Асіповіцкія хлебапёкі ў чарговы раз паклапаціліся пра землякоў, якія прытрымліваюцца рэлігійных традыцый, і выпусцілі спецыяльныя навінкі — булачкі да посту звычайныя і з разынкамі.
Важаць яны па 200 грамаў, ідуць ва ўпакоўцы. Склад у булачак аднолькавы: мука пшанічная, цукар, масла сланечнікавае, дрожджы, соль. А адрозненне ў тым, што першыя пасыпаны кунжутам і сланечнікавымі семкамі, а другія ўтрымліваюць разынкі, што ўжо зразумела з самой назвы. Вырабы смачныя, карысныя, па знешнім выглядзе прывабныя. Ну і, зразумела, посныя.
Спецыялісты тэхналагічнай лабараторыі ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” мяркуюць, што не парушаць пост і вернікі, што будуць ужываць хлеб вайсковы, “Хутарок” зерневы, пшанічны зерневы, усе подавыя гатункі і, канечне, чорны фармавы хлеб. Гэтыя вырабы таксама не маюць у сваім складзе маргарыну, сметанковага масла, сухога малака ды яйкаў.