На прыём да намесніка Прэм’ер—міністра краіны Васіля Жарко, які з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Кунцэвіча і старшыні райвыканкама Паўла Налівайкі ён правёў 14 сакавіка, загадзя запісаўся тузін наведвальнікаў.
Натуральна, людзі хацелі высветліць самыя розныя пытанні: наконт выдзялення зямельнага ўчастка пад гаражны кааператыў, магчымасці газіфікацыі вёскі Вялікая Грава, афармлення пасведчання на спадчыну, будаўніцтва тратуара па вуліцы Дзяржынскага ў горадзе, аказання дапамогі ў пагашэнні запазычанасці перад працаўнікамі “Прамаграбуда”, перспектывы лячэння рэдкіх генетычных захворванняў і г.д.
Папярэдне праведзены запіс праблемных момантаў дазволіў загадзя прааналізаваць хвалюючае грамадзян, таму практычна па кожным пытанні яны атрымалі канкрэтныя адказы. Па адных было даручана дасканала разабрацца мясцовай уладзе, па другіх даручэнне адрасавана аблвыканкаму, асобным заяўнікам дапамогуць сустрэцца з кіраўніцтвам адпаведных рэспубліканскіх органаў, каб людзі вочна данеслі ім свае прапановы-прэтэнзіі.
Пэўная частка землякоў, дарэчы, ужо сустракалася з Васілём Iванавічам летась, калі ён у чэрвені праводзіў аналагічны прыём у Асіповічах. I яны засведчылі, што працэс па многім, з чым прыходзілі, як гаворыцца, ужо пайшоў. А значыць, і карысць ад выязных сустрэч з насельніцтвам тых, каму давераны адказныя пасады абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, відавочная.