Напрыканцы лістапада намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы агучыў далейшыя планы кіраўніцтва дзяржавы ў адносінах беларускага сяла. Новым накірункам дзейнасці тут павінна стаць пераўтварэнне пасёлкаў гарадскога тыпу ў вёскі будучыні. Выбар менавіта гэтых відаў паселішчаў у якасці прыярытэтнага аб’екта ўвагі і падтрымкі ўвогуле лагічны. Больш дзесяцігоддзя гарадскія, рабочыя і курортныя пасёлкі, так бы мовіць, знаходзіліся ў цяні аграгарадкоў і райцэнтраў, чыё развіццё лічылася прыярытэтнай справай. Аднак пасёлкі гарадскога тыпу ў сваёй масе маюць вялікі эканамічны, сацыяльны і дэмаграфічны патэнцыял, які таксама трэба задзейнічаць і ўмацоўваць.
Прыкладам вёскі будучыні лічыцца гарадскі пасёлак Копысь у Аршанскім раёне. Канечне, іншыя не пераўтворацца ў яго поўныя “клоны”, аднак на захаванні канцэптуальнай тоеснасці будзе рабіцца асаблівы акцэнт. Iнакш кажучы, жыхары кожнай вёскі будучыні павінны атрымаць прыблізна роўныя ўмовы для адпачынку, адукацыі, медыцынскага, гандлёвага, транспартнага забеспячэння. Пад асаблівай увагай будзе і развіццё эканомікі.
Мінбудархітэктуры ўжо распрацавала тыпавыя планы, па якіх павінна ажыццяўляцца пераўтварэнне пасёлкаў, так што сістэмная работа пачнецца ўжо ў 2018 годзе. Перамены чакаюць абодва рабочыя пасёлкі Асіповіччыны — Татарку і Ялізава. Iстотна, што апошняе паселішча ўнесена ў спіс пілотных праектаў, вопыт рэалізацыі якіх будзе ў далейшым выкарыстоўвацца іншымі вёскамі будучыні Магілёўшчыны.
Чаму Ялізава выбрана ў якасці пляцоўкі для важнага сацыяльна-эканамічнага эксперымента? З гэтага пытання і пачалася размова з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Iванам МалаковIчам.
— Узгаданы праект пачынаецца не на пустым месцы. Пэўныя крокі па развіцці менавіта пасёлкаў рабіліся і раней, хаця іх паспяховасць у многім залежала ад мясцовай спецыфікі. Галоўныя перавагі Ялізава — даволі вялікая ўдзельная вага ў гаспадарчай дзейнасці раёна і наяўнасць цікавага генплана развіцця. Гэтыя параметры цесна звязаны, бо паляпшэнне ўмоў жыцця станоўча адбіваецца на дэмаграфічных паказчыках насельніцтва. Не сакрэт, што пасялковая моладзь часта імкнецца знайсці сябе ў буйных гарадах з-за непараўнальна большага камфорту і дынамічнага рынку працы. Калі ж на малой радзіме жыць будзе ўтульна, да таго ж ёсць дастатковая колькасць рабочых месцаў з прыстойным заробкам, то навошта кудысьці мігрыраваць?
— I ў чым адметнасць генплана развіцця?
— Ён быў распрацаваны яшчэ ў 2010 годзе, аднак практычна ва ўсіх ключавых момантах адпавядае канцэпцыі вёскі будучыні. Колішняе трапленне ў дзясятку дазваляе распачаць шэраг канкрэтных спраў, толькі на гэта будуць знойдзены неабходныя сродкі.
Пачаць трэба з перспектыў стварэння сучаснага спальнага мікрараёна. Як менавіта ён будзе вы-глядаць, казаць пакуль рана: дэталёвая планіроўка яшчэ не праводзілася. Аднак адну прынцыпова важную асаблівасць узгадаць трэба. Пад жыллёвае будаўніцтва прадугледжана выдзяленне 10 гектараў паблізу ад былога прафілакторыя шклозавода “Кастрычнік”. Пад санаторыі і прафілакторыі заўсёды падбіраліся мясціны з высокім рэкрэацыйным рэсурсам, так што жылая забудова будзе спалучацца з элементамі сапраўднага курорта.
Таксама прадугледжваецца будаўніцтва пасялковага пляжа на ўзбярэжжы Бярэзіны побач з тэрыторыяй шклозавода і пераўтварэнне ляснога масіва каля мікрараёна Прыгараднага ў лесапаркаваю зону з развітай інфраструктурай для актыўнага адпачынку і заняткаў спортам.
Ну і, нарэшце, стварэнне аб’язной дарогі, якая выслабаніць вуліцы ад руху транзітнага транспарту. Досыць за-гружаная аўтатранспартам шаша Барысаў-Беразіно-Бабруйск рассякае Ялізава ўздоўж на дзве часткі, што стварае шмат нязручнасцей і не адпавядае патрабаванням дарожнай бяспекі. Таму “перакідванне” дарогі ў бок Шэйпіч можна лічыць адным з найбольш важных этапаў эвалюцыі рабочага пасёлка.
— Напэўна прадугледжана і вырашэнне самай застарэлай тут праблемы — рамонт ачышчальных збудаванняў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане
ўжо больш за чвэрць стагоддзя?
— Гэты аб’ект унесены ў адпаведную абласную праграму на 2018 год, і, будзем спадзявацца, сродкі на яго рэканструкцыю будуць выдзелены без прамаруджвання. А вось што тычыцца фінансавання ў цэлым, то вельмі важна ўкладваць грошы ў стварэнне вёсак будучыні з максімальнай эфектыўнасцю. Як паказвае вопыт рэалізацыі ранейшых праграм развіцця паселішчаў, такое магчыма толькі пры ўмове, што прыярытэтам будзе паслядоўнасць у дасягненні агульнай мэты, а не хуткасць рашэння лакальных задач. Узгадаем тое ж Ялізава. У свой час тут было зроблена вельмі многа для паляпшэння стану шэрагу вуліц, аднак праз кароткі час іх жа давялося перакапаць, каб пракласці вода- і газаправоды…
— Iнакш кажучы, дзень, калі рабочы пасёлак Ялізава канчаткова пераўтворыцца ў вёску будучыні, наступіць не хутка?
— Першыя змены адбудуцца ўжо ў наступным годзе. Загадваць на больш працяглы тэрмін не трэба: усё ж праект пілотны, таму ў яго рэалізацыі магчымы самыя розныя карэктывы.