На парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама, якое прайшло 16 сакавіка пад началам старшыні Паўла Налівайкі з удзелам гендырэктара ААТ “Магілёўхлебапрадукт” — кіруючая кампанія холдынга ААТ “Магілёўхлебапрадукт” Сяргея Любянкова, было вынесена амаль паўсотні разнастайных пытанняў. З іх тры — асноўных.
Аб ходзе падрыхтоўкі сельгасарганізацый да правядзення палявых работ, стварэння трывалай кармавой базы і ўборкі ўраджаю-2018 праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Зуеў. Раёну сёлета неабходна забяспечыць вытворчасць зерня не меней 33 тысяч тон, бульбы — 1600, масланасення рапсу — 4000, гародніны — 880, пладоў і ягад — 635 тонн, для чаго плануецца размясціць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 11452 гектары, рапсу — на 1820, бульбы — на 80 і гародніны — на 40. Для атрымання запланаваных аб’ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі трэба нарыхтаваць 96742 тоны кармавых адзінак усіх відаў кармоў (разам з летнімі зялёнымі), на адну ўмоўную галаву жывёлы — не менш 59 цэнтнераў к.а., травяных кармоў для стойлавага ўтрымання жывёлы — у аб’ёме 52216 т к.а., на ўмоўную галаву — не меней 32,3 ц к.а. Зыходзячы з пастаўленых задач дэталёва і прааналізавалі ўсё неабходнае для паспяховага выканання: патрэбнасць у мінеральных і арганічных угнаеннях, правядзенне вапнавання кіслай глебы, набыццё пестыцыдаў і паліва, гатункаабнаўленне і г.д.
На выніках работы раёна па энергазберажэнні і задачах на 2018 год спынілася начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Гапоненка. Мэтавы паказчык выкананы паспяхова: мінус 3,6% пры заданні на 2017 год мінус 3,3%. Рэалізацыя 103 энергазберагаючых мерапрыемстваў дазволіла дасягнуць сумарнага гадавога эканамічнага эфекту 2403,1 тоны ўмоўнага паліва, вырасла ўжыванне мясцовых відаў энергарэсурсаў (105,9% да 2016 года) і г.д. Аднак, разам са станоўчымі момантамі, ёсць і праблемныя: не забяспечана поўная і своечасовая аплата спажываемай электраэнергіі сельгаспрадпрыемствамі (за выключэннем філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”), выкананне ўстаноўленага паказчыка па энергазберажэнні ААТ “Гандаль”, “Жорнаўка-АГРА”, “Лапічы”, філіялам “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. Натуральна, шляхі выпраўлення сітуацыі знайшлі адлюстраванне ў прынятым рашэнні.
Начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Iгар Каркоўскі расказаў аб прымаемых мерах і ролі грамадскіх арганізацый па спыненні і папярэджанні наркаманіі, у тым ліку ў маладзёжным асяроддзі. Галоўнае — удалося паменшыць рост злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў: летась выяўлена 36 фактаў па лініі наркакантролю (41 у 2016 годзе); выпадкаў у сферы незаконнага абароту наркасродкаў і псіхатропных рэчываў з боку непаўналетніх не зафіксавана. Захавалася тэндэнцыя памяншэння долі злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, і ў студзені-лютым: 9 – 8. Натуральна, заспакойвацца ніхто не збіраецца, задзейнічаныя аддзелы-службы і грамадскія фарміраванні павінны працаваць ва ўзгаданым напрамку толькі актыўней.