У суботу ў гарадскім парку ўжо зранку гучала музыка, і задоўга да пачатку ўрачыстасці туды сталі збірацца землякі. За размовамі яны бавілі час, а дзецям не трэба было і чакаць свята: убачыўшы каруселі, батут, горку і іншыя атракцыёны, яны адразу ўключыліся ў дзею.
Нагодай для ўрачыстасцей стаў Дзень чыгуначніка, які адзначаецца ў краіне ў першую нядзелю жніўня. Нядзіўна, што гэта прафесійнае свята карыстаецца павагай у нашым райцэнтры, які за мінулае стагоддзе вырас у буйны чыгуначны вузел.
Вядучыя ўручалі ўдзельнікам свята стужкі з эмблемай галіны, якой сёлета спаўняецца 155 гадоў. А яшчэ кожны мог праверыць свае веды ў ходзе забаўляльна-пазнавальнай віктарыны “155 фактаў пра чыгунку”. З задавальненнем удзельнічалі ў ёй як непасрэдна чыгуначнікі, так і члены іх сямей, якія разам з роднымі жывуць жыццём галіновых прад-прыемстваў і дасведчаны аб іх рабоце не менш за спецыялістаў. Прыемна было бачыць людзей розных пакаленняў, аб’яднаных адной мэтай, моладзь пад руку з ветэранамі працы, дарослых з малымі, якія праз гады таксама паўстануць перад выбарам прафесіі, зменяць і на чыгунцы сваіх бацькоў і бабуль-дзядуль.
Вядучыя заслужана ўзгадалі Іосіфа і Максіма Дараганаў, якія за свае сродкі пра-клалі рэйкі ад Асіповіч да Старых Дарог, удыхнулі жыццё ў нашы мясціны. Нездарма ўрачыстасць пачалася з фрагмента бала ў “Экспазіцыі сям’і Дараган” гісторыка-краязнаўчага музея. А пасля ў неба ўзмылі звязкі паветраных шароў, вітаючы людзей, якія ў любое на-двор’е кіруюць чыгуначнымі саставамі, выходзяць да цягнікоў, каб агледзець іх стан, рамантуюць пуці і спецпрыстасаванні і выконваюць масу іншых вельмі неабходных для краіны і народа спраў.
Урачыстую частку адкрыў начальнік чыгуначнай станцыі Віталій Канстанціновіч. Ён павітаў калег і адзначыў, што ў агульнай справе важны ўклад кожнага, пажадаў усяго найлепшага ў прафесійным і асабістым плане.
Ганаровыя граматы Асіповіцкага райвыканкама атрымалі Сяргей Жэшка, Алег Засулька, Уладзімір Казлоўскі, Наталля Рабічэнка. А Таццяна Ермаковіч, Пётр Карытка, Андрэй Лазоўскі, Наталля Майчук і Вера Сагайдак былі ўзнагароджаны Падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама. Узнагароды ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна.
Віталі ў гэты дзень ветэранаў стальной магістралі, успаміналі і тых, хто змагаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце і ў партызанскіх атрадах.
Музычныя нумары канцэртнай праграмы падрыхтавалі вакальныя калектывы Дома культуры Асіповічы “Куццякі”, “Сяброўкі”, харэаграфічныя — “Анахата”, “Малінкі”, “Апрель”, а таксама работнікі чыгуначных прадпрыемстваў, якія пацвердзілі, што яны не толькі добра выконваюць свае службовыя абавязкі, але валодаюць і творчымі здольнасцямі, умеюць парадаваць калег цудоўным выкананнем музычных твораў.
Госці фэсту маглі наведаць святочныя гандлёвыя рады, набыць сувенір, падсілкавацца, выбіць мішэнь у ціры ці патрапіць у шарык дроцікам — і гэтым ахвотна карысталіся.
Мясцовыя артысты праз нейкі час уступілі сцэну сталічным. Прадзюсарскі цэнтр спорту і эстрады “Дэльта-шоу” падрыхтаваў цудоўную праграму. Нашых чыгуначнікаў віталі Дзмітрый Смольскі, Сяргей Мінскі, Анатоль Длускі, Сяргей Жбанкоў і іншыя артысты беларускай эстрады, якіх цёпла прынялі мясцовыя гледачы.
Дарэчы, зоркі эстрады і пасля музычнай праграмы не спяшаліся дадому: іх чакаў таварысцкі матч з камандай ветэранаў мясцовага футбола. Абедзьве дружыны паказалі выдатную гульню і ў чарговы раз пацвердзілі ўсенародную любоў да гэтага спорту. А лік 1:1 сведчыць: перамагла дружба!
Пакуль балельшчыкі атрымлівалі асалоду ад матча, іх меншыя таварышы таксама актыўна бавілі час. У парк наведаліся вясёлыя клоўны, што ўжо палюбіліся мясцовай дзятве, — Ірыска і Барбарыска. З імі сумаваць не прыходзілася: рухомыя гульні, загадкі, цікавыя заданні вельмі спадабаліся. А на памяць малым засталіся прызы і цудоўны настрой.
Калі дзённая спёка пачала спадаць, асіпаўчане зноў заспяшалі ў эпіцэнтр святкавання. Яны патрапілі на конкурсную праграму “Вагон забаў”, змаглі прыняць удзел у танцавальнай праграме “Open-air”.
А потым неба расквеціў рознакаляровы салют. Яго струменьчыкі рассыпаліся ў цемры, ствараючы мудрагелістыя ўзоры. Красачны калейдаскоп каляровых іскрынак быў відаць з розных кропак райцэнтра, і позіркі тысяч гараджан пэўны час былі накіраваны менавіта туды.
Свята прайшло, і работнікі чыгункі вярнуліся да сваіх звычайных абавязкаў…
Іна Заскевіч.
Фота Ніны Царык.