15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Але ён аб’ядноўвае не толькі тых, хто рызыкаваў жыццём у неаб’яўленых войнах, якія вяліся з удзелам Узброеных Сіл СССР. Многія гады ў гэты дзень самыя розныя людзі збіраюцца, каб ушанаваць памяць загінуўшых і выказаць маральную падтрымку тым, хто застаўся жывы і вярнуўся дадому, выканаўшы салдацкі доўг і захаваўшы чалавечую годнасць у Карэі, Алжыры, Егіпце, В’етнаме, Емене, Сірыі, Ліване, Анголе, Мазамбіку, Эфіопіі, Камбоджы, Лаосе, Бангладэш і, канечне, у Афганістане…
Выступаўшыя на мітынгу-рэквіеме ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам старшыня райвыканкама Павел Налівайка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Багдановіч, старшыня райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Корбан, старшы лейтэнант в/ч 12147 Арцём Булаўко адносяцца да розных пакаленняў, маюць розны жыццёвы вопыт і прыярытэты. I кожны з іх здолеў знайсці словы, якія не пакінулі нікога абыякавым.
Па традыцыі пасля мітынгу адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з удзельнікамі ГА “БСВВА”. Сёлета яна прайшла не ў СШ № 1, а ў гімназіі і мела незвычайны фармат: педагогі і навучэнцы падрыхтавалі прэзентацыю кнігі Георгія Алейнікава і Юрыя Корбана “Без лініі фронту”, у якой сабраны ўспаміны нашых воінаў-інтэрнацыяналістаў. У знак удзячнасці за цеснае і плённае супрацоўніцтва Юрый Корбан уручыў біяграфічны зборнік аб лёсах асіпаўчан, якім давялося прымаць удзел у неаб’яўленых войнах мінулага стагоддзя, ганаровым гасцям мерапрыемства.