Дні дэпутатаў мясцовых Саветаў, акрамя выканання прамых прафесійных абавязкаў, поўняцца яшчэ і праблемамі асіпаўчан. З якімі складанасцямі прыходзіцца сутыкацца, як знайсці найбольш эфектыўныя шляхі ўзаемадзеяння з грамадствам? Пра гэта — размова з дэпутатам райсавета, начальнікам дыстанцыі сігналізацыі і сувязі РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” Сяргеем Анціпавым.
— Дваццаць сёмае скліканне раённага Савета дэпутатаў стала першым такім вопытам, — гаворыць Сяргей Генадзьевіч. — І дэпутацкі занятак — не для маладушных. Людзі прыходзяць за парадай ці дапамогай, і кожны зварот патрабуе падрабязнага разгляду, пошуку выйсця, канкрэтных дзеянняў. Бо людскі давер можна за-служыць толькі справай, а не словамі.
— З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца жыхары вашай Вагоннай выбарчай акругі № 7? Што ўдалося рашыць?
— Актуальнасці ніколі не страчвае жыллёвае пытанне, паляпшэнне ўмоў жыцця. Нядаўна, напрыклад, ад жыхароў вуліцы Патоцкага паступіла просьба аб адкрыцці аптэкі і ўстаноўцы банкамата. Гэтых аб’ектаў там не хапае, таму работа ў дадзеным напрамку актыўна вядзецца. Звярталіся і наконт паваленых пасля непагадзі дрэў, асвятлення на вуліцах і па-крыцця асфальтам пешаходных дарожак. У выяўленні гарачых кропак не апошнюю ролю адыгрываюць сустрэчы з насельніцтвам, якія праходзяць адзін раз у квартал. Калі падчас асабістага візіту можна забыцца пра які-небудзь аспект, то калектыўны розум дапамагае ўбачыць усе бакі сітуацыі.
— Ці бываюць у дэпутатаў складанасці?
— Без іх не абыходзіцца любая справа. Адчуваю, што часам не атрымліваецца знайсці падыход да чалавека, які звярнуўся з просьбай, як след яму дапамагчы. Працую над гэтым. Дэпутат жа — гэта вечны вучань, які павінен пастаянна папаўняць свае веды і быць гатовым прымяніць іх на практыцы, так?
— Грамадская дзейнасць не перашкаджае асноўнай рабоце?
— Сферы дзейнасці грунтуюцца на прадуктыўным узаемадзеянні з іншымі, складанасцей не ўзнікае.
— Што ў планах?
— Перш за ўсё — прадоўжыць дапамагаць землякам вырашаць жыццёвыя праблемы. Людзям неабходна, каб іх пачулі, пастараліся зразумець і дапамагчы. Па-другое — зрабіць як мага больш для развіцця сацыяльнай інфраструктуры ў раёне вуліцы Патоцкага. Хаця гэта, канечне, праграма-мінімум.
Ганна ШАРАМЕТ.