Знаёмцеся:
намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама —
начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання
Віктар Зуеў
Нарадзіўся ў 1974 годзе ў в. Казелле на Краснапольшчыне. З цягам часу сям’я пераехала ў Магілёўскі раён. Вёска Рэчкі, якая стала другой малой радзімай, мае вядомы ў Прыдняпроўскім краі і ўсёй рэспубліцы агракамбінат “Зара”, дзе Віктар Мікалаевіч пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і некаторага працоўнага вопыту ў адным з калгасаў Круглянскага раёна на працягу дзясятка гадоў працаваў галоўным заатэхнікам, намеснікам дырэктара, першым намеснікам генеральнага дырэктара па вытворчасці. З 2009 года быў на кіруючых пасадах у сельгаспрадпрыемствах Міншчыны. Агульны стаж работы ў галіне — 22 гады.
У 2013 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “кіраванне аграпрамысловым комплексам”.
Лічыць сельскую гаспадарку, нягледзячы на шматлікія складанасці, перспектыўным накірункам на Асіповіччыне. Па меркаванні новага кіраўніка, важна шматвектарна выкарыстоўваць рэзервы. Гэта не заўсёды звязана з матэрыяльнымі выдаткамі. Напрыклад, не патрабуе асаблівых затрат выканаўчая дысцыпліна, а вось захаванне тэхналогій у жывёлагадоўлі значна ўплывае на эфектыўнасць працы. У рабоце лічыць важным уклад кожнага члена калектыву, калі мае сваю вагу меркаванне і спецыяліста, і простага працаўніка фермы. Новы кіраўнік намеціў шмат планаў, рэалізацыя якіх павінна садзейнічаць росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў раёне, павелічэнню патэнцыялу дойнага статка. Сярод прыярытэтных задач — стварэнне ўстойлівай кармавой базы.
Жанаты. З жонкай Наталляй Андрэеўнай выхавалі дачок Анастасію і Алену, якія зараз атрымліваюць вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэтах.
У вольны час, што выпадае дастаткова рэдка, Віктар Мікалаевіч любіць бываць на прыродзе. Перакананы, што менавіта ў такія хвіліны атрымліваецца не толькі адчуць яднанне з родным краем, але і больш глыбока зразумець сваё прызначэнне.