На чарговым выязным пасяджэнні прэзідыума Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў, што праходзіла пад началам старшыні Аляксандра Пузіка ў аграгарадку Лапічы, як заўсёды разглядаліся важныя для рэгіёна пытанні.
Намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Сяргей Емяльянаў паведаміў аб сумеснай рабоце з сельскімі выканаўчымі камітэтамі па эфектыўным і рацыянальным выкарыстанні зямель у населеных пунктах раёна.
За мінулы перыяд бягучага года службай разгледжана 402 заявы грамадзян па пытаннях зямельных адносін, якія паступілі ў сельвыканкамы. Падрыхтавана 146 праектаў рашэнняў у вобласці рэгулявання зямельных адносін па 398 зямельных участках.
Па стане на 1 верасня 2017 года на ўліку ў сельвыканкамах знаходзілася 72 грамадзяніны, якія жадаюць атрымаць зямельныя ўчасткі, у той жа час у пераліку свабодных — 357 надзелаў.
За 8 месяцаў бягучага года прадастаўлена 16 зямельных участкаў грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання дамоў па кадастравым кошце на суму 18931 рубель.
Землеўпарадкавальнай службай на пастаяннай аснове ажыццяўляецца дзяржкантроль за выкарыстаннем і аховай зямель. Праведзена 457 праверак захавання зямельнага заканадаўства, выдадзена 304 прадпісанні. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 34 землекарыстальнікі, агульная сума штрафаў склала 6958 рублёў. Палова парушэнняў выклікана самавольным захопам зямель, па 20 працэнтаў — неэфектыўным выкарыстаннем і невыкананнем патрабаванняў і прадпісанняў і да 10% — невыкарыстаннем зямель.
У ходзе інвентарызацыі зямель населеных пунктаў і сельгасарганізацый выяўлена 625 га зямель, якія належаць уключэнню ў гаспадарчы абарот і не выкарыстоўваюцца, у тым ліку 184 га зямель населеных пунктаў, якія зараз уцягнуты ў гаспадарчы абарот, і 441 га зямель сельгасарганізацый.
За невыкарыстанне сельскагаспадарчых зямель выдадзена 24 прадпісанні. За неэфектыўнае выкарыстанне зямель да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнута ААТ “Авангард-Ніва”.
Усяго за апошнія 10 гадоў пераразмеркавана 2399 га зямель, з іх 1885 перададзена сельгаспрадпрыемствам і 514 — лесагаспадарчым арганізацыям.
Работа ў дадзеным накірунку працягваецца.
Каб пераканацца ў гэтым, члены прэзідыума і старшыні сельвыканкамаў наведалі населеныя пункты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Лапіцкага сельсавета. Старшыня Аляксандр Гарадзілаў расказаў, як ажыццяўляецца знос пустуючых дамоў і ўвядзенне ў севазварот вызваленых зямельных участкаў.
У працяг тэмы ўдзельнікі мерапрыемства наведалі лясніцтва Жорнаўскай эксперыментальнай лясной базы IЛ НАН Беларусі. Ляснічы Віктар Круглякоў пазнаёміў прадстаўнікоў выбарчай улады з тым, як гадуецца пасадачны матэрыял, акцэнтаваў увагу на развядзенні каштоўных парод дрэў. У гэтым лясніцтве лепш, чым дзе, умеюць рацыянальна выкарыстоўваць атрыманыя ў эксплуатацыю землі, ведаюць кошт кожнаму метру і яго патэнцыял.
У ходзе разгляду іншых пытанняў пасяджэння, якія тым ці іншым чынам звязаны з асноўным, былі прыняты рашэнні пастаянна працаваць з насельніцтвам па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах выбарчых акругоў па далучэнні да навядзення парадку на зямлі, працягнуць практыку правя-дзення аглядаў-конкурсаў на лепшы па ўтрыманні і афармленні дом, двор, кветнік.
Днём правядзення 33 сесіі райсавета дэпутатаў 27 склікання выбрана 19 верасня. Прыняты іншыя важныя рашэнні.
Iна Заскевіч.