Маналог выхавацеля ДУА “Яслі-сад № 9 “Крынічка” Раісы Бедаравай
— Мой працоўны шлях пачаўся на ААТ “БелАЗ”, куды патрапіла пасля заканчэння вучобы ў ДПТВ № 74 у якасці кантралёра вытворчасці. Але крыху папрацаваўшы, мы з сяброўкай вырашылі, што трэба вучыцца далей. Не ведаючы дакладна, куды падацца, узялі карту Беларусі і метадам “тыка” выбралі горад, дзе будзем атрымліваць новую прафесію. Ім аказаўся Магілёў. Калі прыехалі падаваць дакументы, ліў дождж, было холадна, і, здаецца, сама прырода прасіла перадумаць і вярнуцца на абжытае месца. Аднак сяброўка літаральна зацягнула мяне ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча.
У прыёмнай камісіі на нас глядзелі здзіўленымі вачыма. І на тое была прычына: школу скончылі даўно, абедзвюм было ўжо па дваццаць гадоў, за плячыма — вопыт работы на адным з буйных прадпрыемстваў рэспублікі. Аднак пасля выдатнай здачы ўступных экзаменаў усе сумненні і ў членаў камісіі, і ў дырэктара ўстановы зніклі. Свой магілёўскі перыяд жыцця дасюль успамінаю з пяшчотным замілаваннем, а з настаўнікамі вучылішча засталіся добрыя адносіны.
Пасля было размеркаванне, і 18 чалавек з нашага курса накіравалі ў нядаўна збудаваны ў Асіповічах дзіцячы сад № 9. Нас вельмі добра сустрэлі, далі месцы ў аўтазаводскім інтэрнаце, і пачаўся ў маім жыцці новы этап.
Уражанні ад першага працоўнага дня былі проста неверагодныя. Маладых спецыялістаў чакалі голыя сцены і беспарадак, які застаўся пасля рамонту. Першы месяц мы працавалі ў якасці прыбіральшчыкаў, даводзячы да розуму памяшканні. З-за гэтага нярэдка ўзнікалі непаразуменні з загадчыкам Людмілай Раманавай. Яна шмат патрабавала, у нечым мы на яе крыўдзіліся, але час паказаў, што настаўленні Людмілы Антонаўны літаральна прымусілі нас стаць добрымі спецыялістамі, бо ў нас было шмат амбіцый, імпэту і прыстойная база ведаў, якую, аднак, не адразу навучыліся рэалізоўваць на практыцы. Маладога запалу хапала не толькі на працу, але і на актыўную грамадскую і творчую дзейнасць. Ні адно мерапрыемства ў садку ці горадзе не праходзіла без удзелу ўстановы, а я некаторы час нават была сакратаром камсамольскай арганізацыі дзіцячага садка № 9.
Зараз упэўнена магу сказаць, што, дзякуючы сяброўцы, зрабіла правільны выбар у сваім жыцці. Гэта цалкам мая прафесія, і я не прадстаўляю сябе ў іншай сферы дзейнасці, бо разам з дзецьмі, якія становяцца ўсё больш прагрэсіўнымі, расту і я, вучуся новым тэхналогіям, якія дапамагаюць у працы, адкрываю з новага боку ўжо знаёмыя з’явы і рэчы. Вельмі добры тандэм склаўся ў нас з калегамі і бацькамі. З мамамі і татамі гаворым заўсёды адкрыта, расказваем пра поспехі іх дзяцей, імкнёмся засяродзіць бацькоўскую ўвагу на талентах і схільнасцях дзіцяці. На гэта накіраваны адкрытыя мерапрыемствы, традыцыйныя ранішнікі, спартыўныя спаборніцтвы. Прывычнай з’явай для маіх выхаванцаў сталі своеасаблівыя дамашнія заданні, накіраваныя на развіццё і ўдасканаленне моцных бакоў хлопчыкаў і дзяўчынак.
Акрамя асноўных заняткаў, прадугледжаных праграмай, разам чытаем вершы класікаў і з кожным паасобку іх разбіраем, а дзякуючы разнастайным відам тэатра паралельна можам ставіць па вершах мініяцюры, ладзіць са старэйшымі групамі літаратурныя вечары, спектаклі, дзе ўдзельнічаюць усе выхаванцы. Тут галоўнае — правільна растлумачыць бацькам, чаму іх дзіця атрымаў тую ці іншую ролю, і данесці да іх думку, што не бывае няздольных дзяцей — бываюць нераскрытыя.
Трэба зазначыць, што сённяшнія бацькі сталі больш адказнымі. Калі раней сабраць усіх на бацькоўскі сход было дастаткова складана, то зараз сходы праходзяць у форме дыялогу. Бацькі актыўна цікавяцца жыццём сваіх дзяцей, просяць расказаць пра кожнага асобна. Але існуе і другі тып — болей замкнёных. Да такіх тат і мам часцей за ўсё падыход можна знайсці падчас візіту да іх. Расказваеш пра поспехі дзіцяці, і яны раскрываюцца і ў далейшым з задавальненнем ідуць на кантакт. У маёй практыцы не было яшчэ такіх бацькоў і дзяцей, з якімі нельга было б знайсці агульнай мовы.
Правільнасць такога падыходу падмацоўваецца тым, што выпускнікі мяне памятаюць, прыходзяць у госці і прыводзяць у садок уласных дзетак. Некалькі гадоў таму была ў мяне група, у якой дзяўчынка стала называць мяне мамай. Калі я спытала, чаму, яна адказала, што за тое, як я клапачуся пра іх падчас знаходжання ў садку, можна так называць. Следам за ёй усе астатнія дзеці ў групе пачалі зваць мяне “мамай”. І хоць прыйшлося растлумачыць малечы, што я толькі іду побач з мамай, дапамагаю ёй, гэта было найвышэйшай адзнакай маёй працы.
Увогуле, я ўдзячная лёсу, што на маім шляху трапіліся толькі добрыя і шчырыя людзі, якія дапамаглі знайсці прызначэнне і рэалізавацца ў ім, падзяліцца кропелькамі любові з выхаванцамі, закласці ў іх сэрцы дабрыню і чуласць, магчымасць суперажываць і вырасці дастойнымі людзьмі.