Утульная зала МПЦ “Равеснік” 2 сакавіка гасцінна расчыніла дзверы пераможцам леташняга раённага спаборніцтва за высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Асіповіччыны. І, як адзначыў у сваёй прывітальна-віншавальнай прамове старшыня райвыканкама Павел Налівайка, за год зроблена сапраўды нямала.
Індэкс прамысловай вытворчасці па раёне склаў 114% да 2016 года, наша прамысловасць — гэта 5,8% аб’ёму абласной. Забяспечана выкананне даведзенага задання па экспарце тавараў (больш 140%) і экспарце паслуг (245%) без уліку арганізацый, падпарадкаваных органам дзяржкіравання. Маем станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі. Сёння рэгіён развівае гандлёва-эканамічныя адносіны з 49 краінамі свету — толькі летась дабавілася 5 новых рынкаў. Вырас аб’ём інвестыцый у асноўны капітал — 168%. Зараз у нас рэалізуецца 5 інвестыцыйных дагавораў. Дзякуючы навукова-тэхнічнай думцы і асабістай ініцыятыве канкрэтных людзей створаны і паспяхова працуюць сучасныя высокатэхналагічныя прадпрыемствы “Алцімед”, “Тэхнаніколь”, “Белфідагра” і другія. Развіваецца малы і сярэдні бізнес. Гэты перспектыўны сектар эканомікі фарміруе 48% выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, 70% экспарту і 40% рознічнага тавараабароту. Важкая доля яго і ў падатковых паступленнях у бюджэт раёна — 23%. Вядуцца работы па будаўніцтве турыстычнага комплексу ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” і фізкультурна-аздараўленчага ў горадзе, новага корпуса бальніцы. Уведзена ў эксплуатацыю 27 індывідуальных жылых дамоў і 11 гандлёвых аб’ектаў, пабудавана станцыя абезжалезвання вады ў Вяззі, з’явіліся водаправоды ў прыватным сектары Ялізава, адкрыты падводзячы газаправод у Татарцы. Спрацавалі лепш сельскагаспадарчыя арганізацыі. Зроблены крок наперад па многіх напрамках сацыяльнай сферы. Асіповіччына пастаянна займае першыя месцы сярод раёнаў вобласці па аб’ёмах прададзеных тавараў у разліку на чалавека, узроўню зарплаты. Другі год запар па выніках аператыўна-службовай дзейнасці лепшым на Магілёўшчыне становіцца калектыў РАУС. Шмат заслужаных узнагарод у нашых педагогаў, вучняў, спартсменаў, работнікаў культуры і іншых галін.
— “Заўтра павінна быць лепш, чым сёння” — менавіта такім дэвізам мы кіруемся, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. — Галоўная мэта простая: рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця людзей на падставе ўдасканальвання сацыяльна—эканамічных адносін, павышэнне эфектыўнасці функцыянавання эканомікі раёна. Прыміце словы шчырай удзячнасці за вашу добрасумленную штодзённую працу, паважаныя землякі. Упэўнены, што разам мы зробім усё магчымае, каб пастаўленыя на 2018 год задачы былі паспяхова выкананы. Багатыя працоўныя традыцыі Асіповіччыны дазваляюць з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Як і на ранейшых злётах перадавікоў, сёлета на ўрачыстасцях таксама прысутнічалі ганаровыя госці. І дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багдановіч, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл краіны Генадзь Казлоўскі, генеральны дырэктар дзяржустановы “Шматпрофільнае культурна-спартыўнае збудаванне “Мінск-Арэна” Мікалай Ананьеў, удастоены звання “Ганаровы грамадзянін Асіповіцкага раёна”, дэлегацыі са Старадарожскага раёна і суседняга Бабруйска, многія другія зноў і зноў цёпла віталі тых, на каго сёння па праве раўняецца Асіповіччына працоўная.
“Раёнка” ў пятніцкім нумары ўжо ўзгадала тых, хто пад громкія воплескі залы запрашаўся на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды — па працы і гонар, шчырыя словы падзякі ім яшчэ і яшчэ раз! Гэта менавіта для нашых лепшых людзей і калектываў, якія вызначыліся ў самых розных галінах, самааддана спявалі-танчылі мясцовыя артысты і стараліся ва ўсёй прыгажосці паказаць сябе фіналіст Еўрабачання, тэле- і радыёвядучы Арцём Міхаленка і паўфіналіст шоу “Брытанія шукае таленты”, чэмпіён свету па ігры на баяне Віталь Варанко са сталіцы, ствараючы прыўзнята-ўтульную атмасферу свята, якое надоўга застанецца ў памяці.
Далейшых поспехаў ва ўсіх добрых справах, паважаныя землякі!