Знаёмцеся:
ваенны камісар Асіповіцкага і Клічаўскага ваенкаматаў
маёр Фёдар Шапавалаў
Нарадзіўся ў 1979 годзе ў Чэрыкаве (Магілёўская вобласць). Пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіў у Ваенную акадэмію, якую скончыў у 2001 годзе.
Па 2008 год уключна служыў у 8 радыётэхнічнай брыгадзе Ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны, чые падраздзяленні ўваходзяць у састаў сістэмы аховы дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Займаў розныя пасады, у тым ліку начальніка штаба – намесніка камандзіра часці.
Жаданне змяніць месца службы выказаў, калі пераканаўся, што мае належны патэнцыял для плённай працы на больш адказных пастах. Вышэйстаячае камандаванне прапанавала некалькі вакансій у ваенкаматах краіны. Гэта звычайная практыка: для структур, якія ўваходзяць у сістэму камплектавання Узброеных Сіл, камандныя кадры падбіраюцца з афіцэраў, якія падчас страявой службы праяўляюць неабходны ўзровень арганізацыйных здольнасцей і маюць высокую культуру работы з дакументамі.
Маёр Шапавалаў выбраў Асіповічы і ўзначаліў у мясцовым ваенкамаце мабілізацыйную групу. Як намеснік ваенкама-начальнік мабгрупы, паспяхова спраўляўся з профільнымі задачамі, што ставіліся перад установай у сувязі з развіццём тэрытарыяльнай абароны, правядзеннем буйных вучэнняў, далейшым будаўніцтвам Узброеных Сіл.
На сённяшняй пасадзе з 8 верасня. Жанаты, мае двух сыноў. Лічыць сябе прыхільнікам здаровага ладу жыцця, захапляецца рыбалкай.
* * *
Сярод першапачатковых задач, якія пастаўлены перад новым камісарам Асіповіцкага і Клічаўскага РВК, трэба ўзгадаць дзве: павышэнне іміджу ваенкамата як неад’емнай і важнай часткі айчыннай арміі і ўдзел у асваенні новай методыкі адбору прызыўнікоў.
Прэстыж нашага ваенкамата, безумоўна, павінен адпавядаць неафіцыйнаму, але агульнапрынятаму статусу Асіповіч як сталіцы беларускай артылерыі. Гэта справа комплексная, якая ўключае не толькі падтрыманне і, па магчымасці, паляпшэнне ўжо дасягнутых вынікаў у рабоце, але і давядзенне будынка ўстановы да сучасных стандартаў офіснага дызайну.
Што ж тычыцца ўдасканалення мерапрыемстваў прызыву, то найхутчэйшае ўкараненне камп’ютарных спосабаў вывучэння маральных, псіхалагічных і дзелавых якасцей будучых навабранцаў павінна больш дакладна размяркоўваць прызыўнікоў у адпаведнасці з патрабаваннямі канкрэтных воінскіх часцей.
Фёдар Шапавалаў прызнае актуальнасць узгаданых накірункаў дзейнасці і не бачыць сур’ёзных перашкод у іх рэалізацыі. Залог поспеху — высокі прафесіяналізм і адданасць справе калектыву ўстановы, у фарміраванні якога новы ваенны камісар прымаў самы дзейсны ўдзел.
Дзмітрый САЎРЫЦКI. Фота Ніны ЦАРЫК.