21 кастрычніка раённая арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі запрасіла ўсіх землякоў прыняць удзел у акцыі, прысвечанай надыходзячаму 100-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, — пасадцы дрэў у трох сімвалічных пунктах Асіповічаў: парку на паўднёвым баку горада, які быў закладзены падчас святкавання 50-годдзя Вялікага Кастрычніка ў 1967 годзе, на вуліцах 60-годдзя Кастрычніка і Сташкевіча — барацьбіта за Савецкую ўладу, які нарадзіўся ў нашым горадзе.
Iніцыятыву камуністаў падтрымалі грамадскія аб’яднанні — райсавет ветэранаў, саюз моладзі, піянерская арганізацыя, асіповіцкія “зялёныя” ЭМГА “Дзеля жыцця на зямлі”, актывісты прафсаюзнага руху, работнікі шэрагу арганізацый, сярод якіх у першую чаргу варта адзначыць установу па захаванні матэрыяльных каштоўнасцей “Маяк” і УКП ЖКГ.
Не для ўсіх галоўным матывам удзелу ў “святочным суботніку” была павага да досыць далёкай гістарычнай падзеі, аднак кожны ішоў на яго з жаданнем зрабіць наш горад прыгажэйшым. Няхай і не адразу: пасаджаныя алеі вырастуць і набудуць сапраўднае хараство недзе праз чвэрць стагоддзя. Якраз да чарговай “круглай” даты — 125-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Падсумоўваючы вынікі акцыі, сакратар райарганізацыі камуністаў, член ЦК КПБ Аляксандр Пузік падкрэсліў, што кампартыя захоўвае традыцыю правядзення разнастайных карысных спраў з нагоды важных для нашай краіны дат і актыўна супрацоўнічае ў гэтым з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Менавіта такі падыход сёння дазваляе найбольш эфектыўна распаўсюджваць ідэі і прынцыпы, якіх прытрымліваецца КПБ у выкананні сваёй генеральнай лініі — умацаванні і ўсебаковым развіцці Рэспублікі Беларусь.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА і Марыі ТАЛЕЙКА.