Нездарма калісьці — ды і зараз! — многія ўпэўнены, што кожны сапраўдны мужчына павінен пабываць у войску. Так, гэта справа не з лёгкіх, але пра нягоды ніхто і не ўтойвае, курорт не абяцае. На тое ж і армія, каб хлопцы мелі магчымасць атрымаць пэўны жыццёвы вопыт і потым з гонарам казаць: “Я — служыў!” Але і без адпачынку тут нельга, і час ад часу арганізаваць яго ваеннаслужачым дапамагае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Ужо традыцыйна ў Дзень абаронцаў Айчыны ў паўднёвы ваенны гарадок завітваюць прадстаўнікі раённай суполкі БРСМ, школьнікі і навучэнцы мясцовага каледжа. Падстава? Ваенна-спартыўны конкурс “К защите Отечества готов!”, які аб’ядноўвае будучых і сённяшніх ваеннаслужачых. Зразумела, не толькі навучэнцы змагаліся за перамогу ў конкурсе: дзве каманды салдат прадстаўлялі 51 гвардзейскую артылерыйскую і 336 рэактыўную артылерыйскую брыгады.
Напачатку мерапрыемства галоўны спецыяліст райкама саюза моладзі Анастасія Гоціна павіншавала ўсіх мужчын са святам і прапанавала патрэніравацца — у першую чаргу школьнікам, бо армейцы павінны і так добра выконваць усе запланаваныя заданні. А праз пэўны час прыступілі непасрэдна да спаборніцтва. Хлопцам патрэбна было прайсці 5 этапаў: разборка-зборка аўтамата, зарадка магазіна патронамі, апрананне агульнавайсковага ахоўнага камплекта, тэматычная віктарына і стварэнне баявога лістка. На некаторы час падалося, што выкладчыкі перажывалі за вынік нават значна больш непасрэдных удзельнікаў — спрэчкі па кожнай дробязі не сціхалі! А ці патрэбны яны былі ў гэты святочны дзень на мерапрыемстве для адпачынку? Ці не было асноўнай мэтай проста добра правесці час, змяніць абстаноўку і атрымаць асалоду ад сумеснага правядзення часу? Пытанне… Але ж, як бы там ні было, хлопцы ўрэшце самастойна і з падтрымкай педагогаў з заданнямі паспяхова справіліся.
Мабыць, яшчэ не служыўшыя маладыя людзі так натхніліся пажаданнямі прадстаўніцы прыгожага полу Анастасіі, што прыклалі ўсе намаганні, каб стаць лепшымі, а артылерысты, як больш вопытныя і старэйшыя, далі моладзі магчымасць праявіць сябе. У выніку першае месца і пераходны кубак забрала каманда гімназістаў, на другім месцы аказаліся вучні СШ № 3, на трэцім — СШ № 2. Але конкурс — гэта ж толькі падстава сустрэцца і добра правесці час. Таму кожная каманда атрымала салодкія падарункі — свята павінна быць ва ўсіх!
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара.