Першыя вераснёўскія дні ў нашай краіне напоўнены надзвычай прамяністай духоўнасцю: адзначаецца свята ў гонар Кнігі, на ўшанаванне Друкаванага Слова, на ўслаўленне Беларускай Мовы. Гэта свята пісьменнікаў і навукоўцаў, выдаўцоў і паліграфістаў, бібліятэкараў і кнігадрукароў — усіх, хто любіць і шануе Кнігу, Родную Мову.
Сёлетняе свята беларускага пісьменства асаблівае. 500 гадоў таму, 6 жніўня, Францыскам Скарынам у Празе была надрукавана кніга на старабеларускай мове “Псалтыр”. Урачыстасці з гэтай нагоды прахо-дзяць па ўсёй Беларусі і не толькі. Бярэ яно пачатак з 1990 года, калі шырока адзначалася 500-годзе з дня нараджэння ўсходнеславянскага першадрукара. У Міністэрстве культуры і друку ўзнікла задума спалучыць набыткі Скарынаўскага свята з традыцыямі ўшанавання нацыянальных святыняў і хрысціянскіх каштоўнасцяў і творча прадоўжыць іх. 25 мая 1994 года з’явіў-ся адпаведны ўказ Прэзідыум Вярхоўнага Савета рэспублікі, і з таго часу мы адзначаем Дзень беларускага пісьменства ў першую нядзелю верасня. Свята прыўрочана да дня выхаду першай друкаванай кнігі на тагачаснай беларускай мове, разгортваецца па ўсёй краіне, а яго цэнтрам выбіраюцца гарады і мястэчкі, звязаныя з памятнымі гістарычнымі падзеямі, асветніцтвам і кнігадрукаваннем.
Гістарычны горад Полацк, дзе нарадзіўся першадрукар, стаў першым такім месцам. У яго вялікія культурныя традыцыі. Гэта радзіма нашых асветнікаў — апякункі зямлі беларускай святой Еўфрасінні Полацкай, царкоўнага дзеяча, літаратара і педагога Сімяона Полацкага. Тут дзейнічае і Музей гісторыі кнігадрукавання.
У 1995-м свята ладзілася ў мястэчку Тураў. Тут у ХII ст. жыў і працаваў слынны дзеяч усходнеславянскай культуры епіскап Кірыла, далучаны да ліку святых і названы Тураўскім. Ён напісаў каля 70 пропаве-дзяў, малітваў, навучанняў, прыпавесцяў, канонаў. У другой палове ХIХ ст. у мястэчку выяўлены старажытны рукапісны помнік ХI ст. — Тураўскае Евангелле. У 2004 годзе Тураў зноў стаў цэнтрам святкавання.
Навагрудак прымаў гасцей у 1996 годзе, а ўрачыстасці разгортваліся і ў Любчы, дзе ў ХVII ст. дзейнічала друкарня, якая выпускала хрысціянскія і свецкія кнігі.
Заканамерна, што ў 1997 г. свята беларускага пісьменства перамясцілася ў Нясвіж, дзе здаўна шырока разгортвалася культурнае жыццё. Тут дзейнічаў адзін з лепшых у Еўропе тэатр. Князі Радзівілы спрыялі развіццю кніга-друкавання. Упершыню на тэрыторыі Беларусі друкарня выдала кнігі кірыліцай і выпусціла «Катэхізіс» Сымона Буднага на старабеларускай мове. Выходзілі таксама асобнікі на польскай і лацінскай мовах.
У 1998 г. цэнтрам урачыстасцей стала Орша. Пры мясцовым Куцеінскім Богаяўленскім манастыры ў 1630- 1654 гг. дзейнічала друкарня, якая выпусціла 20 кніг навукова-асветніцкага, царкоўна-палемічнага і свецкага характару на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах.
Пінск святочна расквеціла кнігавыдавецкае святло ў 1999 г. Тут у першай палове XVIII ст. езуіты стварылі друкарню і арганізавалі выпуск хрысціянскай і свецкай літаратуры на лацінскай і польскай мовах, а ў XVII-XVIII стст. пры езуіцкім калегіуме працаваў школьны тэатр.
Старажытны горад Заслаўе, што атрымаў назву ў гонар князя Iзяслава — сына полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра, які ўвёў хрысціянства ў Старажытнай Русі, — прымаў усіх ў наступным годзе. Некаторы час тут жыў Сымон Будны. Свята вярнулася сюды ў 2014 годзе.
Родны горад аднаго з першых беларускіх і рускіх кнігадрукароў Пятра Мсціслаўца — легендарны Мсціслаў — стаў цэнтрам мерапрыемстваў у 2001 годзе, а ў наступным разгарнулася святкаванне Беларускай Кнігі ля сцен Мірскага замка і на плошчы мястэчка Мір.
Велічны сімвал берасцейскага краю і ўсёй Беларусі — Белая вежа, што ўзвышаецца амаль ля цэнтра Камянца, на беразе ракі Лясной, — у тую вераснеўскую нядзелю 2005 г. зачароўвала ўдзельнікаў чарговага Свята пісьменства, гасцей і саміх берасцейцаў.
Віцебская зямля неаднойчы вітала кніжнікаў. Сталіца Міжнароднага фестывалю народнай інструментальнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” Паставы зладжана і духоўна правяла асветніцкае мерапрыемства ў 2006 г. На наступны год Шклоў ператварыўся ў шматлюдны маляўнічы тэатр, відовішчныя дзеі якога шумна разгортваліся на вуліцах, у парку, ля культурна-асветніцкіх устаноў.
У 2008 г. ладзіў святкаванне Барысаў, праз год урачыстасці разгортваліся ў Смаргоні, а літаратурная частка — у родных мясцінах паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча Кушлянах.
У 2010 годзе прымалі гасцей Хойнікі. У першай палове XVII ст. князі Вішнявецкія пабудавалі тут замак з абарончымі сценамі, уязной вежай-брамай. Ён праіснаваў да XVIII стагоддзя, а паселішча вядома і як радзіма народнага пісьменніка Беларусі Iвана Мележа. Адсюль родам празаік Барыс Сачанка, паэты Мікола Мятліцкі і Ала Канапелька.
2011 год — Ганцавічы. Тут нарадзіліся вядомыя беларускія дзеячы культуры фалькларыст, этнограф, публіцыст Аляксандр Сержпутоўскі, паэты Міхаіл Рудкоўскі і Віктар Гардзей. У спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі занесена панская сядзіба ў вёсцы Агарэвічы — помнік драўлянага дой-лідства XIX стагоддзя. Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём і творчасцю Якуба Коласа.
Глыбокае — 2012 год. Сёння тут захавалася больш за 60 помнікаў архітэктуры, 17 храмаў — помнікаў архітэктуры, сярод якіх 4 — рэспубліканскага значэння, маюцца курганы, дэндрарый. Глыбоччына дала свету Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага, Паўла Сухога і Паліну Мядзёлку.
Быхаў — 2013 год. Тут у пачатку ХVII ст. быў створаны Баркулабаўскі летапіс — помнік беларускага летапісання.
2015 — Шчучын. Гэта радзіма знакамітай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч, больш вядомай як Цётка.
Мінулы год — Рагачоў, тут беражліва захоўваецца гістарычна-культурная духоўная спадчына, якая складаецца больш з чым 70 помнікаў археалогіі і архітэктуры.
Склаліся ўжо пэўныя традыцыі арганізацыі і правядзення Свята беларускага пісьменства. Напачатку адбываецца тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў гарадоў — цэнтраў беларускага кнігадрукавання. Эмацыянальнае ўражанне робяць выступленні гістарычных асоб, ролю якіх выконваюць вядомыя беларускія артысты. На ўрачыстай часцы ідзе размова пра культурна-асветніцкія, выдавецка-паліграфічныя дасягненні нашай краіны, адзначаюцца пераможцы кнігавыдавецкай дзейнасці. На сцэне і ў партэры знаходзяцца дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, госці з іншых краін, прадстаўнікі пасольстваў, святары, стваральнікі і прапагандысты беларускій кнігі.
У розных кутках праходзяць канцэрты прафесійных і самадзейных артыстаў, ладзяцца сустрэчы с літаратарамі, выставы рэспубліканскай і мясцовай прэсы, кніжныя кірмашы і выстава-кірмаш народных промыслаў.