі старшыні. Шкада, што не ўсе грамадзяне зацікаўлены ў тым, каб іх вёскі выглядалі прыгожымі, чыстымі і акуратнымі. А трэба памятаць, што яны гаспадары не толькі ўласных дамоў і падворкаў, але і паселішчаў у цэлым. І спадзявацца на некага бессэнсоўна. Узяць у рукі рыдлёўку ці венік і заахвоціць іншых можа кожны — важна толькі матываваць людзей. Аб гэтым і вёў гутарку з людзьмі кіраўнік раённага Савета дэпутатаў.
Іна Заскевіч.