Вучэбны год у часцях і злучэннях Узброеных Сіл пачынаецца 1 снежня. Свята свайго роду войск артылерысты і ракетчыкі адзначаюць напярэдадні, таму яго можна лічыць сэнсавай кропкай, якой завяршаецца і з якой пачынаецца чарговы цыкл баявой падрыхтоўкі.
Для 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгады ён быў насычаны падзеямі, важнымі не толькі для канкрэтна гэтага злучэння, але і для абароназдольнасці краіны ў цэлым.
30 лістапада 2016 года быў сфарміраваны 77 асобны рэактыўны артылерыйскі дывізіён, штатна ўзброены РСЗА “Паланэз”. На момант з’яўлення новага падраздзялення ў 336 рэабр была праведзена неабходная работа па стварэнні належных умоў для захавання, тэхнічнага абслугоўвання і вывучэння тэхнікі, з якой складаецца сучасны комплекс залпавага агню. Гэта дазволіла на працягу бягучага вучэбнага года паспяхова правесці апрабацыю новай тэхнікі і ўнесці значную колькасць карэкціровак у першапачатковыя рэдакцыі дакументаў, якія рэгламентуюць правілы паўсядзённай эксплуатацыі і баявога прымянення “Паланэзаў”. Атрыманы 77 арэадн вопыт аператыўна перадаецца прадпрыемствам ВПК, якія зараз працуюць над удасканаленай мадыфікацыяй айчыннай РСЗА — “Паланэз-М”.
Красавік 2017 г. У тактычных вучэннях былі задзейнічаны 77 асобны і 3 рэактыўны артдывізіёны. Падчас палявога выхаду першы адпрацоўваў вучэбныя пускі, другі праводзіў баявыя пускі РСЗА “Смерч” з выкарыстаннем вучэбна-трэніровачнага комплексу, які дазваляе выкарыстоўваць больш танныя 122-мм ракеты ад РСЗА “Град”.
У спаборніцтвах на званне лепшага камандзіра стартавых (рэактыўных артылерыйскіх) батарэй Узброеных Сіл лейтэнант Мікалай Зіноўеў заняў першае месца, старшы лейтэнант Iгар Верашчагін — другое. Прадстаўнікі 336 рэабр займаюць лідзіруючыя пазіцыі сярод беларускіх ракетчыкаў ужо пяты год запар.
Сярэдзіна красавіка — сярэдзіна ліпеня. Каля 100 чалавек і амаль 30 адзі-нак тэхнікі рэактыўнай артбрыгады знаходзіліся ў Мінску, дзе рыхтаваліся да ўдзелу ў парадзе на Дзень Незалежнасці. Такі вялікі “дэсант” асіповіцкіх ракетчыкаў дазволіў упершыню за ўвесь час удзелу ў галоўным свяце дзяржавы ўтварыць дзве парадныя каробкі з баявой тэхнікі.
Жнівень. Кантрольныя заняткі з удзелам 3 рэадн па кіраванні ракетнымі ўдарамі на палігоне “Асіповіцкі”. На вучэбным полі бою ракетчыкі адпрацоўвалі ўзаемадзеянне з сіламі спецаперацый, камандамі ўпраўлення беспілотнымі авіякомплексамі, навігацыйна-тапаграфічнай службай, часцямі супрацьпаветранай абароны. Таксама адной з важных мэт кантрольных заняткаў была адаптацыя выпускнікоў ваенных ВНУ на іх першых камандзірскіх пасадах.
Верасень. 4 чысла брыгада ўрачыста адзначыла сваё 45-годдзе, пасля чаго адразу перадыслацыравалася ў раёны правядзення стратэгічных вучэнняў “Захад-2017”. Сярод выкананых на выдатна задач — супрацьдзеянне дыверсійным групам умоўнага праціўніка і баявыя пускі з РСЗА “Смерч” на палігоне “Асіповіцкі”, якія праводзіліся 3 рэактыўным артылерыйскім дывізіёнам.
Кастрычнік. 3 рэадн, якім камандуе падпалкоўнік Сергей Афанасьеў, перамог у спаборніцтвах на званне лепшага ракетнага (рэактыўнага артылерыйскага) дывізіёна Узброеных Сіл, прычым з рэкордным адрывам ад “сярэбранага” прызёра. Гэта была чацвёртая запар перамога ракетчыкаў 336 брыгады ва ўзгаданым конкурсе вайсковага майстэрства.
Паралельна 77 арэадн удзельнічаў у правядзенні пускаў з РСЗА “Паланэз” на максімальную дыстанцыю. Паколькі планавалася дасягнуць дальнасці ў 300 км, выбраць цалкам бязлюдныя тэрыторыі для пускаў у нашай краіне немагчыма. Таму асабовы састаў брыгады быў шырока задзейнічаны ў арганізацыі мер бяспекі ў “палётным калідоры”.
Падрыхтоўка і правядзенне рэкордных пускаў была, бадай, самай складанай задачай вучэбнага года, але і з ёй асабовы састаў 336 рэабр справіўся бездакорна. Па словах камандзіра злучэння палкоўніка Аляксандра Цішкевіча, найлепшым чынам праявілі сябе ў пералічаных і пакінутых па-за межамі артыкула справах начальнік штаба-першы намеснік камандзіра брыгады падпалкоўнік Аляксандр Мяцель, камандзір 2 рэадн падпалкоўнік Дзмітрый Iльюшчанка, камандзір 77 арэадн Міхаіл Крывашэй, лейтэнанты Уладзіслаў Петрычэнка, Антон Логінаў, прапаршчык Iлля Чарняк.